Край старавераў. 21.by

Край старавераў

08.12.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У кіраўскіх старавераў — старыя рускія імёны, якія, дарэчы, зноў увайшлі ў моду, але тут яшчэ і падмацаваныя такімі ж імёнамі па бацьку і старадаўнімі рускімі прозвішчамі. Тут здаецца часам, што трапіў у дарэвалюцыйны твор рускага класіка.

Але гэта і натуральна: продкі цяперашніх старавераў, што жывуць у вёсках Кіраўшчыны, прыйшлі на беларускія землі з расійскай глыбінкі і да нядаўніх часоў стваралі сем'і толькі са сваімі — у сэнсе веры, нацыянальнасці і абшчыны.

Таму і атрымалі ў мясцовых людзей асобную назву: старавераў дасюль называюць кацапамі (значыць — рускімі), і стараверы зусім на гэта не крыўдуюць, а нават ганарацца тым, што жывуць па-свойму.

Духоўныя каштоўнасці і надзённая праца

Клаўдзія Цімафееўна і Афанасій Фаміч Сямёнавы — жыхары Скрыпліцы. Яны паважаныя вясковыя пенсіянеры, якія лічаць, што іх рэлігія ўсё яшчэ мае вялікую моц.

— Стараверы з'явіліся пры Пятры І, пасля расколу Нікана, — праводзіць лікбез для гасцей галава сям'і. — Пра іх найбольш ведаюць, што яны не стрыглі бароды і ў сям'ю пускалі толькі сваіх вернікаў, жылі па старадаўніх царкоўных канонах. Калі пайшлі на іх ганенні, то яны пабеглі хто куды. Шмат падалося на поўнач, а нашы продкі паехалі сюды. Знайшлі паляну ў лесе, расчысцілі яе і сеялі там хлеб. Так з'явілася некалькі стараверскіх паселішчаў у глухім лесе. Іх тут ніхто не чапаў.

Сам Афанасій Фаміч бараду не носіць: ён увогуле быў камуністам і за саветамі меў аўтарытэт у партыі і ў раёне, але гэта нібыта і не супярэчыла яго стараверскім перакананням.

— Я працаваў старшынёй калгаса, гаспадарку вывеў на дошку пашаны раёна, і за гэта на мяне свае не наракалі, бо я ўсё роўна застаўся ў душы стараверам, — гаворыць Сямёнаў. — Затое любая даярка вам скажа, што ніколі не чула ад мяне лаянкі. Увогуле стараверы заўсёды былі сумленныя людзі і працавалі шмат. Ды так працавалі, што некаторых лайдакоў пужалі: "Да кацапаў пойдзеш!"

Не важна, як называюць: галоўнае — сутнасць. Мужчына ўсе стараверскія законы лічыць надзвычай актуальнымі.

— Законы гэтыя справядлівыя і сумленныя, і з імі людзі зусім па-іншаму сябе паводзяць, — настойвае Афанасій Фаміч. — Раней пры жанчыне сказаць дрэннае слова — ніколі! А цяпер нават дзеці брыдка лаюцца. Нельга было піць і курыць. Аднойчы ў нас была гісторыя, калі мужчына ішоў з цыгарэтай, а жанчыны сядзелі на вуліцы, дык ён паклаў цыгарэту ў кішэню і пакуль вітаўся — фуфайка загарэлася! Раней дарослыя з цыгарэтамі хаваліся, саромеліся, а цяпер і дзяўчаты кураць!

— Нашым жанчынам нельга хадзіць у штанах, і нават калі сукенка крыху карацейшая, лічылася сорамам, — кажа Клаўдзія Афанасьеўна. — Але ходзяць жа: і з голымі жыватамі, і ў шортах гэтых, якія падобныя на ніжнюю бялізну, прабачце...

Звычайныя стараверскія сем'і — вялікія. У сям'і Афанасія Фаміча было 10 дзяцей, Клаўдзіі Афанасьеўны — пяцёра. Але ў саміх Сямёнавых — толькі двое дзяцей. Час уплывае на традыцыі, якімі б яны ні падаваліся спрадвечнымі і трывалымі. Апошнія паўстагоддзя маладыя людзі не імкнуцца строга выконваць стараверскія законы. Новыя павевы — гэта найперш, несумненна, змяшаныя шлюбы.

— Так, раней у нас жаніліся толькі на стараверках, а цяпер такога строгага правіла няма, — пацвярджае жанчына. — Але раней аж да войнаў даходзіла. А цяпер і ў нас: дачка пайшла за свайго, а сын, які, дарэчы, вельмі цікавіцца гісторыяй паморскага стараверства, ажаніўся з беларускай. Так што нездарма і нас ужо называюць "адшэльцамі" — тымі, хто адышоў ад сваіх законаў.

Але, тым не менш, на кожнае стараверскае свята Сямёнавы дастаюць старыя кнігі і чытаюць малітвы. На самым вялікім старадруку, які называецца "Мінея" (царкоўная кніга для чытання), — драўляная вокладка, абцягнутая скурай. Тэксты на пажоўклых старонках напісаны на стараславянскай мове. Клаўдзія Цімафееўна чытае іх напеўна і шмат што ведае на памяць. Гэтую і яшчэ стос старых кніг пакінуў у спадчыну бацька.

— Я не ведаю, колькі ім гадоў: дакладна, што больш за сотню, бо перадаюцца ў нас з пакалення ў пакаленне, — гаворыць жанчына і паказвае яшчэ адну сямейную рэліквію. Гэта металічны крыж з распяццем: ён цяжкі, здзіўляе яркімі фарбамі эмалі — блакітныя, зялёныя, жоўтыя мастацкія плямы. Колькі грошай могуць каштаваць такія рэчы — у сям'і старавераў нават ніколі і не думалі над гэтым. Для іх кнігі, крыж, абразы маюць не матэрыяльную, а духоўную каштоўнасць.

Правільнае жыццё і здаровая ежа

Сачэнь — гэта фірмовая стараверская страва. Выглядае як нейкія неахайныя бліны незразумелага бруднага колеру, а на смак — найсмачнейшыя бульбяныя чыпсы. Толькі ў адрозненне ад сучасных чыпсаў, замешаных на танным крухмале і шматлікіх хімікатах, стараверскія бульбяныя бліны цалкам натуральная, здаровая ежа. Вось толькі для таго, каб іх ужываць штодня, патрабуецца не толькі бульба і ўменне гаспадыні, але і печка. У гарадскіх умовах на газе такі цуд паўтарыць немагчыма, ахалоджваюць пыл заезджых аматараў сачней у Скрыпліцы.

Ды і стаяць каля той печкі даводзіцца нямала, што прадэманстравала нам Еўдакія Міхайлаўна Лебедзева.

— Значыць так: спачатку варым бульбу ў мундзірах, — камандуе яна. — Потым яе трэба пачысціць і астудзіць. Таўчы бульбу трэба ў ступе, але я сваю аддала ў музей. Таму будзе добра і любая каструля, у бульбу трэба дадаць троху мукі і пасаліць, а потым раскатаць кругамі. Перад гэтым спецыяльнай мяцёлкай з сасновых галінак трэба вымесці жар з печкі і пасадзіць туды сачэнь. Першыя атрымліваюцца мяккія, а наступныя можна толькі ламаць.

Гэта не надта прэзентабельна, але вельмі смачна. На аснове сачней пякуцца і пірагі. Для іх гатуецца так званая кропка — начынка з яблык, капусты, ячнай кашы.

— Ох, мая свякроў вельмі любіла з капустай, — ад успамінаў у нашай гаспадыні перахоплівае дыханне і на вачах з'яўляюцца (неверагодныя для большасці нявестак) слёзы жалю. — Свякроў жыла побач, і ўсяму мяне, маладую, навучыла. А мае нявесткі таксама навучыліся ад мяне рабіць пірагі, але ўжо не ў печы, а на газавай пліце.

