ПАДАРУНКІ З "ПОЛЯ ЦУДАЎ". 21.by

ПАДАРУНКІ З "ПОЛЯ ЦУДАЎ"

13.03.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адны называюць гэта месца "блышыным рынкам", другія — "полем цудаў". Сюды імкнуцца, каб набыць штосьці рэдкае, незвычайнае, такое, чаго ні ў кога не будзе, — і зрабіць гэта танна. Летась я прыдбала тут прыгожы кулончык-кветачку ўсяго за 2000 рублёў, крыху паблукала па "цудоўных" прасторах і з'ехала. Аднак зараз, калі цэны ў крамах пачалі кусацца, я вырашыла адправіцца сюды, каб набыць падарункі для сваіх родных.

"Поле цудаў" знаходзіцца, як вядома, у Ждановічах. Сюды можна трапіць на электрычцы, што ідзе ў напрамку Маладзечна, выйшаўшы на прыпынку "Лябяжы". Трэба мінуць звычайныя гандлёвыя рады, крытыя павільёны, перайсці праз падземны пераход, а пасля крочыць уздоўж стаянкі, трымаючы шлях арыенціровачна на вялікі сіні будынак.

Падарунак 1. Цёплы і мяккі

Першае, што нам трапілася на "блышыным рынку", былі буркі. Прыгожыя і акуратна сшытыя — іх вельмі хацелася ўзяць у рукі. Звонку зробленыя з салдацкага шыняля, унутры — штучны мех і нават устаўлена пятка. Я была ўпэўнена, што такія шыюць на заводзе, аднак не — іх вырабляе бабуля гандляркі. Кошт 100 000 рублёў. У тых, хто з вёскі, не ўзнікае пытання, што рабіць з буркамі. Аднак ёсць і гараджане, якія любяць насіць буркі ва ўласных кватэрах. Зімой, у лютыя маразы, тым, хто мае даволі прахалоднае жыллё і час ад часу прастуджваецца, буркі могуць стаць карысным падарункам — трымай галаву ў холадзе, жывот у голадзе, а ногі ў цяпле.

Дарэчы, валёнкі тут каштуюць прыкладна 300 000 рублёў. Ёсць вялікі выбар цёплых шкарпэтак розных памераў за 25 000. Слушна жартуюць, што ў замежжы падарункі кладуць у шкарпэткі, а ў нас шкарпэткі — гэта ўжо падарунак.

Да разраду цёплых і мяккіх пакупак аднясём і накрыўкі на зэдлікі. Яны зроблены з паралону, абшыты тканінай рознай якасці і колеру. Каштуюць усяго 12 000 за штуку. Іх можна набыць толькі ў адным месцы. У жанчыны-гандляркі ажно два вялікія стосы такіх вырабаў. Пра некаторыя яна кажа: "Гэтыя толькі сёння ноччу пашыла". Відаць, гэты тавар — адзін з самых запатрабаваных.

Падарунак 2. Мініяцюрны

Часта сустракаюцца тут статуэткі з латуні — гэта каштоўны метал. Яго асаблівасць у тым, што ён надта цяжкі. Хутка праходзячы праз адзін рад за гандляром, што вёў нас да сваёй жонкі, я мімаходзь убачыла прыгожы залацісты латунны пантофлік, быццам казачнага героя. Вярнуліся — а яго ўжо набыў мужчына, за 100 000, сказаўшы, што ўчора прагуляў 160 000, дык лепш сёння набудзе добрую рэч — усё роўна грошы разыдуцца. Пантофлік ён, хутчэй за ўсё, будзе выкарыстоўваць як попельніцу. А мне гандляр прапанаваў латунную малпачку. Яна сваімі доўгімі рукамі некалі абдымала салонку і перачніцу, а зараз вольная для любога выкарыстання.

Трапіўся мужчына, што гандляваў фарфоравымі статуэткамі. У яго ж мы ўбачылі прыгожую, арыгінальнай формы і колеру трубку. Трубка можа стаць выдатным падарункам для мужчыны, які неабыякавы да цыгарэт і час ад часу мае жаданне пабалаваць сябе іншымі відамі палення.

Той жа гандляр распавёў, што збірае фарфоравыя фігуркі дзяцей — гэта яго захапленне. Дома мужчына мае каля 300 фігурак. І гатовы набываць іншыя за любыя грошы — 100, 200, 300 тысяч рублёў — нават калі яны ў яго будуць другія ці трэція, а не першыя. "Бо ўсе яны розныя, — сцвярджае мужчына. — Хаця б вочкамі адрозніваюцца". А з таго, што меў зараз, ён прапаноўваў выбраць тое, што спадабалася, абсалютна бясплатна. Можа, трэба было папрасіць трубку для сябра?...

Падарунак 3. Для эстэтычнага спажывання

На "полі цудаў" заўсёды ёсць сярэбраны посуд. Відэльцы, лыжкі, шчыпцы для цукру, нават падносы. Мяне вельмі зацікавілі невялічкія залацістыя лыжачкі — аказваецца, яны сапраўды былі пазалочаныя, да таго ж упрыгожаныя чорнай эмаллю з белымі кропачкамі. Зараз лыжачкі бяруць у падарунак маленькім дзецям — дзеля ўласнай цікавасці такую раскошу не надта набудзеш — адна штука каштуе 25$.

Шмат на базары невялікіх чайнікаў і кафейнікаў. Маё захапленне выклікала керамічная турка з драўлянай ручкай. У дадатак да яе — два маленькія кубачкі, унутры колеру расплаўленага шакаладу, звонку — з немудрагелістым малюнкам эмаллю.

Выдатным падарункам можа стаць драўляная васьмілітровая бочка з кранікам усяго за 80 000. Той, хто робіць хатняе віно, вам такой ласкі не забудзе і стане часцей запрашаць пачаставацца новай настойкай.

Калі вы жадаеце парадаваць адразу ўсю сям'ю, назбірайце грошай і набудзьце сапраўдны самавар — 100$. Думаю, не трэба расказваць, якую атмасферу ён можа стварыць за вашым сямейным сталом.

Іспанская фляжка ў скуры, старажытны кілішак, п'ючы з якога, можна адчуць сябе заможным панам, нож на рукаятцы з казлінага капытца — вось нясумныя падарункі для сапраўдных мужчын.

Падарунак 4. Канфіскат

Замежная смачная гарбата і кава — гэта тое, што можна набыць у крамах канфіскату ці ў знаёмых, што часам ездзяць у Польшчу ці Германію. Напрыклад, запакаваны набор з гарбаты, кавы і металічнай каробачкі, каб штосьці перасыпаць, каштуе 30 000 рублёў. Можна знайсці і бутэлькі брэндавай замежнай парфумы.

Мы трапілі на "блышыны рынак" у самую непагадзь: з самага ранку валіў мокры снег, дзьмуў халодны вецер, а ногі патаналі ў калюжынах. У такі дзень, вядома, менш пакупнікоў і гандляроў. Затое прасцей таргавацца: гандляры, змучаныя дрэнным надвор'ем, могуць рабіць вялікія зніжкі, каб штосьці прадаць і хутчэй сысці. Дарэчы, гандаль пачынаецца а 6-й раніцы — каб паспець заняць лепшае месца, гандляры гатовы не спаць. Між тым рынак нават у 9 гадзін яшчэ амаль пусты.

Мой праважаты спытаў, што я вырашыла сабе набыць. Я адказала, што пакуль не разлічвала на буйныя пакупкі, а нічога таннага не падабрала. Ён запэўніў мяне, што нельга сыходзіць з "поля цудаў" з пустымі рукамі, і набыў мне тую самую керамічную турку з кубачкамі — сапраўдны цудоўны падарунак.

Паход на рынак пакінуў адчуванне добрай прыгоды.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адны называюць гэта месца "блышыным рынкам", другія — "полем цудаў". Сюды імкнуцца, каб набыць штосьці рэдкае, незвычайнае, такое, чаго ні ў кога не будзе,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика