Калі душа спявае
04.11.2011
—
Новости Общества
|
Гэта была падзея. Зала Беларускай дзяржаўнай філармоніі поўнілася гукамі чароўных рамансаў непараўнальнай Маргарыты Івануш — уладальніцы Гран-пры міжнароднага конкурса “Залатая хрызантэма” ў Румыніі. Яна спявала на трох мовах — малдаўскай, рускай і беларускай. Пяшчотны голас кранаў душу. “Не магу стрымаць слёз, — прызналася суседка з вільготнымі вачыма, з якой мы побач сядзелі ў зале на канцэрце спявачкі . — Гэта ж песні і маёй маладосці…” Гучалі знакамітыя “Люблю цябе, Белая Русь”, “Дзве ружы”, “Белая акацыя”. Мая суразмоўца яшчэ прашаптала, што артыстка доўгі час жыла ў Беларусі, таму спявае без акцэнта.
Потым мы размаўлялі з Маргарытай Івануш у таварыстве “Радзіма”. “Кожную сустрэчу з Беларуссю чакаю з асаблівым нецярпеннем і хваляваннем, — гаварыла спявачка. — Гэта краіна майго юнацтва, таму для мяне яна — заўсёды самая прыгожая. Тут жывуць сябры, шмат маіх прыхільнікаў”. Яна ўжо трыццаць пяць гадоў у Кішынёве, але і Беларусь для артысткі шмат значыць. “Бацькі з далёкай Поўначы прыехалі ў Гомель. Там я вучылася, займалася музыкай. У Гомелі ж пачынала працаваць у абласной філармоніі — у эстрадным калектыве. Там выйшла замуж, нарадзіла дачку”, — з усмешкай узгадвае Маргарыта Івануш. І хоць сваёй Радзімай спявачка лічыць увесь зямны шар, бо шмат краін давялося аб’ездзіць з гастролямі, Беларусь для яе назаўсёды — родная. Як жывецца ў Малдове? “Вельмі люблю гэту дзівосную сонечную краіну, — не хавае пачуццяў зямлячка. — Там я пазнаёмілася з кампазітарам Яўгенам Догай, мы доўга працавалі разам”. Пад час канцэрта, лічыць Маргарыта, можна пражыць цэлае жыццё — гэта калі артыста разумее і адчувае зала. Прычым для яе не мае розніцы, дзе спяваць — у Міланскай оперы ці сельскім клубе. Сцэнай жыццё спявачкі, зразумела, не абмяжоўваецца. Шмат для яе значыць сям’я. “Без падтрымкі родных, іх любові — ніколі я б не адбылася як артыстка”, — упэўнена М. Івануш. Яна выкладае спевы ў музычным ліцэі ў Кішынёве, узначальвае Таварыства малдаўска-беларускай дружбы, сябруе з актывістамі беларускай суполкі. “Мяне вельмі бянтэжыць, што Беларусь для малдаван стала замежжам, што мы, родныя людзі, цяпер як іншаземцы адзін для аднаго… — нечакана ўсхвалявалася Маргарыта Івануш. — Таму я раблю ўсё, што ў маіх сілах, каб зноў зблізіць людзей, духоўна аб’яднаць іх”. Таварыства беларуска-малдаўскай дружбы штогод ладзіць Дні Беларусі ў Малдове, удзельнічае у Днях Малдовы ў Беларусі, праводзіць фестывалі беларускіх фільмаў, мастацкія выставы. У гасцях у малдаван пабывала шмат артыстаў, мастакоў, творчых калектываў з нашай краіны. “Патрэба ў такіх кантактах вялікая”, — упэўнена спявачка. Пэўна, дзякуючы такім людзям, як Маргарыта Івануш — адкрытым, простым, неабыякавым — і доўжыцца жыццё. Сваім мастацтвам яна ўзбагачае душы людзей, а добрай ўсмешкай сагравае сэрцы. І энергіі гэтай жанчыны, здаецца, хопіць, каб зрабіць лепшым увесь свет. Кацярына Мядзведская Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэта была падзея. Зала Беларускай дзяржаўнай філармоніі поўнілася гукамі чароўных рамансаў непараўнальнай Маргарыты Івануш — уладальніцы Гран-пры міжнароднага...
|
|