На стале, акрамя сачней (ад якіх вельмі няпроста адарвацца) і пірагоў, таксама ёсць пышкі з макам і мёдам, і хатняе жэле, якое варыцца з клубнічнага кампоту.

— Свая ежа — гэта для старавераў важна, — тлумачыць Еўдакія Міхайлаўна. — Нашы старыя каўбасу не вельмі елі. Сачні, крупень, пірагі, пышкі, вараная капуста. Скачкі — так называлася бульба тоўчаная альбо ў мундзірах кавалкамі з алеем. Правільнае жыццё і харчаванне: мая свякроў пражыла 85 гадоў!

Вясковыя хаты старавераў упрыгожвае разьба па дрэве, пафарбаваная ў яркія колеры, якія даюць радасныя спалучэнні, — зялёны, блакітны, жоўты, белы. Драўляныя ліштвы звычайна выкананы ў шлюбна-сямейнай тэматыцы — напрыклад, два галубкі. Еўдакія Міхайлаўна, як і належыць дзяўчыне з узорнай сям'і старавераў, пайшла замуж за свайго.

— Мы жылі непадалёк, сябравалі, але потым неяк закахалася ў яго імгненна, за тыдзень, і пайшла замуж у 17 гадоў, — узгадвае яна. — Нам нібыта наваражылі! Казалі, што нашы сапраўды маглі такія цуды рабіць для маладых, якіх вельмі хацелі пажаніць бацькі. Ну, калі што, то я прызвычаілася і ні на каго не крыўдую. Нарадзіла траіх дзяцей, у мяне ўжо пяць унукаў.

Нягледзячы на размовы старога пакалення пра страты традыцый, усе дзеці Еўдакіі Міхайлаўны знайшлі каханне і свае палавінкі ў стараверскім асяроддзі. Можа, адбілася стаўленне прынцыповай свякроўкі, якая называла "нявернымі людзьмі" тых, хто не належаў да старой праваслаўнай веры. І вельмі сачыла за выкананнем рэлігійных і абшчынных законаў: толькі крок не ў належны бок зрабіў — тут жа заўвага.

— А цяпер мы ўжо глядзім толькі свае святы, — прызнаецца Лебедзева. — Троіца ў нас вельмі вялікае свята. І памінанне бацькоўскае, калі на могілках трэба кожнага ўзгадаць. У старавераў заўсёды былі вельмі строгія пасты: раней па тры дні нічога не елі літаральна! І яшчэ важная асаблівасць — пакаянне перад Вялікаднем: калі памірае чалавек пасля 33 гадоў, але ён не пакаяўся належным чынам, яго і адпяваць не будуць. Гэтую традыцыю паважаюць і нашы дзеці.

Праўда ў жыцці і парадак у свеце

Фёкла Агапаўна Лапухіна жыве ў вёсцы Капусціна, непадалёк ад стараверскай царквы. Гэта ёй зручна: жанчына — шчырая верніца, актывістка абшчыны.

— Фёкла — зноў моднае імя? — не верыць бабуля. — А я з ім столькі намучылася! Але нам (і так жа рабілі мы для сваіх дзяцей) давалі імёны толькі па кнізе. Таму што ў кожнага чалавека ёсць свой анёл, і калі імя няправільнае — анёл не знойдзе чалавека і не будзе яго ахоўваць.

Жанчыне 74 гады, і яна перажыла ганенні на сваю рэлігію, якая б, на яе думку, магла змяніць свет і адносіны ў ім людзей да лепшага.

— Я памятаю, як мяне не сталі ў царкву пускаць, — хітае галавой Лапухіна. — Участковы міліцыянер стаяў і загадваў ісці не ў царкву, а ў клуб. А што ў нашай рэлігіі такога дрэннага? Старэйшы ідзе — малодшы павінен зняць капялюш. Мужчына павінен вітацца з жанчынай першы. Хлопец перад дзяўчынай — ніводнага дрэннага слова. Калі б людзі жылі па нашых законах, іншы быў бы парадак на зямлі.

Цяпер стараверы збіраюцца кожную нядзелю ў сваёй царкве, якая месціцца ў вёсцы Капусціна.

— Людзям патрэбны добрыя традыцыі, — упэўнена Фёкла Агапаўна. — Яны вучаць нас не забіваць, не красці, паважаць старэйшых і адзін аднаго. А для нас, старавераў, няма большага граху на свеце, калі ты так пакрыўдзіў чалавека, што ён ад гэтага заплакаў.

Фёкла Агапаўна ўзялася расказаць гасцям пра традыцыі старавераў, якія захоўваюцца ў яе сям'і і ўвогуле ў абшчыне старавераў на Кіраўшчыне. Першае, што назвала жанчына: нельга працаваць у святы (маюцца на ўвазе — рэлігійныя).

— У час святаў працаваць можна толькі там, дзе цябе прымушаюць, дзе ты не гаспадар. Напрыклад, на заводзе. Але дома можна толькі прыбраць ды ежу прыгатаваць. Напярэдадні святаў — ніякіх пагулянак.

Яшчэ адно важнае адрозненне можна ўбачыць на мясцовых могілках: на стараверскіх пахаваннях крыж стаіць не ў галаве, а ў нагах нябожчыка: такім чынам, тлумачаць стараверы, яны рыхтуюцца да другога прышэсця, каб падняцца і не адвярнуцца ад крыжа.

Аднак не трэба думаць, што з-за адрозненняў стараверская абшчына жыве асобна ад іншых людзей. Увогуле ў гэтых вёсках Кіраўшчыны жывуць людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў.

— Паміж сабой мы добра кантактуем, толькі яны не ходзяць у нашу царкву. Вянчаюцца ў нас толькі стараверы, але ніхто не папросіць выйсці сведак ці гасцей, калі яны іншай веры. Няхай толькі хустку жанчыны надзенуць!

Лапухіна лічыць, што самае галоўнае ў жыцці — гэта вера і выкананне Божых запаведзяў. Яна расказвае, як гэта дапамагае ёй жыць. Напрыклад, калі памёр муж, яна не ведала, як застацца адной у цемры. Не ў філасофскім сэнсе, а ў літаральным.

— Я заўсёды баялася цемры. Як жыць? Стала перад абразом, заплакала і папрасіла: "Госпадзі, няхай я буду, як іншыя людзі". Пасля гэтай малітвы я пайшла, выключыла святло і легла адпачываць.

У Фёклы Агапаўны чацвёра дзяцей, якія раз'ехаліся з дому. Усім яна нязменна купляе царкоўныя календары, каб яны прытрымліваліся рэлігійных законаў. Старая ўпэўнена, што ад гэтага ёсць плён.

— Ці паверыце вы, які цуд здарыўся? — яна вагаецца, ці расказаць сямейную гісторыю. — Аднойчы мой унук паступаў ва ўніверсітэт і вельмі баяўся тэстаў. Я параіла прыйсці ў царкву, каб бацюшка блаславіў. Ён паслухаўся — і ўсё паспяхова здаў. Калі праз два гады другі ўнук паступаў, то сам папрасіўся ў царкву. Цяпер перад іспытамі заўсёды моляцца, гэта не пашкодзіць.

І апошні доказ цуда — старажытны абраз Багародзіцы, які захоўвае Фёкла Агапаўна. Рэліквію, якая перадаецца ў сям'і Лапухіной з пакалення ў пакаленне, усе Капусціны лічаць цудатворнай. Аднойчы, калі непадалёк гарэла хата і вецер падзьмуў на вёску, адна жанчына забегла ў хату да Агапаўны, схапіла абраз і кругам аббегла пажарышча.

— Вецер павярнуў у поле, вёска была выратавана, — узгадвае Фёкла Лапухіна. — І перад гэтым абразом я малюся за сваіх дзяцей, унукаў, усіх людзей. Як магу, так і малюся. Няхай Бог захавае іх паўсюль.

Свой звод жыццёвых правілаў

Жанна Міхайлаўна Рышкевіч, старшыня Скрыпліцкага сельскага Савета, не мае дачынення да "кацапаў", што адразу відаць па беларускім прозвішчы. Але ставіцца да старавераў, якія жывуць у вёсках на тэрыторыі сельсавета, з вялікай павагай і гаворыць, што яны цудоўныя людзі.

— Калі ішла сюды працаваць, то перажывала — я ж не стараверка, — усміхаецца жанчына. — Тым больш што ў мясцовых ёсць такая прымаўка: "Кацап з віламі страшнейшы за танк!" А цяпер я ім прызнаюся ў любові: яны працавітыя, сумленныя, адказныя.

Аднойчы ў гэтых мясцінах здарылася забойства. Гэта надзвычайная падзея для стараверскага краю, дзе, нягледзячы на часіны, працуе свой звод жыццёвых правілаў. Віноўніцай гібелі чалавека аказалася мясцовая жыхарка — не стараверка, але жанчына, якая прыехала сюды жыць. Узгадваюць, што на забойцу выйшла наракаць ледзь не ўся вёска: маўляў, як мог чалавек, які знайшоў тут добры прытулак, так не паважаць іншых і ўчыніць зло? Гэта для сапраўднага старавера незразумелая рэч.

Вядома, моладзь можа і адыходзіць ад некаторых законаў, якія яшчэ паўстагоддзя таму даваліся спрадвечнымі і непарушнымі. Але ж якасці людзей застаюцца і цэняцца. Стараверы звычайна маюць моцныя хатнія гаспадаркі і прыстойныя сем'і. У вёсках скажуць, што яны — самакрытычныя і заўсёды прызнаюць свае недахопы, нават з гумарам.

Натуральна, што ў сельсавеце Жанне Міхайлаўне даводзіцца кантактаваць з рознымі людзьмі: яна кажа, што стараверы з тых, хто прыйдзе прасіць дапамогі да ўладаў, калі ёсць на гэта патрэба, але пагодзіцца пачакаць і патрываць, калі ёсць такая неабходнасць.

— Яны заўсёды прыйдуць на дапамогу, — гаворыць Рыжкевіч. — Яны могуць спачуваць і разумець. І яны заўсёды імкнуцца не пакрыўдзіць іншых. На маёй асабістай памяці стараверы ўвогуле нікога не пакрыўдзілі. І гэта дарагога каштуе.

Драўляныя птушкі на вокнах, неверагодная чысціня ў вясковых хатах (ва ўсіх!),  тоўстыя каты з доўгай поўсцю, старанна ўпарадкаваныя сялянскія падворкі — такое вонкавае адрозненне жыцця старавераў. Нічога паказнога, але ўсё вельмі трывалае. Самі людзі — звычайныя вяскоўцы, вельмі ветлівыя, з добрымі тварамі. Можа быць, з першага погляду, толькі крыху больш стрыманыя ў эмоцыях. Але потым адчуваецца і важнае ўнутранае адрозненне: стараверы маюць не матэрыяльны, але маральны падмурак. Сапраўды дысцыплінаваныя, гаспадарлівыя людзі, якія не дазваляюць сабе распусціцца і скардзіцца на жыццё, а старанна працуюць і, па магчымасці, радуюцца жыццю. І сапраўды, гэта дорага каштуе ва ўсе часы.

Ілона Іванова. Фота аўтара.

Кіраўскі раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У кіраўскіх старавераў — старыя рускія імёны, якія, дарэчы, зноў увайшлі ў моду, але тут яшчэ і падмацаваныя такімі ж імёнамі па бацьку і старадаўнімі рускімі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика