У Ганцавічах чакаюць гарачай вады і цяпла. 21.by

У Ганцавічах чакаюць гарачай вады і цяпла

18.02.2012 16:16 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Ганцавічах чакаюць гарачай вады і цяпла


Больш за месяц чакалі абяцанага камунальнікамі “возобновления подачи" гарачай вады жыхары дома № 4 па вуліцы Камуністычнай райцэнтра. Чакаюць цяпла жыхары аднаго з пад’ездаў дома №3 па вул. Кастрычніцкай, мерзнуць дзеці ў кватэры дома па вул. Гагарына. А гарачай вады і цяпла ўсё няма...

“Абяцанага, відаць, яшчэ тры гады чакаць будзем”, — абураецца жыхар дома Валерый Піваварчык. Яго абурэнне зразумелае: больш за месяц назад начальнік кацельнай гаспадаркі КУШВП ЖКГ “Ганцавіцкая РЖКГ” Юрый Колас сабраў жыльцоў дамоў № 4 па Камуністычнай і №№ 9, 11 па Заслонава (так званых “ваенных”) — усяго каля ста чалавек, і запэўніў, што з 13 студзеня ў іх дамах з’явіцца гарачая вада. Прыкладна ў той жа час на названых дамах з’явіліся і аб’явы, праз якія адміністрацыя жыллёва-камунальнай гаспадаркі папярэджвала жыхароў аб “возобновлении подачи” гарачай вады.

Сказаць па праўдзе, жыльцы дома па Камуністычнай адразу не зразумелі, чаму камунальнікі пяпярэджваюць аб “возобновлении” падачы гарачай вады, калі яе ніколі тут і ў паміне не было. “Больш за дваццаць гадоў жывём у гэтым доме, а вады гарачай камунальнікі ні дня не падавалі”, — сцвярджае Анатолій Дамброўскі. З ім згаджаецца Дзмітрый Жураўлёў. “На сходзе жыльцоў нам патлумачылі, што стаіць слабая помпа”, — гаворыць ён.

Аднак абяцанням камунальнікаў, што гарачая вада нарэшце будзе, жыльцы паверылі.

А хваляванні іх цяпер недарэмныя: амаль у кожнай кватэры дома № 4 па Камуністычнай стаяць электрычныя воданагравальнікі, “бойлеры”. Электрычнасці яны цягнуць шмат. А тут дзяржава плануе вызначыць аб’ём электраэнергіі, які будзе выдзяляцца па сацыяльна абароненых нізкіх цэнах. Спачатку ўрад краіны прапанаваў увесці нарматыў – 107 кілават-гадзін электрычнасці на ўладальніка кватэры, а калі ў сям’і два, тры і больш чалавек, то на кожнага з іх дадаецца яшчэ па 30 кілават-гадзін. Цяпер разглядаецца варыянт ліміта, прапанаваны энергетыкамі: калі жыллё абсталявана газавай плітой — 150 кілават-гадзін у месяц, калі электрычнай — 250 кілават-гадзін. Той, хто мае “бойлер”, ведае: “упісацца” з ім у прапанаваны аб’ём электраэнергіі нерэальна, а выкарыстаная звыш нарматыва будзе каштаваць дорага.

Шкада, што перажыванні з нагоды такой перспектывы з жыльцамі трыццацікватэрнага дома не раздзяляе начальнік кацельнай гаспадаркі КУШВП ЖКГ “Ганцавіцкая РЖКГ” Юрый Колас, які мог бы, ды і абавязаны дапамагчы ім. Яго “абяцанкі-цацанкі” больш як месячнай даўніны радасці не нясуць, а справы пакуль не відаць. Мала таго, Юрый Яўгенавіч адмаўляецца нават абмяркоўваць праблемы ганцаўчан. Выслухаўшы журналіста “ГЧ”, начальнік камунальнай гаспадаркі ЖКГ заявіў: “Я з вамі размаўляць не буду. Проста не хачу. Ні аб чым харошым мы з вамі не размаўляем. Можаце так і напісаць у сваёй газеце”.

Было б зразумела, калі б Юрый Яўгенавіч з нейкіх уласных меркаванняў не гутарыў на асабістыя тэмы з чалавекам, які яму не падабаецца. Але чаму Юрый Колас адмаўляецца размаўляць з журналістам? Ён пытаецца, каб данесці інфармацыю да людзей, — на тэмы, "балючыя" для соцень людзей, якія звяртаюцца ў рэдакцыю па дапамогу.

Сапраўды, аб “харошым” не пагаворыш, калі не толькі жыльцы дамоў па Камуністычнай і Заслонава не дачакаліся абяцанай гарачай вады. Ёсць і іншыя прыклады нядбайнасці.

Моцны мароз малюе ўзоры на вокнах унутры сёмай кватэры дома № 12 па вуліцы Гагарына. Пасля таго, як жыльцы звярнуліся да намесніка старшыні райвыканкама Уладзіміра Давыдчыка, прыйшлі сюды камунальнікі, дакрануліся да батарэй і… зніклі. А дзеці, якія тут жывуць, пэўна, і дагэтуль днём сядзяць пад коўдрай і абаграваюцца пластыкавымі бутэлькамі з гарачай вадой. Чаму? У Юрыя Яўгенавіча не дапытацца. Адзін з жыльцоў дома мяркуе, што праблема ўзнікла па прычыне адсутнасці прафілактычных работ: даўно не прачышчаліся, не прадуваліся ў доме батарэі.

Або другі прыклад — дома № 3 па вуліцы Кастрычніцкай: тэмпература паветра ў некаторых кватэрах на другім і трэцім паверхах — не болей за 8—10 градусаў па Цэльсію.

Між іншым, начальнік кацельнай гаспадаркі ЖКГ паспяхова здаў справаздачу ў пачатку ацяпляльнага сезона, што ўсе дамы атрымалі пашпарты гатоўнасці да яго. Значыць, работы праведзены, грошы на іх пералічаны, а вынік… А можа, праведзены толькі на паперы і патрэбна праверка? Яе не складана ініцыіраваць, тым больш падстаў хоць адбаўляй. І гэты артыкул будзе накіраваны на рэагаванне.

Нам не патрэбны былі б вашы каментарыі, Юрый Яўгенавіч, калі б вы зрабілі ўсё магчымае, і жыльцы названых і некаторых іншых дамоў не ведалі такіх праблем. Тады, глядзіш, яны прыйшлі б у рэдакцыю “ГЧ” з падзякамі ў ваш адрас. Або не прыйшлі б увогуле: даброты цывілізацыі ў нашых кватэрах — гэта не штосьці звышнатуральнае, гэта — норма, і менавіта для захавання нормы існуе жыллёва-камунальная служба.

Няма праблем — значыць, добра працуе служба. Ва ўсялякім разе, у такім выпадку мы з вамі мелі б права гаварыць толькі пра "харошае". 
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Больш за месяц чакалі абяцанага камунальнікамі “возобновления подачи" гарачай вады жыхары дома № 4 па вуліцы Камуністычнай райцэнтра. Чакаюць цяпла жыхары аднаго...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика