"Рынак жыллёвай нерухомасці "ажыве" не раней чым праз паўгоддзе". 21.by

"Рынак жыллёвай нерухомасці "ажыве" не раней чым праз паўгоддзе"

08.10.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Прыкладна з сакавіка сёлета другасны рынак кватэр у сталіцы перажываў не лепшыя свае часы. За гэты час на рынку істотна паменшылася колькасць прадаўцоў жыллёвай нерухомасці, а рэальныя пакупнікі ўвогуле амаль зніклі. Эксперты тады патлумачылі мінімальную актыўнасць удзельнікаў рынку немагчымасцю набываць у свабодным продажы замежную валюту. У апошнія некалькі тыдняў сітуацыя з валютай змянілася, але...

Рэальных пакупнікоў пакуль не пабольшала

Старшыня савета Беларускай асацыяцыі "Нерухомасць" Мікалай Прасталупаў адзначае, што апошнія падзеі на наяўным валютным рынку, калі ў людзей з'явілася магчымасць набываць долары па рынкавым кошце, практычна ніяк не паўплывалі на агульную актыўнасць патэнцыйных пакупнікоў жылля. Курс замежнай валюты даволі высокі ў абменніках, акрамя таго, ён не стабільны, бо працягвае вагацца ў розныя бакі. Калі набываць у прыватнікаў замежную тэхніку ці іншыя тавары за 200—300 долараў, то ад курсавых ваганняў можна страціць да 100 тысяч беларускіх рублёў. Жыллё ў сталіцы каштуе значна даражэй, таму і няўдалая канвертацыя валюты можа ўдарыць па кішэні ўжо на дзясяткі мільёнаў рублёў. Акрамя гэтага, банкаўскія крэдыты пад жыллё на агульных падставах пачалі "зашкальваць" да 30 працэнтаў гадавых і больш. Браць такія дарагія крэдыты і купляць за іх валюту па сённяшнім кошце — на такі крок сёння згаджаюцца адзінкі. Але галоўнае, што тармозіць рынак, гэта няўпэўненасць людзей у заўтрашнім дні. Нават многія людзі з параўнальна стабільнымі заробкамі пакуль не зусім вераць у тое, што сённяшняя складаная эканамічная сітуацыя ў краіне вельмі хутка стабілізуецца, упэўнены Мікалай Прасталупаў.

Вялікая частка патэнцыйных пакупнікоў жылля спадзяецца, што надалей жыллё патаннее, а таму цяпер купляць кватэры не спяшаецца. Аднак спецыялісты адзначаюць, што ў бліжэйшай перспектыве новага жылля ў Мінску камерцыйныя структуры будуць будаваць значна менш. Цяпер прыватнае долевае будаўніцтва ўжо не будзе ніколі фінансавацца за кошт ільготных крэдытаў чаргавікоў. Таму істотнага і хуткага патаннення ў сярэднетэрміновай перспектыве не будзе.

Купляецца толькі таннае жыллё

Калі раней, у дакрызісны час, людзі з грашыма цікавіліся ў першую чаргу якасным жыллём у добрым доме і ў патрэбным ім мікрараёне сталіцы, то цяпер амаль усе патэнцыйныя рэальныя пакупнікі шукаюць жыллё, кошт якога павінен быць абавязкова ніжэйшы за рынкавы. Сёння нават сапраўды якасныя кватэры ў ліквідных мікрараёнах па сярэднерынкавых цэнах ужо нікога не цікавяць.

Мінімальныя кошты невялікіх па плошчы аднапакаёвых кватэр вагаюцца ў межах 35—37 тысяч долараў. Сёння ў цэнавым дыяпазоне да 40 тысяч долараў можна адшукаць не толькі слабенькую "хрушчоўку" ў старых пяціпавярхоўках, але і невялікую стандартную кватэру ў звычайных дзевяціпавярховых дамах. Самая вялікая колькасць прапановы па аднапакаёвых кватэрах прыпадае на цэннік ад 42 да 55 тысяч долараў. Аднапакаёвую кватэру па такім кошце сёння можна набыць, бадай, у любым раёне сталіцы. Максімальны кошт якасных аднапакаёвак з эканом-класа ў цэнтральным раёне Мінска дасягае 65—85 тысяч долараў. Элітнае двухпакаёвае жыллё мае сучасны індывідуальны дызайн, вялікую агульную плошчу і каштуе часам да 100 тысяч долараў і больш. Увогуле, згодна са статыстыкай інфармацыйнага каталога "Нерухомасць Беларусі", сярэдні кошт квадратнага метра агульнай плошчы аднапакаёвых кватэр у Мінску складае 1367 долараў. Штотыдзень гэты сярэдні цэннік па аднапакаёўках губляе па 3—5 долараў. Насамрэч рэальна кватэры купляюцца толькі тады, калі жыллёвы квадрат будзе каштаваць не даражэй за 1200—1250 долараў. На сталічным рынку сёння хапае і недарагіх двухпакаёвых кватэр. Самыя маленькія "хрушчоўкі" ў старых дамах з агульнай плошчай да 42 квадратных метраў каштуюць ад 40 да 45 тысяч долараў. Старыя двухпакаёўкі плошчай ужо да 48 квадратных метраў прапануюцца ўжо ад 47 да 52 тысяч долараў. Самы распаўсюджаны кошт звычайных стандартных двухпакаёвак вагаецца ў межах ад 55 да 65 тысяч долараў. Сярэдні кошт квадратнага метра двухпакаёвак складае 1356 долараў.

Сапраўды якаснае двухпакаёвае жыллё ў цэнтры горада мае цэннік ад 120 да 150 тысяч долараў. Элітныя і прасторныя двухпакаёвыя кватэры (плошча каля 70—80 квадратных метраў) прапануюцца пакупнікам ужо за 180—230 тысяч долараў.

Ёсць у Мінску і вельмі танныя трохпакаёвыя кватэры. Гэта "хрушчоўкі" ў старых пяціпавярховых дамах. Плошча такога жылля складае ад 49 да 56 квадратных метраў, а каштуе яно ад 50 да 59 тысяч долараў.

Як бачым, цяпер на рынку існуе такая тэндэнцыя, калі вельмі дрэнныя па якасці кватэры працягваюць і надалей таннець. Атрымліваецца, што кошт квадратнага метра вельмі слабенькіх шматпакаёвак набліжаецца да тысячы долараў. Аднак крыху лепшыя па якасці трохпакаёўкі прапануюцца ўжо за 65—70 тысяч долараў. Самы распаўсюджаны кошт стандартных трохпакаёвак складае 78—90 тысяч долараў.

А вось для людзей з вялікімі фінансавымі магчымасцямі ў Мінску існуе каля 20 варыянтаў шыкоўных трохпакаёвых кватэр (агульнай плошчай ад 80 да 130 квадратных метраў), якія каштуюць у межах ад 170 да 350 тысяч долараў.

Патанненне працягнецца да вясны?

Мікалай Прасталупаў лічыць, што людзі пачнуць больш актыўна займацца сваім жыллёвым пытаннем на другасным рынку толькі праз паўгоддзе. Гэта пры ўмове, што больш ніякіх сур'ёзных змен вакол валюты і цэн на тавары ўжо не будзе. Калі тэндэнцыя на патанненне стандартных кватэр захаваецца на ўзроўні 5 працэнтаў за месяц, то ў пачатку наступнага сезона ў лютым усё жыллё патаннее ў доларавым эквіваленце прыкладна на 20 працэнтаў, дае такі смелы прагноз Мікалай Прасталупаў.

Сяргей КУРКАЧ.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прыкладна з сакавіка сёлета другасны рынак кватэр у сталіцы перажываў не лепшыя свае часы. За гэты час на рынку істотна паменшылася колькасць прадаўцоў жыллёвай...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика