Жыццё пасля турмы: куды звярнуцца па дапамогу?. 21.by

Жыццё пасля турмы: куды звярнуцца па дапамогу?

29.06.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Штогод з месцаў пазбаўлення волі вызваляюцца тысячы чалавек. Гэтыя людзі, атрымаўшы свабоду, маюць патрэбу ў дапамозе — многія не могуць знайсці працу, зарэгістравацца па месцы жыхарства. Часам у іх няма мабільнага тэлефона, таму з імі цяжка звязацца. А ў некаторых — нават адзення па сезоне. І нярэдка, не знайшоўшы працы і жылля, былы зняволены зноў становіцца на шлях злачынства...

Дапамагчы ім на першы час могуць у раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання. Яго супрацоўнікі, дарэчы, гатовы самі зрабіць першы крок.

— РУУС рэгулярна паведамляе нам звесткі аб асобах, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, — распавядае загадчыца аддзела сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна г. Мінска Наталля РОКМАНС. — І мы дасылаем гэтым людзям інфармацыю аб тым, што яны могуць звярнуцца да нас па дапамогу — спецыяльныя памяткі з усімі нашымі тэлефонамі і апісаннем паслуг, якія мы можам ім аказаць.

Дарэчы, цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, па словах Наталлі Рокманс, можа аказаць былым зняволеным матэрыяльную дапамогу (у выглядзе дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі). Адзіная абавязковая ўмова для яе атрымання — чалавек павінен зарэгістравацца ў аддзеле працаўладкавання ў якасці беспрацоўнага. Асобы, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, могуць атрымаць у цэнтры і гуманітарную дапамогу: адзеннем, пасцельнай бялізнай, прадуктовымі наборамі. Калі патрабуецца юрыдычная або псіхалагічная дапамога, яе таксама акажуць, прычым бясплатна.

— Мы таксама праводзім для такіх людзей розныя акцыі, трэнінгі, семінары, — гаворыць Наталля Рокманс. — У асноўным гэта тычыцца прафарыентацыі. Напрыклад, акцыя "Крок насустрач", на якую запрашаюцца прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, а таксама асобы, якія выйшлі з месцаў пазбаўлення волі, — з тым, каб азнаёміць людзей з вакансіямі і ўмовамі, што могуць прапанаваць ім прадпрыемствы. Вядома, часцей за ўсё гэта некваліфікаваная праца, але яна можа стаць адпраўным пунктам для далейшага прафесійнага росту.

— Станоўчыя прыклады ёсць, але і адмоўных таксама хапае, — не ўтойвае фактаў загадчыца аддзела сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі. — Многія ўладкоўваюцца на працу, але не ўсе затрымліваюцца на ёй.

У цэлым яна адзначае, што людзі звяртаюцца ў цэнтр не надта актыўна, і ў асноўным па матэрыяльную дапамогу. Але тут ёсць умова — трэба быць зарэгістраваным як беспрацоўны, аднак не ўсе хочуць яе выконваць, адзначае Наталля Рокманс.

З ёй згодны псіхолаг цэнтра Вадзім ЖЭНЕЎСКІ. "Былых зняволеных у асноўным цікавіць матэрыяльны складнік нашай дапамогі, — сцвярджае ён. — Большасць з іх лічыць, што псіхалагічная дапамога ім не патрэбна. Але мы, калі даём ім, напрыклад, гуманітарную дапамогу, заўсёды стараемся пераканаць прыйсці яшчэ і на псіхалагічную кансультацыю або трэнінг. Працаваць з імі няпроста: у большасці гэта замкнёныя, недаверлівыя людзі, якія дрэнна ідуць на кантакт".

— Самае галоўнае, вядома, — гэта працаўладкаванне, — працягвае Вадзім Жэнеўскі. — І тут важна дапамагчы ім адэкватна ацаніць сябе і свае магчымасці. Таму што ў некаторых маюцца амбіцыі, не заўсёды абгрунтаваныя. Хоць большасць усё ж разумее тое, што яны знаходзяцца не ў самым выгадным становішчы на рынку працы, але, тым не менш, яны часта не хочуць прымаць гэтага. Псіхолаг якраз і можа дапамагчы разабрацца ў сабе і зразумець, на што чалавек можа прэтэндаваць, чаго ён можа дасягнуць і якія намаганні для гэтага могуць спатрэбіцца.

Святлана БУСЬКО.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Штогод з месцаў пазбаўлення волі вызваляюцца тысячы чалавек. Гэтыя людзі, атрымаўшы свабоду, маюць патрэбу ў дапамозе — многія не могуць знайсці працу,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика