Мароз у нашым рэгіёне павінен аслабець. Ненашмат
01.02.2012
—
Новости Общества
|
Мароз крыху спадзе ў бліжэйшыя выхадныя. Ад панядзелка тэмпература павінна яшчэ трохі павысіцца. Затое можа ўзмацніцца вецер, а неба не будзе такім бясхмарным. Жыхары рэгіёна на гэтым тыдні не вельмі пацярпелі ад марозу. На сераду, 1 лютага, замерзлых да смерці ў нас не было, паведамілі нашаму выданню пракурорскія работнікі. У бальніцах не адзначалася ўсплёску зваротаў хворых з абмаражэннямі. У самым населеным Маладзечанскім раёне, па словах намесніка галоўнага доктара цэнтральнай раённай бальніцы Ігара Салагуба, такіх зваротаў не было ўвогуле. У Вілейцы ў пятніцу, 27 студзеня, у 20 гадзін 50 хвілін па тэлефоне 101 пазванілі з вуліцы Талстога. Там каля пад’езда аднаго з дамоў ляжаў мужчына. Па словах дыспетчара “хуткай дапамогі”, на выгляд яму было каля 50 гадоў. Дакладна назваць сябе і свой узрост ён не здолеў. Але не таму, што моцна замерз, а таму, што шмат выпіў. Пацярпеламу з агульным абмаражэннем цела і абмаражэннем кісцяў рук дапамаглі ў прыёмным пакоі бальніцы. У Ашмянах абмаражэнні кісцяў рук першай і другой ступеняў атрымаў састарэлы мужчына. Галоўны доктар Ашмянскай цэнтральнай раённай бальніцы Уладзімір Кунц расказаў нашаму выданню: пенсіянер з-за свайго ўзросту проста не ўлічыў, што на такі мароз яму выходзіць небяспечна, таму і абмарозіў пальцы. Уладзімір Кунц адзначыў: няма нічога дзіўнага ў тым, што, калі на вуліцы мінус 15-25, людзі не абмарожваюцца. Проста яны больш уважліва ставяцца да надвор’я і без асаблівай неабходнасці стараюцца не рызыкаваць здароўем і не выходзіць на вуліцу. Па словах доктара, нашмат часцей людзі губляюць пільнасць і пераахалоджваюцца, калі тэмпература паветра вагаецца ад мінус пяці да плюс трох градусаў. На гэтым тыдні Беларусь знаходзілася ў межах дзеяння Сібірскага антыцыклону, расказаў у інтэрв’ю “РГ” начальнік вілейскай гідраметэастанцыі Вячаслаў Лапко. Паводле яго слоў, гэты антыцыклон фарміруецца ў раёне Уральскіх гор, Заходняй і Сярэдняй Сібіры. Асаблівасці ўздзеяння антыцыклону – сонечнае надвор’е, мароз і халодны ўсходні вецер. Па словах Вячаслава Лапко, менавіта Сібірскі антыцыклон прынёс у наш рэгіён узмацненне марозу, пік якога прыйдзецца на ноч перад выхадам гэтага нумара газеты ў друк, пятніцу, 3 лютага. Гэтай ноччу чакаецца ад 23 да 28 градусаў марозу, пры праясненнях – да мінус 32 градусаў. Днём – мінус 16-21. У суботу крыху пацяплее. Ноччу 4 лютага чакаем 17-22 марозу і 23-27 пры праясненнях. Удзень – мінус 12-17. У нядзелю, 5 лютага, будзе яшчэ трохі цяплей. Мінус 16-21 ноччу і мінус 10-15 – днём. Начальнік вілейскай гідраметэастанцыі расказаў, што, паводле прагнозу спецыялістаў, ад панядзелка дзейнасць Сібірскага антыцыклону над нашым рэгіёнам будзе слабець. Мароз, хоць ненашмат, але паменшае. Сярэднясутачная тэмпература складзе каля мінус 20 градусаў. На наступным тыдні рэгіён можа “зачапіць” паўднёвы цыклон, які цяпер фарміруецца над Чорным морам. Але, па словах эксперта, большасцю ён закране ўсходнюю частку Беларусі, у прыватнасці, Магілёўскую вобласць, і пойдзе на Расію. Калі дабярэцца і да нас, можна чакаць узмацненне ветру з поўдня, завіруху, снег, павелічэнне воблачнасці. Сяргей ЗЯНЬКО. На наступным тыдні мароз хоць крышачку, але аслабее. Фота mk.ru. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мароз крыху спадзе ў бліжэйшыя выхадныя. Ад панядзелка тэмпература павінна яшчэ трохі павысіцца. Затое можа ўзмацніцца вецер, а неба не будзе такім бясхмарным.
|
|