Жанна Раманоўская: "Так хочацца пагаварыць па-беларуску". 21.by

Жанна Раманоўская: "Так хочацца пагаварыць па-беларуску"

16.12.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З Жаннай Раманоўскай, якая жыве ў Даўгаўпілсе — другім па велічыні горадзе суседняй Латвіі, — выпадкова пазнаёміўся ў віцебскім гарвыканкаме, дзе яна ўдзельнічала ў падпісанні пагаднення аб супрацоўніцтве  ў галіне інфармацыйнага абмену.

Жанна ўзначальвае, бадай, самы папулярны інфармацыйны партал рэгіёна Латгалія.

— Наш партал асвятляе падзеі ў Латгаліі, дзе больш за 320 тысяч чалавек насельніцтва, — расказвае Жанна Раманоўская, кіраўнік партала навін D-fаktі.lv. — Таксама на партале размяшчаем інтэрв'ю з кіраўнікамі ўлад гарадоў, структур самакіравання, буйных прадпрыемстваў, а таксама з артыстамі, якія прыязджаюць на гастролі. Вельмі запатрабаваныя таксама гутаркі з цікавымі людзьмі. Ёсць магчымасць у нашых чытачоў "напрамую" праз партал задаць пытанні і мэру Даўгаўпілса. Цесна і плённа супрацоўнічаем з гарадской думай. У прыватнасці, на партале размяшчаем тэлевізійны "прадукт", які вырабляюць супрацоўнікі прэс-службы думы.

Як расказала спадарыня Раманоўская, партал незалежны ад палітычных сіл, таму журналісты могуць быць адносна незалежнымі ў падачы навін. Партал зарабляе сабе грошы самастойна. З віцебскімі калегамі, якія таксама робяць даволі папулярны партал, але пры гэтым атрымліваюць падтрымку з боку гарвыканкама, будзе весціся цеснае супрацоўніцтва.

— Адпраўной кропкай для наладжвання супрацоўніцтва, можна сказаць, стаў віцебскі інвестыцыйны форум, які сёлета прайшоў у вашым прыгожым горадзе, — расказвае Жанна Раманоўская. — Мы пазнаёміліся з прадстаўнікамі гарвыканкама і вырашылі аб'яднаць дзве інфармацыйныя прасторы — Латвіі і Беларусі (у прыватнасці, Латгаліі і Віцебскай вобласці). Мы — суседзі, прычым нас яднае і рака — Заходняя Дзвіна (Даўгава). Таму жыхарам Латвіі цікава, як жывуць беларусы. У Віцебскай вобласці ёсць шмат таго, пра што трэба расказваць. У прыватнасці, у Віцебску ажыццяўляецца такі інфармацыйны праект, як "Мабільны горад", які вельмі карысны для развіцця турызму, спрыяе экспарту тавараў беларускай вытворчасці. Наогул мы хочам, каб прадпрымальнікі як Латгаліі, так і Прыдзвінскага краю атрымлівалі як мага больш інфармацыі па вядзенні бізнэсу, па інвестыцыях. Звычайным спажыўцам вельмі цікава прачытаць пра магчымасці турыстычных паездак. Пра тое, што можна ўбачыць на свае вочы ў Віцебску і вобласці ў цэлым. Таксама шмат цікавага ёсць для турыстаў у Латгаліі.

Спадарыня Раманоўская расказала, што партал, якім яна кіруе, супрацоўнічае і з літоўскімі партнёрамі — з тэлекампаніяй і газетай горада Вісагінаса. Адпаведна, навіны пра Віцебск і Беларусь змогуць прачытаць і ў Літве. Ды і наогул дзякуючы інтэрнэту з'явіцца дадатковая магчымасць "рэкламаваць" турыстычныя і эканамічныя магчымасці Прыдзвінскага краю ва ўсім свеце.

— Вы сказалі, што навіны на партале размяшчаюцца на рускай і латышскай мове. А ці няма планаў выстаўляць іх на сайт і на беларускай?

— У Латгаліі жывуць шмат беларусаў — калі не памыляюся, 13 працэнтаў ад колькасці ўсіх жыхароў. Для таго, каб адкрыць беларускую версію партала, спатрэбіцца шмат грошай. Штодня мы размяшчаем да шасці дзясяткаў "матэрыялаў" на дзвюх мовах. Таму наўрад ці недзяржаўны партал у бліжэйшай перспектыве зможа "пацягнуць" беларускую версію. Пры гэтым я разумею "падтэкст" вашага пытання. У горадзе, дзе жыве так многа беларусаў, няма беларускамоўнай школы, няма беларускай газеты. Можа, з іх трэба было б пачынаць? Пры гэтым у Даўгаўпілсе ёсць цэнтр беларускай культуры, дзейнасць якога фінансуе гарадская дума. Такі вось "ачаг" беларускай культуры, да якога "прымыкаюць" грамадскія арганізацыі — нацыянальныя культурныя таварыствы. І музей беларускай культуры ёсць, і невялічкі самадзейны тэатр. Нядаўна адбылася прэм'ера спектакля "Паўлінка". Беларусь — мая радзіма, таму і па-беларуску я чытаю з задавальненнем, хаця ў свой час скончыла рускую школу. На жаль, вельмі рэдка прыходзіцца гаварыць на роднай беларускай мове. Таму заўсёды прыемна, калі да мяне звяртаюцца па-беларуску. Думаю, калі б мела магчымасць пастаянна размаўляць на роднай мове, даволі хутка змагла б гаварыць без "акцэнту".

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З Жаннай Раманоўскай, якая жыве ў Даўгаўпілсе — другім па велічыні горадзе суседняй Латвіі, — выпадкова пазнаёміўся ў віцебскім гарвыканкаме, дзе яна...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика