300 настаўнікаў-лагапедаў чакаюць, калі Міністэрства адукацыі прызнае іх "сваімі". 21.by

300 настаўнікаў-лагапедаў чакаюць, калі Міністэрства адукацыі прызнае іх "сваімі"

25.01.2012 10:22 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

300 настаўнікаў-лагапедаў чакаюць, калі Міністэрства адукацыі прызнае іх "сваімі"


Дзіўная сітуацыя склалася ў рэспубліканскай лагапедычнай службе: настаўнік-лагапеды, якія працуюць ва ўстановах аховы здароўя і ва ўстановах адукацыі, аказаліся быццам на розных планетах. Для апошніх не змянілася нічога: у іх застаўся і 20-гадзінны працоўны тыдзень, і 56 дзён працоўнага водпуску. А для настаўнікаў-лагапедаў сістэмы аховы здароўя ў верасні мінулага года свет перавярнуўся з ног на галаву, калі яны не знайшлі сябе ў пастанове Міністэрства адукацыі, якая вызначала скарочаную працягласць рабочага часу асобным катэгорыям педагагічных работнікаў.

Спачатку паставіліся да гэтага як да прыкрай недарэчнасці, якую павінны хутка ліквідаваць, аднак, як высветлілася, ніхто не спяшаўся яе выпраўляць. Ці пра лагапедаў сістэмы аховы здароўя ўвогуле забыліся? Таму настаўнікі-лагапеды сталі пісаць у Міністэрства адукацыі, Міністэрства аховы здароўя, Беларускі прафесійны саюз работнікаў аховы здароўя, каб данесці да кіруючых органаў сваю пазіцыю. Завіталі яны і ў "Звязду", каб расказаць, у якіх умовах ім даводзіцца сёння працаваць. Нашы суразмоўцы — галоўны пазаштатны спецыяліст Камітэта аховы здароўя, настаўнік-лагапед Клаўдзія Дароніна, настаўнік-лагапед Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Упраўлення справамі Прэзідэнта Беларусі Алена Маркоўская і настаўнік-лагапед 32-й сталічнай паліклінікі Дыяна Сільчанка.

К.Д. — Больш як 60 гадоў дзейнасць настаўнікаў-лагапедаў, якія працавалі ва ўстановах аховы здароўя, рэгламентавалася Міністэрствам адукацыі. Гэта цалкам лагічна, бо ўсе мы — і лагапеды, якія працуюць у сістэме адукацыі, і лагапеды, якія працуюць у медыцынскіх установах, маем вышэйшую педагагічную адукацыю, займаемся педагагічнай дзейнасцю і выконваем функцыянальныя абавязкі педагога. 

Раней работа лагапедаў аховы здароўя рэгулявалася нарматыўна-прававымі дакументамі саюзнага значэння. Лагапед прыраўноўваўся да настаўніка старэйшых класаў і меў 18-гадзінную тыднёвую нагрузку (у Расіі, ва Украіне, Грузіі і сёння нічога не змянілася). А са з'яўленнем першых рэспубліканскіх нарматыўна-прававых дакументаў лагапеды сістэмы аховы здароўя і адукацыі былі аб'яднаныя ў адзіным кваліфікацыйным даведніку, і для ўсіх быў устаноўлены 20-гадзінны працоўны тыдзень. Пазней (у 2001, 2003, 2007 гадах) Міністэрства адукацыі ў сваіх пастановах рэгулявала работу педагогаў, у тым ліку і настаўнікаў-лагапедаў аховы здароўя. Але на нашу педагагічную нагрузку ніхто замахаў не рабіў. І ніхто не праводзіў мяжу паміж лагапедамі ўстаноў адукацыі і аховы здароўя.

Аднак летась, у сувязі з уступленнем у сілу Кодэкса аб адукацыі, пераглядалася ўся нарматыўна-прававая база, і ў верасні з'явілася пастанова Міністэрства адукацыі № 255 "Аб вызначэнні скарочанай працягласці рабочага часу асобным катэгорыям педагагічных работнікаў". Настаўнікі-дэфектолагі (лагапеды) усіх устаноў адукацыі і сацыяльнага забеспячэння на падставе гэтага дакумента захавалі права на скарочаны рабочы час, а настаўнікі-лагапеды ўстаноў аховы здароўя чамусьці аказаліся за рамкамі гэтага дакумента. Як мы разумеем, аўтаматычна мы пазбавіліся і 56 дзён адпачынку.

А. М.: — Пра нас проста забыліся, а цяпер ніхто не хоча прызнаваць сваю памылку. Я лічу, што гэта проста нейкі юрыдычны казус. Не можа палова спецыялістаў мець адны ўмовы працы і 4 гадзіны вучэбнай нагрузкі штодня, а другая палова — зусім іншыя. Фактычна ў настаўнікаў-лагапедаў, якія працуюць у сістэме аховы здароўя, сёння 8-гадзінны працоўны дзень. І далёка не кожны кіраўнік жадае ўнікаць у спецыфіку нашай работы. Пасля заканчэння педагагічнага ўніверсітэта ў многіх з нас быў выбар, куды пайсці працаваць, і калі мы зрабілі свой выбар на карысць медыцынскіх устаноў, мы не сталі пры гэтым медыцынскімі работнікамі. Наша задача — выяўляць праблемных дзяцей у сістэме аховы здароўя. Лагапед першым, яшчэ ў маленстве, выяўляе дзіця з самымі рознымі дэфектамі ў развіцці. Існуе сумесная пастанова двух міністэрстваў (аховы здароўя і адукацыі) аб пераемнасці ў рабоце: асобы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, што выяўляюцца ў сістэме аховы здароўя, пасля пастаноўкі дыягназу павінны перадавацца ў цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Але цяпер, відаць па ўсім, і Міністэрства адукацыі ад нас адмовілася. Мы фактычна нічыйныя... У Міністэрстве аховы здароўя нам паведамілі, што паўнамоцтвы па вызначэнні скарочанай працягласці рабочага часу асобным катэгорыям педагагічных работнікаў былі перададзеныя ўрадам Міністэрству адукацыі. І Міністэрства аховы здароўя нічым дапамагчы нам не можа.

— Раскажыце, калі ласка, як выглядае працоўны дзень настаўніка-лагапеда?

К.Д.: — 4 гадзіны вучэбнай нагрузкі — гэта чатыры гадзіны непасрэднай галасавой і эмацыянальнай работы. Прычым працуем мы заўсёды ў прысутнасці бацькоў дзіцяці або іншых яго афіцыйных прадстаўнікоў. Уявіце сабе, што на кансультацыю да нас трапляюць дзеці, якія дрэнна разумеюць звароты да іх, дрэнна бачаць, чуюць і ніяк не рэагуюць на тое, што вакол іх адбываецца, а бацькі не могуць іх нічым ні зацікавіць, ні супакоіць. У дзіцяці можа быць цэлы "букет" дыягназаў. А лагапеду трэба ўвайсці з ім у кантакт, вывучыць дакументацыю. Калі прыём адбываецца ў сценах паліклінікі, у нас ёсць магчымасць адразу паказаць дзіця неўролагу, псіхіятру, лор-урачу і іншым спецыялістам.

Кансультаванне, складанне індывідуальнага карэкцыйна-кампенсаторнага плана навучання дзіцяці і бацькоў даступным метадам і прыёмам работы ў хатніх умовах, падрыхтоўка да правядзення заняткаў (індывідуальных і групавых), запаўненне дакументацыі і іншыя віды работ праводзяцца па-за асноўным рабочым часам.

Хоць і нязручна выхваляцца, але эфектыўнасць работы лагапедычнай службы ў сістэме аховы здароўя нашмат вышэйшая. Мы займаемся і кансультацыйна-навучальнымі, і індывідуальнымі, і групавымі заняткамі. А яшчэ выконваем прафілактычную работу, якая заключаецца ў масавым перыядычным аглядзе ўсіх дзяцей дашкольнага ўзросту ў пэўныя ўзроставыя тэрміны, прычым таксама ў прысутнасці бацькоў. Фактычна мы займаемся адукацыяй бацькоў.

А.М. — Лагапед — не звычайны педагог, які вырашае адукацыйныя задачы. Перад намі стаяць спецыфічныя карэкцыйна-педагагічныя задачы, мы займаемся карэкцыяй парушаных маўленчых і іншых псіхічных функцый, выхаваннем і адукацыяй асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Калі звычайны педагог задае пытанне дзіцяці, то ён атрымлівае адказ, паміж імі ідзе дыялог. А педагог-дэфектолаг, хоць ва ўстанове адукацыі, хоць у паліклініцы, задае пытанне і сам на яго адказвае. Пытанне даводзіцца задаваць і пяць разоў, прычым па-рознаму, каб атрымаць адказ.

У сваёй дзейнасці настаўнікі-лагапеды і настаўнікі-дэфектолагі незалежна ад таго, дзе яны працуюць (у сістэме аховы здароўя ці сістэме адукацыі), выкарыстоўваюць адны і тыя ж прыёмы і метады — педагагічныя. Аднак у лагапедаў у медыцынскіх установах поле дзейнасці больш шырокае. Мы працуем як з немаўлятамі, так і з моладдзю, і старымі людзьмі, паколькі маўленне можа парушыцца абсалютна ў любога чалавека на працягу жыцця. Людзі пакутуюць ад пухлін мозга, ад чэрапна-мазгавых траўмаў, інсультаў, ад розных сасудзістых захворванняў. Чалавек можа быць псіхічна здаровым, але ён не можа нічога ні сказаць, ні напісаць, ні прачытаць і не разумее людзей вакол сябе. Менавіта лагапеды займаюцца аднаўленнем у іх маўлення.

Д.С. — А цяпер уявіце сабе, што ў некаторых установах адміністрацыя ўжо прымушае лагапедаў працаваць ад званка да званка (удвая больш, чым раней) без павелічэння тарыфных ставак і акладаў. Гэта значыць, 8 гадзін непасрэдных зносін з пацыентамі, 8 гадзін штодзённай галасавой нагрузкі. Наша прафесія з'яўляецца галасавой, таму норма нагрузкі на голас не павінна перавышаць 20 гадзін у тыдзень. Выходзіць, што кіраўнікі ўстаноў аховы здароўя ігнаруюць гэтыя нормы? А да заняткаў лагапеды вымушаны рыхтавацца ўжо пасля завяршэння працоўнага дня. Не вытрымаўшы такой нагрузкі, настаўнікі-лагапеды пачалі пераводзіцца на палову стаўкі, хоць у сапраўднасці іх працоўны дзень не скараціўся, як не скараціўся пералік функцыянальных абавязкаў і не зменшылася колькасць пацыентаў. Яны выконваюць той жа аб'ём працы, але плацяць ім за яе цяпер удвая менш. Ёсць рэальная пагроза, што, калі нічога не зменіцца, то спецыялісты пачнуць масава звальняцца. Між іншым, у дамах дзіцяці за мізэрныя грошы працуюць сапраўдныя "жамчужыны", людзі, цалкам адданыя дзецям і сваёй прафесіі, як правіла, пенсійнага ўзросту. Хто прыйдзе ім на змену? Моладзь такая работа можа не зацікавіць...

— А наколькі шматлікая лагапедычная служба ў сістэме аховы здароўя?

К.Д. — Ва ўстановах аховы здароўя працуе крыху больш за 300 настаўнікаў-лагапедаў, якія ўсе маюць педагагічныя кваліфікацыйныя катэгорыі і рэгулярна павышаюць сваю кваліфікацыю ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі педагогаў. Нашы спецыялісты працуюць у дзіцячых і дарослых паліклініках, у стацыянарах, рэабілітацыйных аддзяленнях і цэнтрах. Таму сістэма аховы здароўя зацікаўленая ў дзейнасці на яе базе лагапедычнай службы. Мы — штучныя спецыялісты. А медыцынская ўстанова з'яўляецца як раз тым месцам, дзе праблемы нашых пацыентаў могуць быць вырашаны комплексна.

Д.С. — Мы ўпэўнены, што значнае павелічэнне працягласці рабочага часу настаўнікаў- лагапедаў ва ўстановах аховы здароўя не мае пад сабой ніякай эканамічнай мэтазгоднасці. Па-першае, гэта ўжо прывяло да іх дыскрымінацыі ў параўнанні з калегамі, якія працуюць у сістэме адукацыі і сацыяльнага забеспячэння. Па-другое, масавыя звальненні пагражаюць разбурыць цэласную сістэму аказання рэабілітацыйнай дапамогі, што пацягне за сабой яшчэ большыя эканамічныя выдаткі ў сувязі з ростам колькасці людзей, якія выходзяць на інваліднасць. Да таго ж павелічэнне рабочага часу ўсё роўна не павялічыць ахоп настаўнікамі-лагапедамі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з-за дзейных санітарных галасавых нормаў, з-за неабходнасці абавязковай штодзённай падрыхтоўкі да заняткаў. А калі хтосьці вырашыць вывесці настаўнікаў-лагапедаў з кола педагагічных работнікаў, то гэта пацягне фінансавыя выдаткі на перанавучанне спецыялістаў, на навучанне і падрыхтоўку новых спецыялістаў у іншых адукацыйных установах.

— А якія вынікі прынеслі вашы звароты ў вышэйшыя інстанцыі?

К.Д. — З Міністэрства адукацыі мы атрымалі ліст наступнага зместу: "...Пастановай Міністэрства адукацыі ад 05. 09. 2011 №255 настаўнікам-дэфектолагам вызначана скарочаная працягласць рабочага часу не больш як 36 гадзін у тыдзень і норма педагагічнай нагрузкі на стаўку 20 гадзін у тыдзень пры рабоце ва ўстановах адукацыі, а таксама іншых арганізацыях, якім у адпаведнасці з заканадаўствам прадастаўлена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць, пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі, адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю пры ўмове рэалізацыі адукацыйнай праграмы дашкольнай адукацыі.

Такім чынам, тыя арганізацыі аховы здароўя, якія ажыццяўляюць адукацыйную дзейнасць на вышэйзгаданых умовах, маюць права вызначаць настаўнікам-дэфектолагам скарочаную працягласць рабочага часу. Іншыя арганізацыі аховы здароўя на падставе артыкула 272 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі могуць вызначыць рабочае месца ў гэтых арганізацыях для настаўнікаў-дэфектолагаў, якія ўтрымліваюцца ў штаце ўстаноў адукацыі".

Вядома, мы такой трактоўкай не задаволены. "Маюць права" не азначае аўтаматычна, што лагапеды атрымаюць скарочаную нагрузку. Сігналы з месцаў сведчаць зусім адваротнае. Напэўна, кіраўнікі ўстаноў аховы здароўя спачатку таксама думалі, што недарэчнасць будзе хутка выпраўлена, але гэтага не адбылося. Паколькі ў лагапедаў устаноў аховы здароўя няма свайго кіраўніка (мы ўсе разрозненыя), то з усіх рэгіёнаў калегі тэлефануюць да нас у Мінск. Усе чакаюць станоўчага рашэння.

— Прызнайцеся, а вы ніколі не пашкадавалі, што абралі месцам працы не ўстановы адукацыі? І кім вы сябе адчуваеце ў большай ступені: педагогамі ці ўсё ж такі медыцынскімі работнікамі?

К.Д. — Я проста ў захапленні ад сваёй працы, бо бачу ад яе рэальныя плады. У немалой ступені ад маёй работы залежыць і далейшая сацыяльная адаптацыя дзіцяці, і лёс усёй гэтай сям'і, бо бацькі не заўсёды падрыхтаваныя да такіх праблем. А кім мы адчуваем сябе ў большай ступені? Скажу так: мы і педагогі, і псіхолагі, і псіхатэрапеўты ў адной асобе...Лагапед — гэта пластыр да кожнай болькі... 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзіўная сітуацыя склалася ў рэспубліканскай лагапедычнай службе: настаўнік-лагапеды, якія працуюць ва ўстановах аховы здароўя і ва ўстановах адукацыі, аказаліся...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика