Часам сацработніку давяраюць нават больш, чым сваякам. 21.by

Часам сацработніку давяраюць нават больш, чым сваякам

26.11.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

24 лістапада ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Пухавіцкага раёна прайшоў традыцыйны агляд-конкурс "Лепшы сацыяльны работнік года". За гэта званне змагаліся 7 канкурсантак, якія апынуліся ў ліку лепшых пасля падвядзення вынікаў працы за год.

"Добры дзень, Вольга! Піша вам сацыяльны работнік вашай мамы Святланы Мікалаеўны Савіцкая Аксана.

Была ў яе сёння, наведвала, дапамагала. Шмат чула ад яе добрых і далікатных слоў у ваш адрас. Расказвае, якая вы добрая і клапатлівая дачка, як ёй пашанцавала з вамі. Але мы з вамі ведаем, што вы ўжо даўно не наведвалі яе. У мяне да вас вялікая просьба: прыязджайце да яе часцей, не забывайце, яна вас любіць і чакае..."

Такі ліст напісала ўдзельніца конкурсу на адным з яго этапаў, выконваючы заданне "Сацыяльны работнік піша дзецям". Так, не здзіўляйцеся, у рэальным жыцці таксама, бывае, сацыяльнаму работніку прыходзіцца пісаць лісты ад сваіх падапечных пад дыктоўку, а то і самому праяўляць такую ініцыятыву.

А яшчэ сацработніку даводзіцца насіць цяжкія сумкі з прадуктамі, даглядаць за хворымі, часам ляжачымі, стаяць у чэргах у паліклініцы, каб выпісаць рэцэпт на лекі, а затым атрымаць іх у аптэцы і даставіць на дом хвораму чалавеку. Але не толькі гэта. Яго працу нельга выконваць механічна: прыйшоў, прынёс, прыбраў. Гэтага мала, бо пажылыя людзі ў першую чаргу маюць патрэбу ў душэўнай падтрымцы, іх трэба выслухаць, паспагадаць, падбадзёрыць. Тут патрэбен жыццёвы вопыт і асаблівыя душэўныя якасці: развітая інтуіцыя, уменне суперажываць чужому гору. Таму сярод конкурсных заданняў на аглядзе-конкурсе былі не толькі такія, як "Гаспадынька", "Паход у краму", але і ўжо згаданае "Ліст дзецям", а таксама экспрэс-экзамен на праверку прафесійных ведаў і інш.

Усе ўдзельніцы конкурсу былі на вышыні. Яны паказалі не толькі гаспадарчы спрыт, але і такія якасці (якія, на жаль, становяцца ўсё больш рэдкімі ў нашым жыцці), як цярплівасць, душэўнасць, шчырасць, добрасумленнасць. Без іх не затрымаешся ў гэтай прафесіі. За ўсіх дружна "хварэлі" іх калегі. Па выніках конкурсу лепшым сацыяльным работнікам 2011 года стала Ларыса Раманюк, якая абслугоўвае жыхароў Дукорскага сельсавета і працуе тут ужо амаль 15 гадоў.

Яна ведае, што, прыходзячы ў дом да сваіх бабуль і дзядуляў, трэба быць заўсёды ў добрым настроі. Калі не яе ўсмешка, то чыя яшчэ? Для старых яна не проста памочнік па гаспадарцы. "Мы ўжо амаль як родныя", — усміхаецца Ларыса Міхайлаўна. Сябруе яна і з дзецьмі сваіх падапечных. Нават з дзецьмі тых з іх, якія ўжо памерлі, да гэтага часу падтрымлівае кантакты. "Калі прыязджаюць, заўсёды падыходзяць пагаварыць", — кажа яна.

Сама Ларыса Міхайлаўна пераехала ў гэтыя месцы з Брагінскага раёна ў 1992 годзе. "Нікога не было побач са сваякоў, я прыязджала да бабуль і дзядуляў і адводзіла душу", — распавядае яна. Не дзіўна, што падапечныя прывязаліся да яе, а яна да іх. Давяраюць ёй нават больш, чым сваякам: "У мяне ёсць бабуля, якая давярае мне сваю пенсію, я вяду ўлік усіх яе расходаў, запісваю ўсё капеечка ў капеечку".

* * *

Для многіх адзінокіх, нямоглых старых, інвалідаў работнікі сацыяльнай службы часам становяцца самымі блізкімі, самымі дарагімі, амаль роднымі людзьмі. Яны падстаўляюць сваё плячо, працягваюць руку, знаходзяць добрыя словы, падбадзёрваюць і суцяшаюць. Таму некаторыя падапечныя прыкіпаюць душой да свайго сацработніка, перажываюць, калі той сыходзіць на бальнічны, у адпачынак, а калі прыходзіць, хочуць затрымаць яго ў сябе даўжэй. Хоць, вядома, каб заслужыць такое стаўленне да сябе, трэба не адзін год добрасумленна і з любоўю працаваць, быць цярплівым, уважлівым, добрым.

"Гэта цяжкая праца, якая патрабуе вялікай самааддачы. Таму адна з мэт нашага конкурсу — павысіць прэстыж прафесіі, статус працы сацыяльнага работніка, такой патрэбнай, запатрабаванай і нялёгкай, — кажа дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Пухавіцкага раёна Аляксандр Васілеўскі, які стаяў ля вытокаў гэтай службы ў раёне і аддаў ёй 25 гадоў свайго жыцця. — Але ў нас у раёне гэта прэстыжная прафесія. Людзі з задавальненнем ідуць на гэтую працу. Асноўны наш касцяк складаюць работнікі, якія працуюць больш за 10 гадоў. Але і моладзь у апошні час таксама прыходзіць".

Святлана Бусько.

Фота Ганны Яблонскай.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
24 лістапада ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Пухавіцкага раёна прайшоў традыцыйны агляд-конкурс "Лепшы сацыяльны работнік...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика