Як беларусы Масленіцу адзначаюць
23.02.2012 13:22
—
Новости Общества
|
Як беларусы Масленіцу адзначаюць Фота з сайта centerum.net І напляваць на тыя калорыі! Дата Масленіцы рухомая — па царкоўнай традыцыі гэтае свята пачынаецца за 8 тыдняў да Вялікадня. Сёлета яно адзначаецца з 20 па 26 лютага. Пакуль аматары здаровага ладу жыцця, хапаючыся за сэрца, падлічваюць колькасць шкодных рэчываў і лішніх калорый у кожным асобна ўзятым бліне (для даведкі: класічныя дражджавыя бліны змяшчаюць 220—270 ккал на 100 грамаў, у такой жа колькасці іх "царскага" начыння, чырвонай ікры, — каля 200—250 кКал, у 100 грамах смятаны — ад 115 да 300 кКал у залежнасці ад тлустасці прадукту, у дамашнім варэнні — ад 150 да 300 кКал, а вось у кабачковай ікры — усяго 120 кКал), усе астатнія з задавальненнем "адрываюцца": атэісты — па звычцы, вернікі — перад Вялікім постам. "Тут і цяпер" сабрала некалькі адметных масленічных гісторый. "Штаны давялося выкінуць" Масленіцу 10-гадовай даўніны вадзіцель мінскай маршруткі Андрэй Кулеш дагэтуль узгадвае напалову са смехам, напалову з жахам: — Вырашылі з жонкай, што даўно ў яе сваякоў у вёсцы не былі, дый цешча клікала — "прыязджайце на бліны, хоць пакармлю па-чалавечы, а то ў вашым Мінску хімію ўсякую ясцё". Ну і паехалі на сваю галаву на тры дні. А там трэба ж зайсці і да цёткі, і да бабкі, і да стрыечнага брата. І ў кожнай хаце частуюць, а калі адмаўляешся, крыўдзяцца не па-дзіцячы... На другі дзень давялося замест заклёпкі нашыць гузік на джынсы, бо інакш не зашпільваліся. На трэці дайшлі мы, нарэшце, да цешчы, а ў яе — смажанае парася, запечаная рыба, пампушкі, ватрушкі і тры віды бліноў з розным начыннем. І слухаць пра тое, што мы за два дні аб'еліся, яна нічога не жадае. Я адчуваю, што гузік падазрона патрэсквае, прашу жонку шэптам: "Мне больш не кладзі". Цешча пачула і давай праз увесь стол крычаць: "Андрэйка, ты яшчэ пірага не пакаштаваў! Кладзі сабе ды кажы тост!" Я толькі падняўся, як гузік — трэсь! — на дзве часткі, якія адляцелі ў розныя бакі. Пад агульны рогат сваякоў пакланіўся (ажно ззаду на цікавым месцы швы разышліся) і кажу: "Даруйце, мама, аднак калі яшчэ хоць кавалачак з'ем, дадому без штаноў паеду". На бліны потым тры месяцы глядзець не мог. А штаны давялося выкінуць, бо і гузік, і швы паляцелі "з мясам". "Бліноў няма, "калабкі" будзеш?" — Адразу пасля школы мы з маім хлопцам, нягледзячы на абурэнне бацькоў, вырашылі пажыць разам, — узгадвае магіляўчанка Марына Бычкоўская. — Ён працаваў, а я, не паступіўшы ў ВНУ, палову дня падпрацоўвала ў краме, палову сядзела дома і штудзіравала падручнікі. Неяк пачула па тэлеку, што Масленіца прыйшла, усе пякуць бліны, і вырашыла таксама парадаваць сябе і каханага. З раніцы наабяцала яму ўсякай смакаты на вячэру, а пра тое, што я, у прынцыпе, ніколі з цестам справы не мела, неяк... забылася. У каляжанкі спыталася рэцэпт, тая патлумачыла, што ўсё проста: малако, яйкі, мука, соль, цукар, ну і дрожджы. Цяпер нават не ўзгадаю, чаго я недаклала, а з чым перастаралася, але ў выніку ніводнага бліна з патэльні я так і не зняла — атрымліваліся неапетытныя камякі. Уся ў слязах патэлефанавала бабулі (яна адна з усёй сям'і паставілася да маіх "закідонаў" з разуменнем). Бабуля падрабязна распытала ў мяне, як выглядае цеста, колькі стаяла, што я туды намяшала... Памятаю, я ў адчаі кажу: "Прасцей выкінуць!", а бабуля мне: "Выкінуць заўсёды паспееш, лепей дабаў тое і тое, і выпякай не на патэльні, а ў духоўцы". Карацей, калі ўвечары каханы прыйшоў дадому, няўдалых "пагарэльцаў" я ўжо выкінула, а на ўвесь пакой ішоў пах ад булачак. Ён здзівіўся — маўляў, дзе бліны? Бліноў, кажу, няма. Калабкі будзеш? А назаўтра з ранку да нас прыехала бабуля з блінамі (ноччу пякла!) і сшыткам "правільных" рэцэптаў. Мне было так сорамна за сябе, што плюнула на ВНУ і пайшла вучыцца на кухара, аб чым цяпер зусім не шкадую. І хлопец, цяпер ужо муж, калі меркаваць па тым, што перадусім ён заўсёды цікавіцца, што ў нас будзе смачненькае, таксама цалкам адабрае той мой выбар. "Мы свае бліны адыгралі ў шашкі" Выкладчык Анатоль Драгічынскі дагэтуль добра памятае, як з-за масленічных бліноў аднойчы ледзь ці не здарыўся... "міжнародны" канфлікт. — Год быў, дай Бог памяці, 1970-ты. Я адпачываў у санаторыі пад Брэстам, лячыў застарэлы бранхіт. Паколькі напрыканцы лютага і ў будынках, і ў наваколлі было даволі сумна, з задавальненнем пагадзіўся на трохдзённую экскурсію цягніком Брэст—Ярэмчы, праз Ужгарад і Львоў. Прыехалі мы ў сталіцу Закарпацкай Гуцульшчыны — Рахаў, дзе нашы 5 вагонаў з турыстамі перачаплялі да іншага састава. Паколькі экскурсійны маршрут быў пастаянным, а стаянка — вельмі доўгай, мясцовыя ўлады зладзілі чэмпіянат па шашках паміж зборнай цягніка і зборнай горада. Справа адбывалася якраз на Масленіцу, і наш кухар напёк мноства бліноў, але іх —увесь стос, штук 300 — скралі з вагона-рэстарана! Беларусы добра-такі раззлаваліся, і, калі мы сышліся ў партыі за першае месца з мясцовым гуцулам, я жорстка паставіў умову: калі выйграе зборная цягніка, то бліны вяртаюць з выбачэннямі. І што б вы думалі — выйграў! Увечары бліны елі і мы, і гуцулы, праўда, у цягніку. А тыя гэта былі бліны або спечаныя ўзамен, навуцы, як кажуць, невядома. Без бойкі, праўда, таксама не абышлося... Усё трымаецца на бабках Вядомы паэт і бард Зміцер Бартосік прызнаецца, што Масленіцу "па-сямейнаму" не адзначае, бо зазвычай у гэты час якраз ездзіць па вёсках, дзе збірае фальклор, запісвае спевы мясцовых выканаўцаў. — Я што заўважыў: чым далей вёска ад вялікага горада, тым больш аўтэнтычнае і шчырае там свята, — дзеліцца назіраннямі Зміцер. — Усё гэта трымаецца на старых бабках, якія яшчэ памятаюць абрады, прытрымліваюцца пэўных традыцый, збіраюцца ў нейкія калектывы ды спяваюць разам. Блін не распуста Паводле царкоўнай традыцыі, Масленіца — гэта апошні з трох тыдняў падрыхтоўкі да Вялікага посту, так званая "сырная", або "мясапусная сядміца", калі вернікам ужо нельга ўжываць мяса, але дазваляецца да канца тыдня ўжываць рыбу, яйкі, малочныя прадукты і сметанковае масла. Завяршаецца тыдзень Даравальнай нядзеляй, у якую па звычаі праваслаўныя хрысціяне просяць прабачэння адно ў аднаго і наведваюць могілкі родных з гэтай жа мэтай. У адрозненне ад бязмежных народных гулянняў, падкрэсліваюць сучасныя святары, святкаванне масленіцы для вернікаў "не павінна ператварацца ва злоўжыванне і служыць нагодай для граху, а толькі падрыхтаваць чалавека да часу Вялікага посту, роздуму аб сваёй душы і самаўдасканаленні". Няцяжка здагадацца, што "паганскія" традыцыі кшталту скокаў цераз вогнішча, абраду "цягання калоды" або спальвання чучала Зімы праваслаўнай царквой, у тым ліку беларускай, таксама не вітаюцца. Але ў рэшце рэшт кожны сам выбірае, як яму весяліцца — з чаркай ды шкваркай, з блінамі ды гарбатай або з постам ды малітвамі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Фота з сайта centerum.net "Бліны і пацалункі падліку не любяць", — сцвярджае прымаўка. І калі наконт другога абаронцы маралі могуць не пагадзіцца, то першае — бясспрэчна.
|
|