Віртуальнае залічэнне абітурыентаў, або Тэст для распрацоўкі спецыялістаў БДУІР. 21.by

Віртуальнае залічэнне абітурыентаў, або Тэст для распрацоўкі спецыялістаў БДУІР

30.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Што значыць быць віртуальна залічаным? Гэтае пытанне цікавіць сёння ўсіх абітурыентаў, якія ўпершыню пачулі пра мадэльную апрабацыю аўтаматызаванай сістэмы падачы заяў і залічэння ў ВНУ ў віртуальным рэжыме.

Нагадаем, што падчас будучай прыёмнай кампаніі да эксперымента, які стартаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, далучацца яшчэ шэсць беларускіх ВНУ — Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Абітурыентам, якія падаюць дакументы ў гэтыя ВНУ на дзённую бюджэтную форму навучання, будзе прапанавана прайсці анкетаванне і ўказаць 5 прыярытэтных варыянтаў для паступлення.

— Летась пры падачы дакументаў абітурыенты БДУІР указвалі дзве або тры спецыяльнасці ў парадку расстаноўкі ўласных прыярытэтаў: абітурыенты тэхніка-тэхналагічнага профілю — тры, а інжынерна-эканамічнага профілю — дзве, — расказаў на сустрэчы з журналістамі рэктар БДУІР Міхаіл БАТУРА. — Спачатку абітурыент са сваім наборам сертыфікатаў удзельнічаў у конкурсе на спецыяльнасць, указаную ў прыярытэтах першай, а затым — па другой і трэцяй спецыяльнасцях. Аўтаматызаваная сістэма залічэння дазволіла абітурыентам максімальна выкарыстаць усе шанцы для паступлення ў ВНУ. Да таго ж абітурыентам з добрай падрыхтоўкай, якія вытрымалі агульны конкурс па ўніверсітэце, але пры гэтым не прайшлі па конкурсе ні на адну з указаных у заяве спецыяльнасцяў, было прапанавана паступіць на іншую спецыяльнасць, дзе заставаліся вакантныя месцы. У выніку больш як 90% нашых абітурыентаў вынікамі залічэння засталіся задаволеныя. А ў апошні дзень падачы дакументаў ужо праз 15 хвілін пасля закрыцця дзвярэй прыёмнай камісіі фармальна залічэнне было завершана. Для гэтага было дастаткова толькі націснуць на камп'ютарную клавішу, і аўтаматызаваная сістэма размеркавала ўсіх у адпаведнасці з агучанымі прыярытэтамі.

Аднак, у адрозненне ад абітурыентаў БДУІР, для якіх залічэнне з дапамогай аўтаматызаванай сістэмы было абсалютна рэальным, для абітурыентаў ВНУ, якія далучацца ў гэтым годзе да эксперымента, залічэнне будзе, на жаль, віртуальным.

— Справа ў тым, што аўтаматызаваная сістэма залічэння стваралася непасрэдна пад нас, а цяпер яе трэба адаптаваць і пад іншыя ВНУ, — патлумачыў дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі БДУІР Віталь РУСІН. — Для таго, каб запусціць гэтую сістэму ў маштабах усёй краіны, трэба быць упэўненымі ў яе надзейнасці. Сур'ёзнай праблемай, напрыклад, пры аўтаматызаваным залічэнні з'яўляецца існаванне асобнага конкурсу для гарадской і сельскай моладзі. Патрабуюць уніфікацыі і ўнутраныя парадкі прыёму ў ВНУ, існаванне розных "мясцовых" нюансаў і паўпрахадных балаў. Так, ва ўнутраным парадку прыёму ў канкрэтную ВНУ можа ўтрымлівацца больш як з дзясятак пунктаў з пералічэннем асоб, якія маюць пераважнае права на залічэнне пры аднолькавай колькасці балаў. Улічыць іх усе ў аўтаматызаванай сістэме праблематычна, асабліва калі сярод згаданых абітурыентамі прыярытэтаў будуць указвацца спецыяльнасці, якія знаходзяцца ў розных ВНУ. Пакуль у эксперыменце будуць задзейнічаны толькі два профілі падрыхтоўкі спецыялістаў: тэхніка-тэхналагічны і эканамічны. Міністэрства адукацыі зараза вызначаецца з пералікам спецыяльнасцяў.

Як гэта будзе выглядаць на практыцы? Абітурыенту, які прынёс свае дакументы, напрыклад, у БНТУ, прапануюць запоўніць анкету і ўказаць у ёй да пяці прыярытэтаў залічэння (варыянты паступлення могуць указвацца як у рамках адной ВНУ, так і ў рамках усіх ВНУ, задзейнічаных у эксперыменце). Дарэчы, ад запаўнення анкеты можна будзе адмовіцца. А камп'ютарная праграма сама будзе падлічваць, куды і на якую спецыяльнасць абітурыент можа паступіць са сваім наборам сертыфікатаў. Аднак у гэтым годзе віртуальнае залічэнне не будзе мець ніякай сілы і будзе праходзіць паралельна са звычайным. Гэта значыць, што калі абітурыент падаў у БНТУ заяву на пэўную спецыяльнасць, то толькі на яе ён і зможа паступіць. Але ўся інфармацыя пасля завяршэння прыёму дакументаў, як і вынікі залічэння, затым паступяць у БДУІР, спецыялісты якога зоймуцца апрацоўкай даных і звераць вынікі свайго "віртуальнага" залічэння з рэальным. Параўнаюць, наколькі супалі імкненні і жаданні абітурыентаў з рэчаіснасцю. І якія б магчымасці ў іх былі для залічэння, калі б аўтаматызаваная сістэма працавала не ў віртуальным рэжыме.

Калі ўсё пройдзе гладка, то, магчыма, што падчас прыёмнай кампаніі 2013 года аўтаматызаваная сістэма падачы заяў і залічэння зможа запрацаваць ужо па-сапраўднаму. На думку кіраўніцтва БДУІР, аўтаматызаваная сістэма залічэння ў большай ступені адпавядае ідэям прафарыентацыі моладзі, паколькі калі абітурыент хоча стаць фізікам або матэматыкам, праграмістам ці эканамістам, то ён не стане ўказваць у прыярытэтах далёкую ад сваіх схільнасцяў спецыяльнасць. Магчыма, ён не пройдзе па конкурсе ў сталічную ВНУ, затое атрымае шанц вучыцца ў рэгіянальнай ВНУ па спецыяльнасці, якую ён абраў свядома, а не стыхійна, імкнучыся ўгадаць, куды ёсць шанцы трапіць са сваімі баламі. Хоць не сакрэт, што ў многіх рэгіянальных ВНУ апошнім часам назіраюцца конкурсы нават большыя, чым у сталіцы. З іншага боку, такім чынам можна будзе скласці рэальную карціну рэйтынгу ВНУ і запатрабаванасці тых ці іншых спецыяльнасцяў у моладзі.

Трэба дадаць, што ў БДУІР колькасць пададзеных летась на дзённую форму заяў узрасла. На трэць узраслі і прахадныя балы, а па выніках трох атэстацый, праведзеных у першым вучэбным семестры, першакурснікі прадэманстравалі лепшыя поспехі ў вучобе, чым іх папярэднікі. Як паказала практыка, абітурыенты вельмі станоўча ставяцца да таго, што ў іх ёсць магчымасць указаць пры падачы дакументаў не адну, а некалькі спецыяльнасцяў. Пры такім падыходзе да залічэння абітурыенты не баяцца падаваць дакументы на прэстыжныя спецыяльнасці з высокім конкурсам, бо ў выпадку няўдачы яны не застаюцца "за бортам"...

Надзея НІКАЛАЕВА.

Плюсы ўкаранення аўтаматызаванай сістэмы залічэння:

üмагчымасць удзельнічаць у конкурсе на некалькі спецыяльнасцяў ВНУ з улікам іх прыярытэтнасці;

üмагчымасць аўтаматызаваць працэс прыёму заяў і залічэння і такім чынам істотна павысіць прапускную здольнасць і эфектыўнасць работы прыёмнай камісіі. Роля персаналу прыёмнай камісіі абмяжоўваецца фарміраваннем базы даных абітурыентаў для правядзення конкурсу, што забяспечвае карэктнасць залічэння;

üмагчымасць звесці два ізаляваныя працэсы прыёмнай кампаніі (рэгістрацыю на ЦТ і падачу дакументаў у ВНУ) у адзін з істотным зніжэннем выдаткаў;

üскарачэнне тэрмінаў прыёмнай кампаніі ў ВНУ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што значыць быць віртуальна залічаным? Гэтае пытанне цікавіць сёння ўсіх абітурыентаў, якія ўпершыню пачулі пра мадэльную апрабацыю аўтаматызаванай сістэмы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика