Конкурс эстраднай песні завяршыўся, фестываль працягваецца
17.07.2012
—
Новости Общества
|
Учора адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў ХХІ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2012", якімі сталі спевакі з Македоніі, Латвіі, Украіны і Італіі. А фестываль "Славянскі базар" працягваецца, напаляючы атмасферу неўтаймоўнага свята. Конкурс застаецца з чалавекам Колькасць удзельнікаў сёлетняга конкурсу маладых выканаўцаў мусіла адпавядаць парадкаваму нумару сёлетняга "Славянскага базару". Але лёс склаўся так, што адна з удзельніц — Ніка Анталас з Харватыі — не прыехала. Такім чынам, толькі 20 маладых спевакоў змагаліся за Гран-пры і ўзнагароду ў 15 тыс. долараў. І атрымаў яе македонец Бабан Майсоўскі, адзін з самых маладых канкурсантаў. Ён набраў 199 балаў. 1-ю, 2-ю і 3-ю прэміі (9, 6 і 3 тыс. долараў) і спецыяльны прыз "Ліра" атрымалі адпаведна Саманта Ціна (Латвія) — 197 балаў, Галіна Конах (Украіна) — 192 балы і Федэрыка Марынары (Італія) — 187 балаў. Беларус Яўген Славіч набраў 183 балы. І гэта, напэўна, было самае моцнае расчараванне конкурсу. І рэч не ў тым, што Славіч не ўвайшоў у лік пераможцаў, а ў якасці яго выступленняў, у тым, як ён вырашыў прадстаўляць Беларусь. Хлопец не разлічыў, што кожнае гучнае выступленне ніколі не забудзецца. Яно будзе або промнямі радасці і перамогі ўсё жыццё асвятляць творчы шлях, або згушчаць чорныя фарбы і вастрыць злыя языкі нядобразычліўцаў. Конкурс застаецца з чалавекам. А Яўген вырашыў (або вырашылі за яго), што ўсе свае песні ён будзе спяваць на рускай мове ў вобразе нейкага салодкага дэндзі. Чым выклікаў вялікае неразуменне і нават абурэнне і сярод публікі, і сярод прысутных беларускіх журналістаў, і сярод музыказнаўцаў. Адзіны канкурсант ад Беларусі называецца. Твар краіны... Яўген Славіч вырашыў твар нашай краіны ўніфікаваць. Вядома, "Славянскі базар" — сямейны фестываль, усе славяне — браты і гэтак далей. Ну, ніхто не аспрэчвае, хай сабе. Але чыста па-чалавечы... Славіч забыўся, што ў нашай краіне, як ні круці, дзве дзяржаўныя мовы. Што ж тычыцца даволі вялікіх грашовых прэмій, то праз год можна будзе пацікавіцца на што ж творчыя людзі іх патрацілі. Напрыклад, Уладзімір Квасніца, які летась стаў лаўрэатам 1-й прэміі конкурсу, пахваліўся, што купіў сабе аўтамабіль. Кубінцы ўратуюць беларускую мову?.. Конкурс традыцыйна складаецца з двух тураў. У першы конкурсны дзень удзельнікі спяваюць пад фанаграму "мінус 1" песню кампазітара сваёй краіны на роднай мове. У другі — выступаюць у суправаджэнні Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Песня мусіць быць на адной са славянскіх моў. Вядома, у якасці другога нумара шмат хто выбраў песню на рускай мове. Цікава было слухаць, напрыклад, італьянку, якая спявала песню "Позна" на рускай мове з неверагодным акцэнтам. Але вельмі патэтычна і пераканальна, так. Яе баявы макіяж не пакідаў ніякіх шанцаў публіцы засумнявацца ў шчырасці яе пачуццяў і акцёрскіх здольнасцяў. У другі конкурсны дзень найбольш здзівіла кубінка Луселія Ралдан. Усяго дзяўчына набрала 179 балаў. Але глядзелася лепш за многіх. Незвычайна было чуць песню на беларускай мове "Васільковае неба" ад гэтай смуглявай пышнай кубінкі. Яна выйшла на сцэну ў блакітнай сукенцы з букетам валошак у руках і выклікала бурныя апладысменты залы. Аказваецца, віцебскай публіцы вельмі падабаецца, калі спяваюць на беларускай мове. Галасы ва ўсіх канкурсантаў хоць і добрыя, але падобныя. Дыяпазон у асноўным невялікі, аўтарскага падыходу і пераасэнсавання — мінімум. Хоць, калі меркаваць чыста па тэхніцы выканання, то сёлета ўзровень удзельнікаў быў аднародна высокі. У першы конкурсны дзень песні і мелодыі наогул, былі зусім непрыкметнымі і незапамінальнымі. У кожнага з удзельнікаў вакальныя прэферэнцыі вагаюцца. Нехта больш схільны да народных спеваў і мае пэўны патэнцыял для гэтага. Як, напрыклад, Карына з Эстоніі, якая выйшла на сцэну ў стылізаваным народным касцюме. Хтосьці відавочна няблага глядзеўся б у поп-рок-бэндзе. Або ў брыт-поп-бэндзе, як варыянт. Бабан Майсоўскі з Македоніі, уладальнік Гран-пры, ужо з'яўляецца адным са стваральнікаў гурта "Rосkу Rоаd". Падыходзіць пад гэтую катэгорыю і Іва' з Чарнагорыі. Або Саманта Ціна з Латвіі, якая атрымала 1-ю прэмію. Стылістычна дзяўчына імкнулася разбураць штампы і стэрэатыпы, уласцівыя папулярнай эстраднай культуры. Відавочную схільнасць да джазавага вакалу мае імпэтная Федэрыка Марынары з Італіі (3-я прэмія). Дзяўчыне ўсяго 21 год, так што вялікі джаз для яе, магчыма, яшчэ наперадзе. Фрывольныя аперэты і несур'ёзныя мюзіклы яўна ўваходзяць у сферу інтарэсаў расіянкі з арыгінальным сцэнічным імем Анастасія, якая ў абодва конкурсныя дні выглядала эфектна і ярка — як апетытнае пірожнае. У пышных доўгіх ружова-крэмавых спадніцах. Найбольшы запал мела, напэўна, украінка Галіна Конах. Магчыма, таму, што яна была адной з самых сталых удзельніц конкурсу. Па манеры выканання здаецца, што творчы дэвіз Галіны — чым гучней, тым лепш. І яго цяжка не ўспрымаць усур'ёз, калі ўлічваць, што ўкраінка атрымала-такі 2-ю прэмію. Горад у горадзе З кожным годам "Славянскі базар" усё больш і больш ператвараецца ў нейкае дзіўнае мерапрыемства. Знікае ўсялякая логіка, застаецца толькі атмасфера свята. Па шматлюдных пешаходных вулачках ездзіць эка-таксі. Людзі курсіруюць па вуліцах старога горада. Падворкі, кавярні, караоке... Мала людзей у "Горадзе майстроў". Наогул, горад майстроў ператўварыўся не ў горад майстроў, дзе сапраўдныя народныя творцы дэманструюць сваё майстэрства і прадаюць самаробныя ўнікальныя тавары. Тут усё больш — тавары народнага спажывання: абрусы, посуд, венікі, індыйская касметыка... У "Горадзе майстроў", акрамя адсутнасці людзей, здзіўляюць яшчэ некалькі адсутнасцяў. Няма традыцыйных пляцовак, дзе б кавалі ў кузнях рабілі каваныя падсвечнікі, ганчары тут жа на месцы выраблялі гліняныя жбаны і давалі ахвочым пасядзець за сваім ганчарным колам, ткачыхі ткалі і г.д. Свята "Славянскага базару" становіцца больш гамагенным і рафінаваным. Мастакоў і шаржыстаў распіхалі па вузкіх пешаходных вуліцах, падалей ад цэнтральнай. Мэта, безумоўна, высакародная — не перашкаджаць паўсядзённаму жыццю, пешаходам, транспартнаму руху. Але за гэтым клопатам пра паўсядзённае забыліся пра высокае. Адчуванне, быццам мастацтва павыціскалі з цэнтра на перыферыю. І гэта стварае атмасферу закінутасці і ціхай роспачы. Гэтымі днямі ў Віцебску шмат турыстаў. З Расіі. Яны паразбегліся па шматлікіх новаадкрытых кавярнях ядуць і п'юць. А гасціннасці беларусаў, як звычайна, няма межаў. Ля драматычнага тэатра імя Якуба Коласа разыгрываюцца забаўныя сцэнкі з народнага жыцця. "П'яўка ты конская!" — сварыцца мужык на непаслухмяную жонку, і публіка заходзіцца ў рогаце. "Сама за плугам стаіш, а твой пад плотам спіць!" — сварацца адна на адну суседкі. І жаночая частка публікі самотна ўсміхаецца, апусціўшы вочы долу. Відаць, словы зачапілі... Адзінокая культура жадае пазнаёміцца Дзень культуры Беларусі ў рамках фестывалю адбыўся ў суботу, 14 ліпеня. У горадзе можна было сустрэць, напрыклад, Пятра Ялфімава з жонкай, якія няспешна прагульваліся ў бок "Горада майстроў". Відаць, у спадзеве знайсці там нешта экслюзіўнае для сябе. Айчынныя поп-зоркі любяць беларускі хэндмэйд. Вось Паліна Смолава і Ірына Дарафеева таксама прызналіся, што кожны раз, наведваючы "Славянку", абавязкова набываюць нейкую льняную сукенку або экзатычнае ўпрыгожанне. А паколькі Паліна Смолава зараз чакае дзіця, імя якога — раскрыла сакрэт спявачка — будзе пачынацца на літару "Р", то, магчыма, яна набыла там і нешта для малога.Тым, каму пашчасціла, маглі пабачыць і больш "зорак", якія ў гэты ж дзень увечары бралі ўдзел у Гала-канцэрце майстроў мастацтваў Беларусі проста на вуліцах фестывальнага Віцебска. Спявалі Ірына Дарафеева, Ян Жанчак, Саша Нэма, Аляксандр Саладуха, Аляксей Хлястоў, вядома ж, Аляксандр Ціхановіч і Ядзвіга Папалаўская і інш. Акрамя песеннай праграмы, у гэты дзень на сцэне тэатра Якуба Коласа можна было пабачыць спектакль "Пане Каханку" Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. У Віцебск, дарэчы, для ўдзелу ў спектаклі прыехаў народны артыст Беларусі Расціслаў Янкоўскі. У рамках Дня культуры Беларусі прайшоў паказ беларуска-эстонскага фільма "Адзінокі востраў" Пеэтэра Сіма. Прадстаўляць яго ў Віцебску мусіла актрыса Валерыя Арланава, але чамусьці замест яе гэта рабіў Віктар Васільеў, прадстаўнік праўлення Беларускага саюза кінематаграфістаў. Пасля прагляду "Адзінокага вострава" на Віктара Ігаравіча пасыпаліся пытанні з залы. Прычым зала была поўнай. А пытанні былі розныя, пачынаючы з таго, пра што ўсё ж такі фільм, і сканчаючы выказваннем абурэння наконт адсутнасці рэкламы беларускага кіно наогул. Як патлумачыла метадыст віцебскага Дома кіно Марына Турава, кінапраграму цалкам складаў не кінатэатр, а Дырэкцыя фестывалю "Славянскі базар ў Віцебску". Там не дамовіліся пра забеспячэнне друкаванай рэкламнай прадукцыяй. Гэта тычыцца ўсіх фільмаў, за выключэннем літоўскай стужкі "Тадас Блінда. Пачатак". Дамінуюць у праграме расійскія стужкі не лепшай мастацкай якасці. Фільмы для праграмы адбірала Маргарыта Церсакова, супрацоўнік Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі: "Дом" Алега Пагодзіна, "Здзелка" Андрэя Сілкіна (рэжысёра 2-й і 3-й часткі серыяла "Маргоша"), "Дом ветру" Вячаслава Златапольскага (відаць, самы цікавы фільм сёлетняй кінапраграмы). Згадаем хаця б палкае абмеркаванне гэтай стужкі на "Закрытым паказе" Аляксандра Гардона. Адметна, што толькі фільм "Адзінокі востраў" дэманстравалі з плёнкі. Усе астатнія дэманструюцца з DVD. Адпаведна, якасць паказу не вельмі добрая. Зразумела, везці плёнку дзеля аднаго паказу — неакупна дорага... Зоя СВЕТЛАЯ, Фота БелТА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў ХХІ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2012", якімі сталі спевакі з Македоніі,...
|
|