Драпежныя, ручныя, пяшчотныя
29.02.2012
—
Новости Общества
|
З маленства мы звыкаемся з думкай, што воўк — самы небяспечны драпежнік. Што гэтага звера трэба засцерагацца і трымацца ад яго падалей. Маўляў, як ваўка ні кармі... Аднак жыхар вёскі Гайна Сяргей Селях паставіў пад сумнеў гэтую нікім не даказаную ісціну. Ён, дарэчы, не першы і не адзіны ў Беларусі, хто здолеў прыручыць шэрых драпежнікаў і знайсці з імі агульную мову. Больш за тое, двухгадовае назіранне за ручнымі жывёламі пераканала гаспадара, што ваўкі маюць патрэбу ў ласцы да сябе з боку людзей. Гэтак жа і самі шэрыя здольны праяўляць пяшчоту, якой надзелены толькі самыя адданыя і бязвінныя істоты. Выводзячы калматых гадаванцаў на прагулку, Сяргей дазваляе сабе пакачаць іх у снезе, пацягаць за поўсць. Дурэюць з ваўкамі і Сяргеевы дзеці Ульяна і Аляксей (на фотаздымку). Ваўкі не ўтойваюць радасці і туляцца да гаспадароў, імкнуцца лізнуць у твар. Аднак Селях перакананы — ва ўсім павінен быць разумны падыход Першае, што кідаецца ў вочы, калі бачыш гэтых "адмоўных"герояў нашых казак, — яны дагледжаныя, прыгожыя, з круглымі бакамі. Густая поўсць ажно зіхаціць на сонцы. Таму і прыходзіць думка: хіба можа сытая жывёла быць небяспечнай? А калі яна яшчэ і выгадавана ў хатніх умовах?.. Два гады таму Сяргей Селях знайшоў у лесе пакінутых, яшчэ невідушчых шчанюкоў-ваўчанят. Маці-ваўчыца не прыходзіла да логава некалькі дзён. Ці не напаткала яе часам паляўнічая куля, губляўся ў думках Сяргей і вырашыў не пакідаць малых на пагібель. А тым больш забіваць... За што? Яны ж не вінаватыя, што прырода-маці зрабіла іх драпежнікамі. Прырода — не чалавек, нялюбых дзяцей у яе няма. Добра, што ў гэты самы час дома ў сучкі Айны былі свае шчанюкі і Селях падклаў ваўчанят пад сабаку-маці. — Цікава было назіраць, як "падкідышы" гадаваліся разам са зводнымі братамі і сёстрамі. Айна гулялася з імі, як з роднымі, аблізвала, грэла, — прыгадвае Сяргей пачатак воўчага суседства. — Наша сям'я моцна прывязалася да жывёл, дзеці прыдумалі ім мянушкі, забаўляліся, не мелі ніякага страху да іх. Аднак ваўкі растуць хутка. У першую восень Шэрка і Вітоша набылі выгляд сапраўдных драпежнікаў. Невысокага ягдтэр'ера Айну пачало злаваць, што прыёмныя гадаванцы ў два разы большыя за яе, не разумела іхніх жартаў і забаў. Прыйшлося гаспадарам вызначаць ваўкам месца ў вялікай клетцы. А каб Вітоша і Шэрка не сумавалі і не дзічэлі, у спакойны вечаровы час з імі ладзілі прагулкі ў поле — яно пачынаецца акурат за хатай. Цяпер у Селяха не проста дом і падворак — аграсядзіба. Ён пчаляр і вызначыў для сябе цікавую — "мядовую" форму вясковага турызму (знаёміць гасцей з жыццём пчол і тэхналогіяй утрымання і развіцця пчалярскай гаспадаркі). Ахвотных прыехаць на пчальнік і пачаставацца мёдам цяпер нямала. Дарэчы прыйшліся на сядзібе і Вітоша з Шэркай. Экзатычныя жывёлы — частка турыстычнага маршруту, адна з разынак сядзібы "Гаенскія вытокі". Ваўкі спакойна рэагуюць на здзіўленыя воклічы вакол клеткі. Ніякай агрэсіі. Вітоша хаваецца ў кут. Шэрка трэцца аб загародку, да яе можна ціхенька дакрануцца. — Характары ў нашых жывёл розныя. Калі Вітоша больш асцярожны і палахлівы, дык Шэрка, наадварот, гуллівы, задзірысты і дапытлівы воўк, — зазначае Сяргей. — Паміж сабой яны добра ладзяць, і гэта нам вельмі даспадобы. Анатоль Кляшчук, фота аўтара. Лагойскі раён
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З маленства мы звыкаемся з думкай, што воўк — самы небяспечны драпежнік. Што гэтага звера трэба засцерагацца і трымацца ад яго падалей. Маўляў, як ваўка ні кармі......
|
|