"Куды б ні ехаў, заўсёды бяру з сабой гармонік", або Сакрэт маладосці ад Міхася Слізкага
12.05.2012
—
Новости Общества
|
Наша знаёмства з Міхасём Іванавічам пачалося... з музыкі. Ледзь паспела зачыніць за сабой дзверы з шыльдай "Музей гармонікаў", як жвавы гаспадар зняў з паліцы адзін з рарытэтных экспанатаў і зацягнуў лявоніху. Затым польку, кадрылю... "Самаму старому пераваліла за 100" Збіраць гармонікі Міхась Іванавіч пачаў 21 год таму. Спачатку даваў аб'явы праз газеты. Неўзабаве падключыліся сябры і знаёмыя: сталі падказваць, дзе можна знайсці чарговы інструмент. — Вось гэты ўнікальны трафейны банданеон трапіў сюды дзякуючы калегу па працы, — распавядае калекцыянер. — Той убачыў яго на рынку ў Ждановічах і папрасіў прадаўца прытрымаць для мяне інструмент. А вось гэты баян 1937 года выпуску — падарунак палкоўніка ракетных войскаў артылерыі з Мінска. Ён зусім выпадкова ўбачыў маю калекцыю па тэлебачанні, патэлефанаваў і кажа: "Міхась Іванавіч, прыедзьце, у мяне тут баян ёсць, трафейны, мне яго бацька з вайны прынёс. Сам на ім некалі граў, але пасля інсульту рука не слухаецца, дык хачу яго вам падарыць". Трэба было чуць, як той чалавечак радаваўся, калі я прывёз баян з рамонту і зайграў для яго па тэлефоне. Самы стары інструмент калекцыі — петраградская трохрадка, ёй ужо больш за 100 гадоў. Прывёз яе Міхась Слізкі на таксоўцы ажно з Пастаўскага раёна. — На інструменце граў сам Рабіза Мечыслаў Мечыслававіч — славуты майстар і гарманіст, — распавядае суразмоўца. — Калі віртуоза не стала, са мной звязалася яго жонка і прапанавала забраць гармонік. Петраградская трохрадка, паводле слоў калекцыянера, цікавая не толькі сваім узростам. У яе асаблівы венскі строй — пры сцісканні і расцягванні меха гармонік гучыць па-рознаму — асвоіць яго пад сілу не кожнаму. — Дарэчы, вось гэты імянны аўстрыйскі гармонік, які мне прэзентавалі сябры з горада Грац, таксама мае венскі строй. З ім звязана смешная гісторыя. У 2008 годзе я вазіў частку сваёй калекцыі на абласны фестываль народнай музыкі. Нейкі мужык падышоў, пайграў на адным, другім гармоніку. Гляджу, пацягнуўся за аўстрыйскім. І так, і гэтак — не атрымліваецца. І на поўным сур'ёзе кажа: "Слухай, табе трэба адрамантаваць гэты гармонік". Я ледзь стрымаў смех. А пасля ўзяў гармонік у рукі і пачаў граць. Ён толькі развёў рукамі: "А я думаў, гэта храматычны інструмент, а аказваецца — не..." "13 гадоў жонка мірылася з такім суседствам" Побач з тульскімі, маладзечанскімі, шуйскімі, саратаўскімі красуюцца італьянскія і аўстрыйскія гармонікі. За 20 гадоў калекцыянеру ўдалося сабраць больш за 100 экспанатаў. Цяжка ўявіць, што некалі ўсе яны былі прапісаны ў двухпакаёвай кватэры. — Уся спальня і ўвесь балкон у мяне былі застаўлены гармонікамі. Жонка ніколі не ўтойвала эмоцый з гэтай нагоды. Дагэтуль узгадваю, як заходжу ў кватэру з новым экспанатам, а яна цяжка ўздыхае: зноў прынёс... <І>(усміхаецца) . І яе можна зразумець: мала таго, што на іх ішло нямала грошай з сямейнага бюджэту, дык і ў кватэры не было дзе ступіць за маімі гармонікамі, баянамі ды акардэонамі. Разам з тым, яна разумела, што гэта для мяне значыць, таму мірылася з такім захапленнем, і нават сама на дзень народзінаў замовіла ў вядомага майстра з Маладзечна Гайдукевіча Міхаіла Пятровіча новы гармонік. Пасля таго, як Міхась Іванавіч амаль усю калекцыю перанёс у будынак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (дзе сёння і знаходзіцца музей гармонікаў), у кватэры стала прасторна. — Як прыйшла ідэя стварыць музей? — цікаўлюся ў калекцыянера. — Яшчэ ў 1986 годзе ў перадачы "Іграй, гармонь любімая" паказалі музей рускага гармоніка прафесара Альфрэда Мірэка. Я тады сам сабе падумаў: чаму не стварыць нешта падобнае і ў нас? Чым мы, беларусы, горшыя? І стаў збіраць гармонікі. Мірэк падарыў сваю прыватную калекцыю Маскве на 850‑годдзе. Я ж усё ў асноўным перадаў універсітэту. Міхась Слізкі, як высветлілася, нарадзіўся ў музыкальнай шматдзетнай сям'і. Яго бацька выдатна іграў на скрыпцы, а маці спявала лепш за ўсіх жанчын у вёсцы. — У нас дома не было гармоніка. Таму я, як толькі чуў заліхвацкія матывы, якія даносіліся з дома суседа, імчаў туды. У дзядзькі Ахрэма было ажно тры інструменты. Сам ён іграў, дачка яго іграла і сын. Я глядзеў, як яны перабіраюць пальцамі, лавіў гукі на слых і запамінаў. Мне было гадоў 10, калі стрыечны брат Рыгор падарыў ладны кіраўскі гармонік. Два месяцы дзень з ноччу іграў на ім. Прыбягаў з вечарынкі дадому, браў гармонік, ішоў у садочак і ціхенька, каб не забыцца мелодыю, якую там пачуў, і не пабудзіць бацькоў, трэніраваўся. І ўжо 7 лістапада, гэта быў Дзень Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, у школе я іграў песню "...и дорогою степною шли с войны домой советские солдаты...". Ваенная тэматыка на той час была самай папулярнай. "Ігра на гармоніку працягвае жыццё" — Міхась Іванавіч, а што для вас значыць гармонік? — Вельмі многае. За сваё жыццё мне давялося пабываць у многіх краінах. І куды б ні ехаў, заўсёды бяру з сабой гармонік. Да кожнага інструмента трэба знайсці падыход, таму я размаўляю са сваімі гармонікамі. Прыходжу ў музей і першай справай вітаюся: "Дзень добры, мае харошыя, рады вас бачыць". Іду дадому, выключаю святло са словамі "ўсяго добрага, да заўтра". Я шаную гармонікі, а не так, як некаторыя: возьме за рэмень, мяхі расцягнуцца, і нясе, быццам дровы якія. У мяне душа баліць: як гэтак можна? — Часта дастаяце інструменты з паліц? — Пастаянна іграю. То на адным, то на другім. Гармонік любіць, каб на ім ігралі. Ён тады лепш гучыць. Калі ў музей ніхто не прыходзіць на экскурсіі, дык я магу цэлы дзень правесці з гармонікам. Давайце яшчэ сыграю вам вось на гэтым саратаўскім, са званочкамі. Гук гэтага маленькага чырвонага гармоніка, дарэчы, спадабаўся мне больш за ўсё. Перадаў яго музею, паводле слоў калекцыянера, малады чалавек, дзядуля якога атрымаў інструмент некалі даўно ў якасці прэміі. Доўгі час ён пыліўся ў шафе, а цяпер радуе наведнікаў музея сваімі заліхвацкімі матывамі. Нягледзячы на свой узрост, большасць рарытэтных экспанатаў у выдатным стане. Менавіта ігра на гармоніку працягвае яму жыццё, лічыць Міхась Слізкі. А ці толькі яму?.. — Міхась Іванавіч, вы ўжо даўно размянялі шосты дзясятак, а так адразу і не скажаш. Падзяліцеся з чытачамі "Звязды" сакрэтам жыццялюбства. — Я хоць і пенсіянер, але мала сяджу дома. То сюды ў музей прыбягу, то студэнтам на кафедры рэжысуры абрадаў і святаў падыгрываю на гармоніку. Запрашаюць мяне людзі на вяселле пайграць, на дзень народзінаў. Вось ужо маю запрашэнне на пачатак ліпеня. 70 гадоў адной жанчыне будзе. Патэлефанавала за паўтара месяца, каб я нікуды не збег. Сказала: "Не трэба мне ніякіх вашых радыёлаў, будзем два дні гуляць толькі пад гармонік". — Адкуль бераце сілы? — Я скажу, адкуль у мяне сілы — ад любові да Беларусі. Я напісаў верш, можна пачытаць? Тут зямля мая. Продкі мае, Дзеці, унукі, што любяць мяне. Таму тут я шчаслівы такі, Дарагія мае землякі. Тое ўсё, што з гадамі набыў, Што дарылі, што сам я купіў, Я нашчадкам пакінуць імкнусь. Няхай помніць мяне Беларусь. Надзея ДРЫЛА, фота аўтара
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наша знаёмства з Міхасём Іванавічам пачалося... з музыкі. Ледзь паспела зачыніць за сабой дзверы з шыльдай "Музей гармонікаў", як жвавы гаспадар зняў з паліцы...
|
|