Выбарчая Акруга Алега Ката. 21.by

Выбарчая Акруга Алега Ката

23.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Муж мяне падколваў: "Пасяджэння сесіі на гэтым тыдні няма, а ты зноў пра парламент будзеш пісаць?" Больш за тое, я сабралася ў камандзіроўку. Бо менавіта таму, што пасяджэнняў Палаты прадстаўнікоў у бліжэйшыя дні не запланавана, дэпутаты адправіліся ў свае акругі, я напрасілася ў адну з іх — Дзяржынскую выбарчую акругу №65. Ашаломленаму мужу так і сказала: "Еду да Ката!" Да Алега Іванавіча Ката, дэпутата Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы.

Па-першае — блізка ад Мінска, па-другое, з Алегам Катом у "Звязды" існавала старая дамова пра эксклюзіўнае інтэрв'ю. Ды і ў прэс-цэнтры Дома ўрада шматзначна дадалі: "Ён жа былы ваенкам!" Што стаіць за гэтымі словамі, мне стала зразумела праз некалькі гадзін сумеснай працы з Алегам Іванавічам.

Уласны дом

Невялікі сціплы кабінет у выканкаме: шыльда з прозвішчам дэпутата на дзвярах, бюст Леніна і "Капітал" Карла Маркса на кніжнай паліцы. Алег Іванавіч глядзіць на насценны гадзіннік і расказвае мне пра чалавека, які павінен прыйсці праз 5 хвілін:

— Грыб Сяргей Казіміравіч, двое дзяцей, маладая сям'я. У 2007 годзе, у ліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, атрымаў участак для будаўніцтва індывідуальнага жылога дома і адкрыў ільготную крэдытную лінію ў памеры 66 мільёнаў рублёў. Выкарыстаў 40 мільёнаў. Астатнія сродкі, укладзеныя ім у будаўніцтва, уласныя. Дом пабудаваў на 70% і збіраўся вясной засяляцца. Аднак 28 студзеня а 4 гадзіне раніцы адбыўся пажар (будаўнікі са Століншчыны няякасна зрабілі дымаход). Згарэў дах, перакрыцці другога паверха, моцна пашкоджаны першы паверх. Сям'я аказалася ў безвыходным становішчы: грошай на аднаўленне дома няма, жывуць на арандаванай кватэры. На льготны крэдыт, хоць бы на тую суму, якая ім была выдзелена і якую яны не забралі, яны ўжо не маюць права...

Гэты выпадак стаў нагодай для зварота дэпутата Алега Ката да кіраўніка Нацыянальнага банка. Сёння, згодна з заканадаўствам, крэдытная лінія на будаўніцтва індывідуальнага жылога дома і кватэры ў панэльным доме адкрываецца на аднолькавы тэрмін — 3 гады. Аднак параўнаць тэрміны будаўніцтва першага і другога нельга. Для жыллёвага кааператыва такі тэрмін можа быць дастатковы, але самастойна пабудаваць дом за два-тры сезоны наўрад ці рэальна. Трэба хоць бы чатыры-пяць гадоў, лічыць дэпутат. Асабліва калі чалавек разлічвае пераважна на сябе.

Сяргей Грыб збіраўся засяліцца на пяты год. Пры тым, што ўсе гады ён, лічы, жыў на будоўлі. Практычна ўсё рабіў сваімі рукамі.

Ён ні на хвіліну не спазніўся. Хударлявы, ветлівы, спакойны. Па яго рэакцыі на словы Алега Іванавіча было відаць, што гэты чалавек на многае не спадзяецца. Ён не прывык прасіць... Пагаджаючыся ківаў, калі Алег Кот тлумачыў пра немагчымасць скарыстацца льготным крэдытам, пра нерэальнасць дабіцца хуткіх змен у заканадаўстве, — толькі позірк мужчыны зрабіўся застылым.

Аднак пры наступных словах нешта ў твары бацькі сямейства змянілася. Ён яшчэ не паверыў, але надзея, нібы агеньчык, асвяціла яго рысы.

— Сёння я абмеркаваў пытанне з Мінскім лясгасам пра дапамогу табе як пагарэльцу, — хутка дадаў Алег Кот.

— Такая дапамога аказваецца, калі пажар адбыўся не па віне гаспадароў. Для гэтага неабходна, каб райвыканкам вынес рашэнне аб выдзяленні ў Мінскім лясгасе драўніны на корані, яна будзе значна таннейшай...

Дэпутат на некалькі хвілін выйшаў, каб нешта ўдакладніць па гэтым пытанні, і мы засталіся з наведвальнікам сам-насам. Я распытала яго пра заробкі, пра месца працы, пра ўзрост дзяцей і зразумела, чаму ён не выбраў у свой час увесь крэдыт: яны падлічылі, што большую суму вяртаць іх сям'і будзе не пад сілу. Яны тады не ведалі, што дзяржава кампенсуе частку працэнтаў.

Раптам я заўважыла, што вочы гэтага мужчыны напоўніліся слязьмі. На імгненне ён не справіўся з эмоцыямі. Атрымаць надзею ў яго становішчы — дарагога каштуе. Мне ён сказаў толькі: "Алег Іванавіч — чалавек на сваім месцы! Я нават не спадзяваўся, проста не ведаў, што рабіць..."

"Змрочны" полк

— Неяк мяне спытаў журналіст: "Ці праўда, што дэпутаты выдаткоўваюць на законапраект 16 хвілін?" — скарыстаўся Алег Іванавіч некалькімі хвілінамі да прыходу наступнага наведвальніка. — У адказ я запрасіў яго на пасяджэнне працоўнай групы і папярэдзіў: "Калі там будуць спрачацца на працягу 5 гадзін па нейкім пункце законапраекта і калі вы там пачуеце не толькі літаратурную мову, а назаўтра зноў тое самае, то не крыўдуйце!"

Законапраект пра зброю ў першым чытанні быў адзін, а ў другім чытанні — зусім іншы, змены адбыліся значныя, прыводзіць ён свежы прыклад. Першапачаткова, па меркаванні дэпутата, была спроба лабіравання інтарэсаў Дэпартамента аховы: прапаноўвалася ўсталяваць сігналізацыю на кватэры, дзе захоўваецца гладкаствольная зброя. Аказалася, што гэта каштуе ад 1 млн 200 тысяч да 7 мільёнаў рублёў. А Дэпартамент аховы, між іншым, гасразліковая арганізацыя. І абсталяванне для сігналізацыі прадае таксама яна. І крадуць гладкаствольную зброю не часта. І выкарыстоўваецца яна для калектыўнага, загоннага палявання, альбо, як кажуць самі паляўнічыя, хобі. Гэта самы распаўсюджаны від грамадзянскай зброі. Дык навошта сігналізацыя?

Сам Алег Іванавіч — не паляўнічы, але падчас падрыхтоўкі законапраекта шмат размаўляў са знаўцамі і цяпер добра ведае многія нюансы.

— Здзівіла мяне сітуацыя са згубай грамадзянскай зброі, — кажа ён. — Аказалася, што ўладальнік у гэтым выпадку выплачвае толькі невялікі штраф, а потым ідзе і купляе новую. Пры тым, што атрымаць дазвол на набыццё і захоўванне зброі ў нас вельмі складана. Згодна з дзеючым законам, такога дазволу могуць пазбавіць, калі чалавек некалькі разоў здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне — напрыклад, перайшоў вуліцу ў недазволеным месцы або перавысіў хуткасць пры кіраванні аўтамабілем.

Яшчэ больш абсурднымі выглядаюць пратаколы, складзеныя па факце згубы зброі: "Пайшоў у грыбы і... згубіў стрэльбу".

— Навошта ў грыбы ісці са стрэльбай? — абураецца былы ваенкам. — Вось вы смеяцеся, а між тым летась у Беларусі было згублена 67 ствалоў! Такой колькасцю агнястрэльных адзінак можна ўзброіць два ўзводы. А калі сабраць згубленую зброю за 10 гадоў — амаль полк. І ніхто не ведае, дзе гэты полк!

Згодна з новым законапраектам, пры згубе грамадзянскай зброі на тры гады анулюецца і права на яе набыццё і захоўванне. Алег Кот лічыць, што можна было б і назаўсёды ануляваць, але хаця б так. Зброя — рэч сур'ёзная, яе давяраюць толькі псіхічна здаровым і сумленным грамадзянам. Таму і берагчы яе трэба як зрэнку вока, каб яна не трапіла ў выпадковыя рукі і не была накіравана супраць чалавека. Калі зброю нехта губляе ў войску, яго прыцягваюць да крымінальнай адказнасці, нага- двае дэпутат.

Інвестпраект

Наступным наведвальнікам аказаўся кіраўнік прыватнага прадпрыемства Алег Кажухар. Ён прыйшоў з эскізным праектам будучага аптова-рознічнага гандлёвага комплексу па захоўванні і продажы плодаагародніны. Аказалася, што ідэя належыць дэпутату.

— Гандаль плодаагародніннай прадукцыяй на аптовым рынку Ждановічы ў нас вядзецца нецывілізавана, — тлумачыць Алег Іванавіч. — Па-першае, там бруд, парушэнне санітарных нормаў. Па-другое, выручка не фіксуецца, а значыць, і падаткі не выплачваюцца. Па-трэцяе, грошы вывозяцца з краіны, бо гандлююць там, як правіла, грамадзяне іншых дзяржаў. Упэўнены, што гэтакі гандаль падтрымлівае і ценявы валютны рынак.

Алег Кажухар займаецца плодаагародніннай прадукцыяй восем гадоў. Неяк ён прыйшоў на прыём да дэпутата з пытаннем, якое тычылася мытнай палітыкі. Калі Алег Кот зразумеў, што гэтае пытанне закранае інтарэсы не толькі прадпрымальніка, але і спажыўцоў, ён скарыстаўся сваімі паўнамоцтвамі, каб дапамагчы яго вырашыць. Са свайго боку, прапанаваў Кажухару пабудаваць у Дзяржынску комплекс для захоўвання, фасоўкі і продажу плодаагародніны.

Самае каштоўнае ў задуманым комплексе — наяўнасць сучасных сховішчаў-халадзільнікаў, пра будаўніцтва якіх ужо вядуцца перамовы з турэцкімі інвестарамі. Гэта дазволіла б захаваць якасць фруктаў і гародніны, павысіць узровень сэрвісу і вывесці бізнэс з ценю.

Мяркуецца, што комплекс палепшыць і ўмовы рэалізацыі прадукцыі айчынных сельгаспрадпрыемстваў. Апроч захоўвання і продажу комплекс можа таксама заказваць такую прадукцыю, фінансаваць яе вытворчасць.

— Я займаюся фруктовым бізнэсам з 2004 года, — падтрымаў размову Алег Кажухар. — За гэты час добра асэнсаваў, што далей так працаваць нельга. Беларусы не горшыя за іншых, яны заслугоўваюць таго, каб спажываць фрукты і гародніну сусветных стандартаў якасці. Што тычыцца гандлю на аптовым рынку Ждановічы, то такога непарадку няма больш ні ў адным беларускім горадзе. Размова не толькі пра парушэнне санітарных нормаў і ўхіленне ад выплаты падаткаў. Справа ў тым, што той, хто ўхіляецца ад падаткаў, парушае і ўмовы добрасумленнай канкурэнцыі. Таму мне спадабалася ідэя Алега Ката, хоць быць першапраходцам вельмі няпроста.

Пра тое, што ідэя добрая, сведчаць падлікі бізнэсмена: у халадзільніку садавіна і гародніна можа захоўвацца ў добрай якасці каля 30 дзён, а без халадзільніка — толькі сем. Пры гандлі з фуры праз 7 дзён губляецца 15% ад аб'ёму тавару, праз 14 дзён — 30%, праз 30 дзён — больш за 80%. Рэнтабельнасць ад продажу прадукцыі пры яе захоўванні ў халадзільных устаноўках на працягу першых 7 дзён — 23 %, пры гандлі з фуры — 3,9.

Блінчыкі

Цікава, што Алег Кот не адпусціў адразу свайго цёзку-бізнэсоўца, хоць той і папярэдзіў, што збіраецца ў гэты дзень яшчэ выехаць на машыне ў Кіеў. Дэпутат тут жа патэлефанаваў, папярэдзіў пра сустрэчу, і мы ўтраіх адправіліся на прадстаўнічай "Аўдзі" прадпрымальніка ў былы вайсковы пасёлак — да шматдзетнай маці. Па дарозе заехалі ў краму, дзе мае спадарожнікі купілі торт і вялікую каробку цукерак.

Жанна Шаланкевіч прыйшла на прыём да дэпутата восенню мінулага года. Яна засталася адна з пяццю дочкамі на руках, чацвёра з якіх — дашкольнага ўзросту. Але самая вялікая складанасць была ў тым, што печ у вясковым бараку, дзе яна з дзяўчынкамі жыла, моцна дыміла, і жанчына баялася за жыццё сваё і дзяцей.

Разам з камунальнымі службамі Алег Кот прыехаў паглядзець на тую печ, здзівіўся лядашчасці памяшкання, у якім жыло сімпатычнае сямейства, і адначасова — чысціні і парадку ў ім. Эксперты прыйшлі да высновы, што рамантаваць печ немэтазгодна, і дэпутат хадайнічаў перад мясцовымі ўладамі аб пошуку для жанчыны і яе дзяцей часовага жылля (да восені 2012 года яна плануе засяліцца ў новую кватэру ў Дзяржынску, якую будуе па льготным крэдыце). Кватэра з усімі выгодамі знайшлася, прычым такая, што старэйшай дзяўчынцы не прыйшлося мяняць школу. Алег Кот ужо быў тут, прывозіў навагоднія падарункі дзецям і бачыў, як уладкавалася яго падапечная. А цяпер ён, магчыма, наўмысна прывёз сюды бізнэсмена — каб чалавек ведаў, каму яшчэ можа спатрэбіцца яго дапамога. Алег Кажухар, дарэчы, вядомы ў раёне сваёй дабрачыннасцю.

Гаспадыня сустрэла нас чаем і смачнымі блінчыкамі з тварагом. Расказала пра дзяцей: старэйшая перамагла ў алімпіядзе, за малодшых маці хвалюецца ў сувязі з тым, што летам у пасёлак не будзе заязджаць школьны аўтобус. Справа не толькі ў тым, што яны не патрапяць у садок, але раптам спатрэбіцца ў паліклініку...

— Вырашым, — паабяцаў Алег Кот. — Не хвалюйцеся.

Паркінгі і ПТВ

Расказаў Алег Іванавіч і пра яшчэ адну сваю інвестыцыйную задуму, звязаную з пабудовай паркінгаў.

— Для пабудовы аднаго гаража патрэбна 30 кв. метраў зямлі, для 100 чалавек — 3 га. На такой самай плошчы можна пабудаваць паркінг для 500 аўтамашын. Я абмяркоўваў гэтае пытанне з адным з нашых бізнэсменаў, ён прывёз каталогі з Германіі. Кажу: "Добра, але нам не трэба, каб немцы цалкам пабудавалі нам паркінгі са сваіх матэрыялаў. Няхай будуць іхнія апорныя канструкцыі, але металаканструкцыі, лесвіцы мы можам і самі зрабіць. Нам важна загрузіць свае прадпрыемствы". Нямецкія партнёры пагадзіліся.

Алег Кот лічыць: калі б у кожным мікрараёне побач з жылымі дамамі будавалі паркінг, праблема дваровых тэрыторый была б вырашана — машыны не займалі б дзіцячыя пляцоўкі і газоны .

— Алег Іванавіч, дэпутацкі тэрмін заканчваецца, а вашы вочы гараць, нібы вы толькі пачалі! — не вытрымала я.

— Прафесіяналам робішся ў новай для цябе сферы праз пэўны час, — адказаў Алег Іванавіч. — Самая вялікая аддача ад дэпутата — на трэці і чацвёрты год яго працы. Пасля працы над 8 законапраектамі мне ўжо прасцей узначальваць працоўную групу. Цяпер я ведаю, што для вырашэння нейкага пытання патрэбна сустрэча і вочная гутарка. Апеляваць неабходна канкрэтнымі фактамі.

Ён адразу прывёў прыклад з недасканалай работай пашпартных і рэгістрацыйных службаў у раёне, потым згадаў пра работу ўчастковых, якой ён зацікавіўся пасля звароту да яго жанчыны, чыю ўнучку збівае айчым...

Размова плаўна перацякла на тэму пра харчаванне вучняў у дзяржынскім ліцэі. "Мне ніхто не можа патлумачыць, чаму вучні ліцэяў у нашай краіне не ў роўных умовах? Чаму навучэнцы Уздзенскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя тры разы ядуць, а навучэнцы дзяржынскага ліцэя, якія гэтак жа сама прыехалі з розных вёсак, — адзін?" — задае рытарычнае пытанне дэпутат і сам жа на яго адказвае.

"Ёсць пастанова Савета Міністраў №  89, дзе прапісана, што трохразовым харчаваннем забяспечваюцца іншагароднія студэнты, якія навучаюцца ў ПТВ і каледжах, размешчаных у сельскай мясцовасці. Навучэнцы вучылішчаў, якія знаходзяцца ў межах горада, атрымліваюць толькі абед. Гэта значыць, будучыя нашы механізатары, будаўнікі і швачкі, якія нярэдка выраслі ў няпоўных вясковых сем'ях і маці якіх не так шмат зарабляюць, элементарна недаядаюць. Я ведаю, што гэта такое, як былы ваенкам".

На заканчэнне нашай сустрэчы Алег Кот дзеліцца тым, што ў яго не атрымалася. Яму так і не ўдалося дабіцца паляпшэння якасці дарог у Дзяржынскім раёне. Ён бачыць прычыну невырашальнасці гэтай праблемы ў размеркаванні грошай паміж датацыйнымі і недатацыйнымі раёнамі.

"Сёння недатацыйны раён зарабляе грошы на сябе і на бюджэт вобласці. Вобласць выдаткоўвае грошы са свайго бюджэту на тыя раёны, якія не могуць самі на сябе зарабіць. Але ў недатацыйных раёнах, як правіла, працуе больш прадпрыемстваў, жыве больш людзей, а значыць, там і праблем больш. Недатацыйны раён аказваецца ў горшым стане, чым датацыйны. Формула "Хочаш жыць лепш, лепш працуй!" губляе сэнс, бо калі мы больш заробім, мы больш аддадзім. Трэба нашмат больш пакідаць заробленых грошай у рэгіёнах. Калі людзі зарабляюць дастаткова для самафінансавання сваёй мясцовасці, то спачатку павінны быць вырашаны праблемы гэтых людзей. А ў вобласць трэба аддаваць тое, што засталося. Датацыйныя раёны павінны мець кірункі для развіцця, а не быць баластам. На жаль, там часта сустракаецца такая пазіцыя: "Няма ў нас грошай, ну і добра".

— З заканадаўчай ініцыятывай не спрабавалі выступіць?

— Пры абмеркаванні Па- датковага кодэкса неаднаразова ставіў гэта пытанне перад урадам. Але пакуль у Міністэрства фінансаў іншыя прыярытэты — як мага больш напоўніць рэспубліканскі бюджэт. З гэтым не паспрачаешся, але нельга забываць пра тых, хто той бюджэт напаўняе. Тыя, хто зарабляе грошы для краіны, павінны жыць камфортна, яны павінны бачыць аддачу. Жыхары Дзяржынска зарабілі на тое, каб ісці на працу не ў ботах, а ў туфліках.

Мы развітваемся. У Алега Ката яшчэ заставалася палова працоўнага дня. Ён хацеў, каб я засталася, хацеў пазнаёміць мяне яшчэ з нейкімі людзьмі, ідэямі і праблемамі, але я дакладна адчула, што газетны артыкул не зможа ўмясціць столькі інфармацыі...

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Муж мяне падколваў: "Пасяджэння сесіі на гэтым тыдні няма, а ты зноў пра парламент будзеш пісаць?" Больш за тое, я сабралася ў камандзіроўку. Бо менавіта таму,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика