"Царская рыба" вярнулася ў Прыпяць. 21.by

"Царская рыба" вярнулася ў Прыпяць

11.10.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Напрыканцы мінулага тыдня на ўзбярэжжы Прыпяці, непадалёку ад Лунінца, на тэрыторыі Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка "Сярэдняя Прыпяць" адбылася міжнародная акцыя па зарыбленні ракі сцерляддзю.

Калі быць зусім дакладным, то моладзь сцерлядзі была ўрачыста і пяшчотна выпушчана на новае месца жыхарства ў рамках міжнароднага праекта "Палессе". Яго поўная назва гучыць даволі мудрагеліста: "Стварэнне ўмоў для ўстойлівага функцыянавання сістэмы ахоўных водна-балотных угоддзяў у Беларускім Палессі (павышэнне эфектыўнасці іх кіравання і ўдасканаленне практыкі землекарыстання)". Акцыя была ініцыяваная Праграмай развіцця ААН, Глабальным экалагічным фондам (ГЭФ) і рэалізаваная пры актыўным удзеле Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя нашай краіны, а таксама ўсебаковай падтрымцы райвыканкама. Такім чынам, запуск каштоўнай рыбы — сумесная справа некалькіх зацікаўленых у яе вяртанні бакоў. Бо сцерлядзь у 1981 годзе была занесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі як папуляцыя, якая знаходзілася на мяжы знікнення. А яна, між іншым, адзіны прадстаўнік сямейства асятровых у Беларусі. Цяпер вось з'явілася надзея і шанцы з часам выкрасліць назву гэтай каштоўнай рыбы з сумнага спіса Чырвонай кнігі. Таму да акцыі старанна падрыхтаваліся.

Вядома, Прыпяць — рай для рыбакоў. Але не толькі з гэтай прычыны рака была абраная для зарыблення. Участак Прыпяці побач з Лунінцам па якасці вады, наяўнасці добрай кармавой базы, арганізацыі аховы прыродных багаццяў удала падыходзіць для гэтай мэты. Увогуле, заказнік "Сярэдняя Прыпяць" уяўляе сабой найбуйнейшы кавалак рачной поймы, на якім размешчаны і нізінныя балоты, і пойменныя азёры, і старыцы. Толькі на тэрыторыі Лунінецкага раёна Прыпяць мае некалькі прытокаў: Бобрык, Цна, Смердзь, Лань і Случ. У вадаёмах Прыпяці шмат рознай рыбы: шчупак, лешч, язь, судак, сом, лінь і іншыя. Нездарма гэтая тэрыторыя мае міжнародны статус так званых Рамсарскіх угоддзяў, якія маюць асаблівую каштоўнасць для планеты. А калі казаць навуковай мовай, то выпушчаныя ў мінулую пятніцу рыбіны адпавядаюць зыходным генетычным маркерам ранейшай папуляцыі прыпяцкай сцерлядзі. Такі вось навукова абгрунтаваны падыход, які цалкам адпавядае жорсткім правілам забароны выпуску ў беларускія вадаёмы чужародных відаў рыбы.

На думку Антоніуса Брука, прадстаўніка ААН у Беларусі, вяртанне сцерлядзі ў Прыпяць — падзея нацыянальнага значэння. Ён падкрэсліў зацікаўлены ўдзел і падтрымку мясцовых улад, супрацоўнікаў заказніка, іх адданасць справе захавання роднай прыроды. Асаблівую падзяку Брук выказаў кіраўніку Мінпрыроды за эфектыўнае супрацоўніцтва і надзейнае партнёрства. Па словах Антоніуса Брука, Праграма развіцця ААН удзельнічае і будзе працягваць удзел у многіх праектах па захаванні біяразнастайнасці ў Беларусі. Хаця, як прызнаўся Брук, ён не вельмі любіць рыбныя стравы нават з дарагіх і каштоўных відаў рыбы, калі і ўжывае яе, то толькі трошкі. Відаць па ўсім, гэты галандзец аддае перавагу рыбе ў жывой прыродзе, а не на абедзенным стале. Трэба было бачыць, як ён асцярожна браў з пластмасавай лодкі, спецыяльна запоўненай для ганаровых удзельнікаў акцыі маладой сцерляддзю, у рукі рыбіну і пяшчотна выпускаў яе на волю. У адрозненне ад іншых, якія проста кідалі сцерлядзь у ваду. Дарэчы, яе маладняк зусім не быў падобны на малькоў у нашым звыклым уяўленні. Гэта былі жвавыя рыбіны даўжынёй 30-40 сантыметраў.

Наша даведка

<І>Статус "царскай рыбы" сцерлядзь набыла яшчэ ў сярэднявеччы. Яе звычайна падавалі на стол рускіх манархаў. Іван Грозны патрабаваў амаль штодзённа гатаваць сцерлядзь. А Пётр І, каб не залежаць ад перабояў з пастаўкамі сцерлядзі, загадаў разводзіць гэтую смачную рыбу ў Пецяргофе. Ды і сёння стравы са сцерлядзі ўваходзяць у меню афіцыйных абедаў і вячэр, якія даюцца на дзяржаўным узроўні ў гонар першых асоб — прэзідэнтаў і прэм'ераў. Напрыклад, "Сцерлядзь "Імперыял" у падліўцы з шампанскага" ці "Рулет са сцерлядзі, фаршыраваны ракавымі хвосцікамі".

Міністр Уладзімір Цалко паведаміў, што выпуск больш як 700 асобін сцерлядзі — гэта другая па ліку такая акцыя. Летась у Прыпяць было выпушчана прыкладна столькі ж гэтай старой новай рыбы. Чаму старой? А таму, што некалі — прыкладна сто гадоў таму — сцерлядзь вадзілася ў "беларускай Амазонцы", як часам называюць Прыпяць, у значнай колькасці. Мясцовыя рыбакі здабывалі яе ў прамысловых маштабах і на вазах везлі на продаж аж у Мінск. Дык вось, выпушчаная летась сцерлядзь, па заключэнні спецыялістаў, прыжылася ў рацэ, набрала вагу. Таму сёлета вырашылі замацаваць поспех чарговай партыяй малькоў сцерлядзі, сказаў Уладзімір Цалко.

Хоць, на мой погляд, мальком гэтую двухгадовую рыбіну можна назваць вельмі ўмоўна. Яе вырасцілі ў мясцовай рыбнай гаспадарцы "Сялец" з ікры, якую набылі за сродкі праекта ў адной з краін СНД: у Расіі ці ва Украіне. Прычым куплялі ікру сцерлядзі, генетычна родасную былой прыпяцкай сцерлядзі, каб працэс адаптацыі ў беларускай рацэ праходзіў як мага больш спрыяльна.

Заўважым: і першая, і другая партыя маладняку сцерлядзі была набытая за грошы, выдаткаваныя на фінансаванне праекта "Палессе". Сёння, па словах міністра, многія аўтарытэтныя міжнародныя арганізацыі, як, напрыклад, ААН і ГЭФ, разумеюць вялікую важнасць падтрымкі намаганняў беларускіх улад па зберажэнні прыроды, у прыватнасці, вяртанні ў яе такіх рэдкіх відаў рыбы, як сцерлядзь. Бо прырода Беларусі — унікальная па многіх пазіцыях. Рэдка дзе ў Еўропе сустрэнеш такую багатую флору і фаўну. Іх захаванне — у інтарэсах жыхароў усяго кантынента.

Узнікае натуральнае пытанне: а калі ж мы зможам убачыць сцерлядзь у крамах? Скажам шчыра: не хутка. Па прыблізным прагнозе кіраўніка Мінпрыроды, не раней чым праз дзесяць гадоў. Спачатку трэба даць час ёй, сцерлядзі, замацавацца ў Прыпяці, потым дастаткова распаўсюдзіцца па вадаёмах Беларусі, каб можна было дазволіць яе аматарскі адлоў, а ўжо затым здабываць на прамысловай аснове. З гэтай нагоды Уладзімір Рыгоравіч звярнуўся да аматараў-рыбакоў, якія адпачываюць з вудай на Прыпяці, не браць у якасці трафея сцерлядзь, а калі тая часам трапіць на кручок, адпускаць яе назад, у ваду. Між іншым, такія станоўчыя прыклады ашчадных адносін ужо ёсць. Сёлета некаторыя рыбакі вярталі рацэ яе новых жыхароў. Дзякуй ім за гэта, сказаў на развітанне міністр. І выказаў упэўненасць: з часам мы будзем лавіць сцерлядзь да нашага стала.

Леанід Лахманенка. Лунінецкі раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напрыканцы мінулага тыдня на ўзбярэжжы Прыпяці, непадалёку ад Лунінца, на тэрыторыі Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка "Сярэдняя Прыпяць" адбылася...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика