Каго выратуе дадатковая сацыяльная дапамога. 21.by

Каго выратуе дадатковая сацыяльная дапамога

26.01.2012 10:22 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Каго выратуе дадатковая сацыяльная дапамога


З 1 красавіка асобныя катэгорыі грамадзян Беларусі змогуць разлічваць на дадатковую сацыяльную дапамогу. Адпаведны ўказ зацвердзіў днямі галоўны гарант стабільнасці ўсяе краіны. Каму з беларусаў гэтай вясной улады дадуць на шкварку, а каму — па карку, загадзя высвятляла "Тут і цяпер".

Афіцыйна

"У сістэму дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ўключаецца забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця, якое прадастаўляецца сем'ям, сярэднедушавы прыбытак у якіх ніжэйшы за найбольшую велічыню бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, устаноўленага ўрадам, за два апошнія кварталы; а сем'ям пры нараджэнні двойні ці больш дзяцей — незалежна ад сярэднедушавога прыбытку", — паведамляецца ў афіцыйным каментары да ўказа.

Хто на новенькага? 

Калі перакласці ўсё гэта з бюракратычнай мовы на чалавечую, то атрымліваецца наступнае. Прадукты харчавання для дзяцей першых двух гадоў жыцця змогуць атрымаць толькі шчаслівыя бацькі двайнят, трайнят, чацвярнят і г.д. (у 2011 годзе, ветліва падказвае Белстат, у Беларусі нарадзілася 911 пар двайнят, 18 трайнят і адзін "квартэт" немаўлят) альбо сем'і, у якіх, умоўна кажучы, кожны чалавек цягам паўгода жыве на 1 БПМ (цяпер гэта 574 790 рублёў, але з 1 лютага памер мае быць павялічаны).

"Выбіванне" бясплатнага харчавання для дзіцяці каштавала мне месяц жыцця ў сэнсе збору ўсіх патрэбных папер, — узгадвае мінчанка Надзея Парэмская. — Можна, натуральна, справіцца і хутчэй, але з маленькім дзіцем не вельмі пабегаеш па канторах. Ад сябровак па гэтых "бюракратычных" забегах даведалася, што нам з дачушкай з "недаборам" да БПМ 5 тысяч на кожную вельмі пашанцавала, бо ў некаторых прыбытак на чалавека перавышаў той сярэднедушавы ўсяго на 20 рублёў, і ў дапамозе чыноўнікі ім адмовілі. Ды яшчэ кожныя паўгода трэба збіраць даведкі зноў, каб пацвярджаць сваю "сацыяльную неабароненасць". Не думаю, што з увядзеннем гэтага ўказа штосьці зменіцца да лепшага — усё роўна чыноўнікі будуць глядзець на нас не як на сацыяльна неабароненых грамадзян, якія ледзь-ледзь канцы з канцамі зводзяць, а як на халяўшчыкаў, якія толькі і думаюць, дзе б абдурыць дзяржаву".

Дыяметральна процілеглае стаўленне да гэтай дапамогі дэманструе берасцеец Сяргей Макоўскі: "Зроду падачак ні ад каго не браў і не збіраюся браць! Сам на ўсё зараблю — балазе, рукі, ногі, а галоўнае — галава ў наяўнасці і функцыянуюць добра. Калі даведаліся з жонкай, што чакаем двайнят, то зразумелі, што давядзецца паднапружыцца і падцягнуць паясы. Але чакаць нам яшчэ больш за паўгода, шмат чаго можна паспець зрабіць".

Між тым, па разліках адмыслоўцаў з Міністэрства працы і сацабароны Беларусі, пасля ўступлення ўказа ў сілу колькасць дзяцей першых двух гадоў жыцця, якія атрымліваюць прадукты харчавання без уліку сукупнага даходу сям'і, павялічыцца больш як на 20%.

Сацыяльнай дапамогі ўсім, хто мае ў ёй патрэбу, наўрад ці хопіць, бо ўсе жыццёвыя сітуацыі ні ў якім указе не прапішаш.

Яшчэ адзін новы від адраснай дзярждапамогі закране інвалідаў І групы і дзяцей-інвалідаў, якія маюць IV ступень страты здароўя. Ім будуць кампенсавацца выдаткі на набыццё падгузкаў — у памеры да 3 БПМ і не больш як 2 разы ў год. На сёння, між іншым, 1 пачак (30 штук) падгузкаў для дарослых каштуе ад 130 да 200 тысяч рублёў, а інваліду, як вы разумееце, можа спатрэбіцца не адзін падгузак у суткі. Пры гэтым мінімальная пенсія інваліда І групы сёння складае 551 тысячу рублёў, а з 1 лютага яна павялічыцца, як і ўсе пенсіі, прыкладна на 24%.

"І ўсё адно, колькі б ні даплацілі, нават якую капейчыну, — гэта нам палёгка, — уздыхае гамяльчанка Антаніна Іванаўна, якая даглядае сваю старую маці-інваліда І групы. — Я і пабегаць згодная колькі трэба за даведкамі і цыдулкамі, каб на сэканомленыя грошы парадаваць маму пачкам любімых барбарысак".

Колькасць атрымальнікаў гэтай дапамогі, паводле разлікаў чыноўнікаў, складзе не менш як 20 тысяч чалавек, а на выплаты па ёй спатрэбіцца каля 69 млрд рублёў у год.

Часцей і хутчэй

Сярод іншых змен у сістэме адрасных дапамог — павелічэнне да 10 сярэднедушавых БПМ (раней было 5. — Заўв. рэд.) максімальнага памеру адначасовай сацыяльнай дапамогі.

Па гэтую выплату могуць звярнуцца ў органы сацабароны сем'і і асобныя грамадзяне, што "аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, якая аб'ектыўна парушае нармальную жыццядзейнасць" (да такіх сітуацый закон адносіць поўную непрацаздольнасць у сувязі з інваліднасцю ці дасягненнем 80-гадовага ўзросту, недзеяздольнасць у сувязі з хваробай, а таксама стыхійныя бедствы і катастрофы). Але зноў жа з агаворкай — пры ўмове, што сярэднедушавы даход таго, хто звяртаецца з просьбай, не перавышае 150% крытэрыю патрэбнасці. Затое звяртацца па гэтую дапамогу ахвярам стыхійных бедстваў і надзвычайных сітуацый цяпер можна будзе ажно два разы ў год, а не раз, як было раней.

Штомесячную сацыяльную дапамогу цягам 12 месяцаў (раней — 6. — Заўв. рэд.) змогуць атрымліваць некаторыя сацыяльна неабароненыя катэгорыі грамадзян: адзінокія інваліды І і ІІ группы, адзінокія непрацаздольныя грамадзяне ва ўзросце 70 гадоў і больш; няпоўныя сем'і, у якіх бацькі даглядаюць дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў.

Абедзве названыя дапамогі ў безнаяўнай форме змогуць накіроўвацца не толькі на аплату паслуг ЖКГ, але і на пагашэнне запазычанасці па іх аплаце.

Зрэшты, гэты пункт указа суцяшае далёка не ўсіх.

"Атрымліваецца, што мой сусед-пенсіянер, які цэлымі днямі п'е і буяніць пад дэвізам "я інвалід, у мяне жыццё цяжкае", так і будзе працягваць піць?! А яго мала таго, што не выселяць з кватэры за няўплату, дык яшчэ і запазычанасць пагасяць, у тым ліку за кошт маіх падаткаў!" — абураецца мінчук Сяргей Леўчанка.

У больш сціслы тэрмін будуць атрымліваць адрасную сацыяльную дапамогу людзі, якія сталі беспрацоўнымі па прычыне ліквідацыі прадпрыемства, скарачэння штатаў: іх даход будзе разлічвацца і пераправярацца не за 12 месяцаў, як было раней, а ўсяго за 3 месяцы да моманту звароту па дапамогу.

Апошняя істотная заўвага: для ўсіх атрымальнікаў штомесячнай сацыяльнай дапамогі яе памер будзе пераразлічвацца пры павелічэнні БПМ на працягу ўсяго часу аказання дапамогі.

Наўздагон за інфляцыяй

Уладныя структуры ужо ацанілі ўказ — прыкладна ў 125 мільярдаў рублёў. Менавіта столькі спатрэбіцца на выплату ўсіх адрасных сацыяльных дапамог. А вось шараговыя беларусы ацэньваюць першакрасавіцкі "падарунак" неадназначна: адны — як няўдалы жарт, другія — як пэўную падтрымку, трэція — як бясконцую падкормку праслойкі ўтрыманцаў, чацвёртыя — як заведама пройгрышную спробу не перасячы мяжу беднасці, даганяючы інфляцыю...

Былы міністр працы Аляксандр Сасноў не бярэцца суаднесці "папяровую" і рэальную дапамогу сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва, але перакананы, што калі ўлічваць узровень прыбыткаў беларусаў, то тых, хто мае патрэбу ў такой дапамозе, у нас вельмі многа.

— Думаю, што надалей іх колькасць будзе толькі павялічвацца. Прынамсі, калі эканамічныя рэформы будуць адкладвацца ў спадзяванні на расійскія ўліванні. Наша краіна ўвогуле даўно і трывала сядзіць на датацыйнай ігле Расіі, і кіраўніцтва гэта, відаць, задавальняе. Натуральна, у такім выпадку нічога не зменіцца да лепшага. Сацыяльнай дапамогі ўсім, хто мае ў ёй патрэбу, наўрад ці хопіць, бо ўсе жыццёвыя сітуацыі ні ў якім указе не прапішаш. Гэта акалічнасці, якія існавалі заўсёды. На маю думку, народу трэба разлічваць не на дапамогу дзяржавы, а на магчымасць працаваць і зарабляць. Сацыяльная ж адрасная падтрымка мусіць аказвацца толькі ў крайнім выпадку, у самых неспрыяльных абставінах — аж да раздачы бясплатнай заціркі. А калі палова Беларусі апынецца ў такіх абставінах, то гэта, прабачце, капут усёй краіне і адпаведная ацэнка дзейнасці нашых улад за больш як 17-гадовую іх дзейнасць.

Да ведама 

Колькасць атрымальнікаў адраснай сацыяльнай дапамогі за апошніх 5 год складала:

2007 — 59,2 тысячы чалавек, аказана дапамога на суму каля 5,1 млрд беларускіх рублёў;

2008 — 287 тысяч чалавек, аказана дапамога на суму 49 млрд беларускіх рублёў; сярэдні памер штомесячнай дапамогі на 1 чалавека — 57,4 тысячы беларускіх рублёў;

2009 — звыш 140 тысяч чалавек, аказана дапамога на суму каля 30 млрд рублёў; сярэдні памер штомесячнай дапамогі на 1 чалавека — 63,7 тыс. рублёў;

2010 — 165,4 тысячы чалавек, аказана дапамога на суму 50,8 млрд беларускіх рублёў; сярэдні памер штомесячнай дапамогі на 1 чалавека — 51,2 тыс. рублёў;

2011 — больш як 220 тысяч чалавек, аказана дапамога на суму 90,7 млрд беларускіх рублёў; сярэдні памер штомесячнай дапамогі на 1 чалавека — 88,5 тыс. рублёў.

Паводле звестак Мінпрацы і сацабароны, у трэцім квартале 2011 года да катэгорыі малазабяспечаных адносілася 7,8% насельніцтва Беларусі, з іх дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогай у выглядзе штомесячнай і/ці аднаразовай сацыяльнай дапамогі было ахоплена 27,7%.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З 1 красавіка асобныя катэгорыі грамадзян Беларусі змогуць разлічваць на дадатковую сацыяльную дапамогу. Адпаведны ўказ зацвердзіў днямі галоўны гарант...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика