Сталічны транспарт становіцца для студэнтаў платным. 21.by

Сталічны транспарт становіцца для студэнтаў платным

27.06.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

...але прафсаюз выступае за вяртанне да частковай аплаты праезду

Паведамленне пра тое, што з 1 ліпеня адмяняюцца льготы на праезд у сталічным транспарце для студэнтаў і навучэнцаў вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў, ужо, быццам бы, і не навіна — папярэджанні аб адмене льгот штодня гучаць у сталічным метрапалітэне. Да таго ж і рыхтаваць грамадскую думку да адмены льгот пачалі яшчэ з красавіка — калі на сесіі Мінскага гарадскога савета дэпутатаў было прынятае рашэнне аб спыненні прадастаўлення такой льготы студэнтам і навучэнцам на час летніх канікул. Разам з тым у Мінгарвыканкаме пакуль не вызначыліся з тым, ці будзе адноўлена гэтая транспартная льгота ў верасні — калі студэнты і навучэнцы зноў прыступяць да заняткаў.

Як вядома, правам бясплатнага праезду ў гарадскім транспарце карысталіся толькі студэнты і навучэнцы сталічных устаноў адукацыі. У іншых рэгіёнах фінансавых магчымасцяў, каб падтрымаць навучэнскую моладзь, не знайшлося.

На нядаўняй сустрэчы міністра адукацыі Сяргея Маскевіча са студэнцкім актывам Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта маладыя людзі пацікавіліся ў кіраўніка адукацыйнага ведамства, ці змогуць студэнты дзённай формы навучання спадзявацца на бясплатны праезд у грамадскім транспарце ў наступным навучальным годзе?

— Рашэнне даць студэнтам сталічных ВНУ магчымасць бясплатна карыстацца гарадскім пасажырскім транспартам належыць выключна сталічнай мэрыі, і Міністэрства адукацыі вельмі станоўча ацэньвае гэты крок насустрач моладзі з боку кіраўніцтва Мінгарвыканкама. Аднак узнімаць пытанне аб прадастаўленні права бясплатнага праезду для ўсіх студэнтаў краіны мы не плануем. Больш за тое, я абсалютна ўпэўнены, што сёння ёсць дастаткова магчымасцяў, каб маладыя людзі маглі падзарабіць і не браць на гэта грошы ў сваіх бацькоў, — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі міністр адукацыі.

— Настойлівая пазіцыя прафсаюзных органаў па пытанні льготнага праезду навучэнцаў у грамадскім транспарце застаецца нязменнай, — падкрэсліў на апошнім пленуме Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі старшыня ЦК прафсаюза Аляксандр БОЙКА. — Размова ідзе не пра бясплатны праезд, а пра частковую аплату або асобны від праязных дакументаў, якімі можна было б забяспечваць навучэнцаў праз установы адукацыі. Мы абсалютна ўпэўнены, што фінансавы эфект ад вяртання да частковай аплаты навучэнцамі праезду быў бы больш адчувальным у параўнанні з цяперашняй сітуацыяй.

Трэба дадаць, што летась, яшчэ да прадастаўлення мінскім студэнтам права на бясплатны праезд у сталічным транспарце, каардынацыйнай радай прафкамаў навучэнскай моладзі было праведзена анкетаванне сярод студэнтаў дзесяці сталічных ВНУ ўсіх гадоў навучання. За набыццё льготнага месячнага студэнцкага праязнога на ўсе віды транспарту з аплатай 50 працэнтаў вызначанага кошту выказаліся 87 (!) працэнтаў сталічных студэнтаў.

Падчас апытання ў студэнтаў цікавіліся, колькі паездак на грамадскім транспарце яны ажыццяўляюць штодня. Пра адну-дзве паездкі паведамілі 24,3 працэнта рэспандэнтаў, дзве-чатыры паездкі — 42,5 працэнта, ад чатырох да шасці паездак даводзіцца здзяйсняць штодня 20,4 працэнта студэнтаў, больш як шэсць — 10,7 працэнта, увогуле не карыстаюцца гарадскім транспартам 2,1 працэнта апытаных.

Ва ўдзельнікаў апытання таксама пацікавіліся: "Як часта вам удаецца ездзіць без аплаты?". "Вельмі рэдка" — адказалі 28,3 працэнта апытаных; "Рэдка" — 21,5 працэнта; "Даволі часта" — 12,3 працэнта; "Часта" — 9,1 працэнта; "Вельмі часта" — 7,1 працэнта; "Ніколі не аплачваю" — 2 працэнты; "Заўсёды аплачваю" — 18,9 працэнта. Не карыстаюцца транспартам — 0,8 працэнта.

Атрымліваецца, што ад вяртання студэнтам 50-працэнтнай ільготы на праезд бюджэт транспартнікаў дакладна б не пацярпеў?

Трэба дадаць, што права на бясплатны праезд пакуль захавалася ў навучэнцаў сярэдніх агульнаадукацыйных устаноў — школьнікі, як і раней, маюць права бясплатнага праезду ў грамадскім сталічным транспарце.

Надзея НІКАЛАЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...але прафсаюз выступае за вяртанне да частковай аплаты праезду
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика