Полымя ружовых верасоў. 21.by

Полымя ружовых верасоў

28.10.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Нават у шэры асенні дзень у лесе цікава і прыемна, а калі хто-небудзь лічыць наадварот, то сам у гэтым вінаваты. Вось і зараз вырашыў я наведаць свае запаведныя мясціны, якія, здаецца, нічым асаблівым і не адметныя, ды толькі трэба выбраць час, каб нікуды не спяшацца, поўнасцю адчуць хараство прыроды ў кастрычніку. І тады душа напоўніцца трапяткім пачуццём любові да роднай зямлі, ты быццам прасвятлішся, станеш дабрэйшым. Вядома, крыху тужліва, што прырода заціхае, рыхтуецца да зімы, але ж, паўтараю, і ў такую пару года лес падорыць табе шмат хвалюючых уражанняў, трэба толькі больш уважліва прыглядацца да дрэў, кустоў, траў, не толькі любавацца, але і адчуваць іх...

На ўскрайку лесу — высокае, пясчанае месца, тут ва ўсе бакі разышлі­ся гонкія сосны, іх пошум у гэты асенні дзень прыніжаны і лёгкі. Паміж сосен быццам разасланы вялізны зялёны дыван, расшыты ліловым, ружовым, фіялетавым колерамі. Гэта верасовая мясціна, больш такой у нашым лесе няма. І я заўсёды прыходжу сюды з нейкай унутранай трывогай: хаця б хто-небудзь не зруйнаваў такую прыгажосць. Справа ў тым, што аднойчы па гэтым лесе пранёсся шалёны ўраган, паламаў, вывернуў з каранямі шмат дрэў. Леснікі працавалі тут усё лета, прыбіралі пакалечаныя сосны, яліны, бярозы. І дарога, па якой цяжка гружаныя машыны вывозілі бярвенне, ледзь не прайшла праз гэтыя цудоўныя верасы. Дзякуй леснікам, збераглі мясцінку.

Верас — дзіўная расліна, цвіце ўсё лета і да самай позняй восені. Паколькі мясціна, аб якой мая гутарка, не хаваецца ў глыбіні лесу, а знахо­дзіцца на прасторным ускрайку, дык тут прыволле для пчол. Рупліва і старанна летам перабіраюць яны кветачку за кветачкай, спяшаючыся, пакуль спрыяльнае надвор’е, узяць і прынесці ў свае вуллі як мага больш салодкага нектару. Многія пчалаводы-аматары ставяць верас на адно з першых месцаў сярод меданосаў.

А яго лекавыя ўласцівасці! Расліна надзвычай багатая на розныя мікра­элементы, кіслоты, дубільныя рэчывы, смолы... Калі вы хочаце пазбавіцца ад парушэнняў нервовай сістэмы, то ў аптэчным зборы, які купіце, абавязкова павінен быць і верас. У народнай медыцыне верас ужываюць пры лячэнні нырак, печані, страўніка, рэўматызму, падагры, туберкулёзу...

Ніколі і нідзе больш не бачыў я такіх верасоў, як у нарачанскіх лясах. Аднойчы мой знаёмы, мясцовы жыхар, запрасіў мяне восенню прыехаць туды па грыбы, ён добра ведаў, як я люблю гэтае ціхае паляванне. І вось мы ходзім у вясёлым сасновым бары. Ціхая лагодная раніца, між дрэў трымаецца лёгкі туман. Трава надзвычай расістая і свежая. Самая грыбная пара, што тут гаварыць. А я уражаны верасамі, якія разліваюцца навокал ружовым полымем. Асабліва яны багатыя і густыя на ўтульных палянках. Спыняюся, каб палюбавацца, і вось радасць: сярод ружовага верасу тырчыць цёмна-карычневая грыбная шапка. Падыходжу да гэтага цуду, акуратна адводжу галінкі расліны — перада мною на тоўстым карані пузаты грыб. Такі самадавольны, упэўнены, бы той купец пасля ўдалага кірмашу.

У мяне з дзяцінства прывычка: калі ўбачу грыб — ні ў якім разе не спяшаю­ся яго зразаць. Пастаўлю тут кошык і хаджу вакол, уважліва вывучаючы гэты куточак. Як правіла, кампанію першаму грыбу складзе яшчэ адзін ці два, а калі асабліва пашанцуе, то і цэлая сям’я такіх прыгажуноў.

Тады ў нарачанскіх лясах такая ўдача выпадала мне часта. Ах, колькі ж было захаплення і радасці! Памятае­це, у знакамітай «Новай зямлі» Якуба Коласа: «Хіба ж не міл і час такі// На схіле лецейка, пад восень,// Калі на верасах між сосен// Пачнуць расці баравікі».

Я ўспомніў тыя мае грыбныя прыгоды ў нарачанскіх лясах цяпер, калі завітаў на сваю верасовую паляну. Тут ужо, канешне, няма такога густога, непаўторнага водару, як летам, не чуваць і пчалінага звону. Але мясціна па-ранейшаму радуе вока і зачароў­вае. Верас — вечназялёная расліна. Да таго ж яго кветачкі не ападаюць, а проста засыхаюць на галінках і трымаюцца доўга-доўга. Яны надзвычай пяшчотныя, далікатныя адмыслова ўпрыгожылі гэтае покрыва ружовым, жывым полымем у пахмурную восень...

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нават у шэры асенні дзень у лесе цікава і прыемна...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика