1922: Жыццё наладжваецца. 21.by

1922: Жыццё наладжваецца

21.03.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Паглыбленне ў гісторыю

У папярэдніх падборках, якія я рабіла па падшыўках газеты "Звязда" за 1919 год, некаторыя матэрыялы пацвярджалі, што ў Беларусі людзі галадалі. Наогул голад, што пачаўся ў 1918-м, зацягнуўся да 1921-га. Але, нарэшце, жыццё пачало наладжвацца. У 1922-м газета піша: "...мы выйшлі з галоднай паласы... маем добры ўраджай, роўны 75 працэнтам даваеннай прадукцыі,... вёска аправілася і пачынае дыхаць,... селянін выкідвае на рынак хлеб і патрабуе прадукцыі".

Безумоўна, гэтаму спрыяла новая эканамічная палітыка. Яна ўплывала на развіццё гандлю і дробнага прадпрымальніцтва. На Х з'ездзе РКП (б), які прайшоў у сакавіку 1921 года, абвешчана аб замене харчразвёрсткі (абавязковая здача сялянамі прадуктаў у фонд дзяржавы) харчпадаткам. Дазволены свабодны гандаль, прыватная вытворчасць, арэнда.

У гэты час шмат робіцца для аднаўлення прамысловасці. Між іншым, у Беларусі гэта адбываецца ў неспрыяльных умовах. У краіне, спустошанай вайной, больш за палову буйных прадпрыемстваў наогул не працавала. Пасля Рыжскага мірнага дагавору 1921 года, калі добрая частка Беларусі адышла да Польшчы, парушаны эканамічныя сувязі. Трэба шукаць новыя рынкі збыту прадукцыі. Не хапае сыравіны і грошай, каб падымаць дзяржаўныя прадпрыемствы. Таму ў гэты час каля 300 прадпрыемстваў, пераважна дробных, здадзена ў арэнду прыватнікам. Ужо недзе праз год-паўтара на долю прыватніка прыпадала 90 працэнтаў усіх гандлёвых прадпрыемстваў і 85% тавараабароту...

Я не проста так пачала гэтую падборку з "экскурсу ў гісторыю". Вядома, можна выхапіць з падшывак "Звязды" асобныя радкі, якія "зачапілі", ці падагнаць агляды газет пад "лінію партыі", як гэта рабілі мае папярэднікі (маю на ўвазе артыкулы па гісторыі журналістыкі і гісторыі "Звязды", дзе ў асноўным распавядаецца, як газета асвячала партыйныя з'езды, пісала пра будаўніцтва савецкай краіны). Я хачу ў газетных радках улавіць час. Таму і "пачынаю танцаваць" ад рэалій гісторыі.

Газета пра вёску амаль не піша, большасць навін звязана з жыццём рабочых. Так, у гэты час у газету ў асноўным дасылаюць заметкі рабкары. Напэўна, гэта звязана з тым, што барацьба з непісьменствам больш актыўна і "рэзультатыўна" праводзіцца ў гарадах. І як вынік, не хапае людзей, гатовых дасылаць навіны з вёскі. Магчыма, проста не хапае людзей, гатовых пісаць не толькі пра вёску, а наогул пра жыццё рэгіёнаў. Асмелюся прывесці яшчэ адну версію. Напэўна, пакуль жыццё вёскі не такое цікавае газеце. Ад навукоўцаў мне даводзілася чуць думку, што ў савецкай краіне стаўка рабілася на рабочых — нездарма савецкія ўлады увесь час аперыравалі такімі словамі, як "дыктатура пралетарыяту". Рабочымі было лягчэй кіраваць: ім не было чаго губляць, а сяляне трымаліся за зямлю — уплываць на свядомасць вяскоўца было даволі складана. Як пацвярджэнне таму, вельмі маруднымі тэмпамі прасоўвалася калектывізацыя на вёсцы (да канца 1920-х калектыўныя гаспадаркі істотнага распаўсюджвання на Беларусі не атрымалі). Ці не вялася ў савецкі час барацьба "супраць вёскі"? Думаю, што так. Спачатку гэта праявілася "наездамі" на ўласнікаў-кулакоў. Пазней — гэта ліквідацыя хутароў, неперспектыўных населеных пунктаў, узбуйненне вёсак, перацяканне вясковага насельніцтва ў гарады.

У лістападзе 1922 года ў "Звязде" у артыкуле, які распавядае пра стан беларускай прамысловасці, гаворыцца пра тое, што неабходна "атрымаць з сялянскага рынку ўсё магчымае". "Мясцовая прамысловасць можа сыграць вялікую ролю, яна выконвае буйную дзяржаўную задачу, выкачваючы з сялянства грашовыя знакі і павялічваючы таваразварот на вёсцы", — адзначае аўтар.

Між іншым, пра тое, што ў гэтыя гады пралетарыят "выкарыстоўваў" вёску, гавораць і факты. Газета піша, што вясной 1922 года прамысловасць перажыла крызіс збыту. Каб "атрымаць з сялянскага рынку ўсё магчымае", гульня вялася не на карысць вёскі — пастаянна павялічваліся цэны на прамысловыя тавары. Асабліва востра крызіс збыту выявіцца ў 1923 годзе: прамысловыя тавары настолькі вырастаюць у цане, што сяляне проста не могуць іх купіць.

Прыватнікаў неўзлюбілі

Нягледзячы на тое, што НЭП ужо дае свае вынікі, я не бачу на старонках газеты "прасоўвання" і "ўхвалення" такой эканамічнай палітыкі. Аўтары ставяцца да яе асцярожна. У снежні 1922 года ў адным з тэкстаў Сяргея Каплана знаходжу такія радкі: "Толькі-толькі з'явіўся НЭП. Які гэта будзе звер — яшчэ не ведаюць". Я не знаходжу матэрыялаў, у якіх бы гаварылася добра пра прыватнікаў, хаця аўтары газеты пільна сочаць за імі і, як быццам, вышукваюць, да чаго прыдрацца. Яны пішуць, што ў прыватных майстэрнях брудна, што работнікі працуюць і ў 10 гадзін вечара, што шмат няўлічаных работнікаў — у тым ліку і непаўналетніх, за якіх не плаціцца падатак. Напрыклад, газета піша: "За апошні час на прыватных прадпрыемствах шырока развілася фіктыўнае папяровае кампаньёнства. Большасць такіх "кампаньёнаў" — гэта жорстка эксплуатуемыя рабочыя, вымушаныя гаспадарамі лічыцца на паперы кампаньёнамі, каб гаспадарам за іх не плаціць узносы". Газета піша, што такія рабочыя ў прыватніка вымушаны працаваць па 13-16 гадзін.

Справы гарвыканкама

Што хаваецца за лічбамі? Часам яны могуць распавесці пра жыццё горада. Якія былі прыярытэтныя расходы ў першыя мірныя гады, можна даведацца з матэрыялу "Мінская гарадская гаспадарка ў мінулым і сёння (паводле звестак каштарыса гарадской управы на 1914 год і каштарыса гарвыканкама на 1922—23 год)", змешчанаму ў "Звяздзе" ў кастрычніку 1922 года. "...Нягледзячы на ўсе разбурэнні, якія зроблены ў час вайны і акупацыі, нягледзячы на агульнае збядненне насельніцтва горада, на падзенне вытворчасці працы, была праведзена каласальная праца па адраджэнні гарадской гаспадаркі. Савецкая ўлада звяртае ўвагу на справу народнай асветы і ахову здароўя, надае максімум сіл і сродкаў... Гарвыканкам карысна выкарыстоўвае падаткі, якія збірае на справу паляпшэння жыцця і быту працоўных і на агульнае добраўпарадкаванне горада".

У газеце змешчана табліца, з якой прывяду некаторыя вытрымкі.

"Гарадская ўправа на медыцынскую, санітарную і ветэрынарную справу адпускала 5 працэнтаў свайго расходнага каштарыса, гарвыканкам на ўтрыманне лячэбных устаноў — 29 працэнтаў расходнага каштарыса".

"Былая гарадская ўправа на ўтрыманне гарадскіх школ і на дапамогі казённым і прыватным установам, на стыпендыі, бібліятэкі, пляцоўкі адпускала 6% расходнага каштарыса. Гарвыканкам на ўтрыманне школьнай сеткі, дзіцячых дамоў, пляцовак і садоў і інш. устаноў — 30% каштарыса".

Між іншым, асаблівая ўвага да "медыцынскай справы" пачынае даваць свае вынікі. Газета адзначае, што ў Мінску ўжо менш рэгіструецца выпадкаў па захворванні на тыф, захворванне на дзіцячыя інфекцыі (адзёр, шкарлятына, дыфтэрыт, натуральная воспа) не пераходзіць за межы звычайных нормаў мірнага часу.

Беспрацоўных — на лесанарыхтоўкі

Як адзначаюць аўтары "Звязды", у гэты час беспрацоўе ў Беларусі мае сваю спецыфіку. У падшыўцы за лістапад 1922 знаходжу такія радкі: "У той час, як у іншых губернях РСФСР беспрацоўе павялічваецца за кошт згортвання вытворчасці, беспрацоўе ў Беларусі павялічваецца за кошт людзей, што прыязджаюць з іншых губерняў.

Пры азнаямленні са складам беспрацоўных відаць, што большая частка з іх немясцовыя, бежанцы, што прыязджаюць з галадаючых губерняў... у памежнай паласе... асядаюць па розных прычынах тыя, хто планаваў ехаць на радзіму (у Польшчу, Літву)...

У нас вялікая колькасць кваліфікаваных працоўных, якія не змогуць атрымаць працу ні праз месяц, ні праз паўгода і нават праз больш працяглы час. Некаторыя прафесіі не могуць быць прыменены, бо няма такой вытворчасці".

Між іншым, як адзначае газета, ёсць выйсце з падобнай сітуацыі. "Лесанарыхтоўка — гэта пры дадзеных умовах — амаль адзіны і самы рэальны метад барацьбы з беспрацоўем". менавіта такая праца ў Беларусі можа быць прапанавана двум трэцім усіх беспрацоўных.

Перавагу крытыцы

24 лістапада 1922 года газета змяшчае першую падборку матэрыялаў, якія распавядаюць пра развіццё прамысловасці Беларусі, і ў артыкуле "Дасягнутыя поспехі трэба развіваць" папярэджвае чытача: "Наша гаспадарка і гандаль будуць арганізавана выступаць на старонках нашай газеты штомесяц. Мы будзем старацца кожны раз аб'ектыўна адзначаць дасягненні і промахі.

Цалкам магчыма, што мы акажамся надта жорсткімі крытыкамі — мы лічым, што гэта значна лепей, чым хваліць. Лепш недаацаніць поспех, чым яго пераацаніць".

Алена Дзядзюля.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У папярэдніх падборках, якія я рабіла па падшыўках газеты "Звязда" за 1919 год, некаторыя матэрыялы пацвярджалі, што ў Беларусі людзі галадалі. Наогул голад, што...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика