Мандонга: снікерс адпачывае!
05.04.2012
—
Новости Общества
|
У Мінску нацыянальная кухня краін свету прадстаўлена шырока. Нават лацінаамерыканскія стравы ёсць (іх прапануе кубінскі рэстаран "Варадэра"). А вось венесуэльскіх прысмакаў мы ўвогуле не ведаем. Шкада, бо крэольская кухня вартая калі не гурмана, дык хаця б чытача. Смачны "парламент" Візітоўка крэольскай кухні называецца "венесуэльскі павільён". Чаму "венесуэльскі" — зразумела, а вось чаму "павільён"? Рэч у тым, што страва чымсьці нагадвае архітэктурную пабудову, у прыватнасці, старажытны палац, у якім размяшчаецца сённяшні парламент — Нацыянальная асамблея. "Галоўныя карпусы" будынка — ялавічына, белы рыс і чорная фасоля. Ролю "парку з фантанам" выконваюць два смажаныя бананы. Завяршае кампазіцыю яечня, якая кладзецца зверху і такім чынам выконвае ролю "купалападобнага даха". Толькі трыкалора над ім не хапае! Калі аднойчы афіцыянт прынёс "павільён" без яечні, мой сябар-венесуэлец хітравата мовіў: — Незавершанае будаўніцтва, чаявых не будзе! Афіцыянт хуценька схапіў талеркі і подбегам паляцеў на кухню — завяршаць "недабуд". А тым часам венесуэльскі сябра распавёў, як гатуецца "венесуэльскі павільён" і колькі ў ім інгрэдыентаў, спецый ды прыпраў. Больш за ўсё мяне ўразіла гатаванне ялавічыны. Гэта быў не проста кавалак мяса, а мясныя валокны, падобныя на спагеці. Аказваецца, адвараную ялавічыну кухары рашчапляюць уручную. Гэта працэс, які патрабуе часу і спрактыкаванасці. Суп-абед Рэкламны слоган снікерса "З'еў — і поўны парадак!" прыдумалі янкі, да таго ж гараджане. Але сапраўдны каўбой на снікерсе шмат не працягне. Таму венесуэльскія гаўчо вынайшлі суп, які сапраўды цалкам замяняе ўвесь абед. З'еўшы яго апоўдні, забываеш пра голад да вячэры. Тыя, хто ў рэстаране замаўляе гэты суп, абыходзяцца без салаты, халоднай закускі і другой стравы. Рэцэпты з інтэрнэту выклікаюць усмешку. Правільна страву можа прыгатаваць толькі той, хто яе ведае з дзяцінства. Называецца цудадзейны суп загадкавым словам "мандонга". Яго інгрыдыенты таксама загадкавыя. Першы раз мне здалося, што ем мясны булён з бульбай і грыбамі. На самой справе бульбай быў караняплод пад назвай "юка", а грыбамі — свіныя вушы. На выгляд мандонга — звычайнае першае, як і ў нас. Калі б не адна дэталь — кавалак варанай кукурузы, які не заўважыць цяжка. У Беларусі кукурузы — што гліны, але ніводны кухар не дацяміў спалучыць яе з супам. Мяса "бабы" і водны пацук! Традыцыйна венесуэльцы спажываюць шмат ялавічыны. Яна таннейшая за свініну ці не ўтрая. Шмат таннай кураціны, а вось бараніну ды трусяціну знайсці цяжэй, чым мяса кракадзіла. Мне давялося частавацца алігатарам, які ў Венесуэле называецца "баба". На смак нагадвае белую рыбу ці белае курынае мяса. З экзатычнага (для беларуса) мяса можна прыгадаць чыгвірэ. Гэтая жывёліна жыве ў балотах ды лагунах, знешне нагадвае бабра, але па памерах — падсвінак. Салёна-вэнджаныя шчанюкі чыгвірэ лічацца далікатэсам і каштуюць немалых грошай. Калі вы грэблівы, далей не чытайце. Чыгвірэ — водны пацук. Экзотыка венесуэльскай кухні тычыцца таксама і афармлення страў. Арол, які на фота бачыць чытач, — насамрэч кавун, дэкараваны кухарам-скульптарам. Каму лобстар абрыдзеў, а хто і скарынцы рады Надышоў час абеду. Гаваркія венесуэльцы накіроўваюцца, хто пад дрэва з "ссабойкай", а хто і ў рэстаран. Дарэчы, у Венесуэле рэстаранам называе сябе любы пункт грамадскага харчавання, нават брудная піўнушка ці сталоўка ў шпіталі. У дарагіх рэстаранах мэбля з каштоўных парод драўніны і афіцыянты ў белых пальчатках. У танных рэстаранах мэбля з пластыку, а афіцыянтаў увогуле няма — самаабслугоўванне! Адсутнасць сэрвісу і беднасць інтэр'еру з поспехам кампенсуюцца таннасцю страў. Пры гэтым іх якасць задавальняе, а смак дык увогуле адмысловы. Вось з чым цяжка пагадзіцца, дык з адсутнасцю вады ў прыбіральні. А так — смачна і танна падсілкавацца ў Каракасе можна нават і ў дзве гадзіны ночы. Калі да прэстыжнага рэстарана пад'язджае шыкоўны аўтамабіль, яго сустракае паркоўшчык. Уладальнік перадае ключы, а сам, разам з сябрамі, накіроўваецца за замоўлены столік. Па дарозе сеньёр заўважае ў акварыуме лобстара і падзывае метрдатэля. Так узнікае ідэя, што сёння з'есці. А вось чарапасе з суседняга акварыума сёння пашанцавала, але яе ўсё адно хтосьці замовіць... Абед ці вячэра будуць цягнуцца не адну гадзіну. За кавай пачнуцца размовы пра бізнэс, палітыку, бейсбол і жанчын... Тым часам афіцыянт будзе прыбіраць талеркі, у якіх засталіся недаедзеныя кавалкі стравы... У суседнім квартале да мяне падыдзе жанчына з маленькім хлопчыкам і папросіць грошай — хаця б на хлеб. Іх вочы я не забуду да скону. Андрэй СМІРНОЎ, фота аўтара. Каракас — Мінск, спецыяльна для "Звязды". Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Мінску нацыянальная кухня краін свету прадстаўлена шырока. Нават лацінаамерыканскія стравы ёсць (іх прапануе кубінскі рэстаран "Варадэра"). А вось... |
|