Колькі каштуе талерка супу?. 21.by

Колькі каштуе талерка супу?

28.07.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мінская шматдзетная сям'я на акцыях і зніжках можа эканоміць амаль 500 тысяч рублёў у месяц

Калі год таму пачалі істотна павялічвацца цэны на прадукты харчавання, то амаль усе мае знаёмыя жартавалі, што іх заробак амаль увесь ідзе на "наведванне прыбіральні". У маёй сям'і трое дзетак (дочкам — 15 і 9 гадоў, сыну хутка будзе 5), сам я і жонка. Каб у крызіс не пакласці зубы на паліцу, мы вымушаны былі падкарэктаваць сямейнае меню і больш уважліва прыглядацца да розных зніжак па акцыях у крамах. Аднак заўважу, што эканоміць тут трэба з розумам, каб дзеткі былі здаровыя і сытыя...

На сняданак — толькі каша і чай

Улас¬ныя па¬мі¬до¬ры на бал¬ко¬не да¬па¬ма¬га¬юць ся¬мей¬на¬му бюд¬жэ¬ту.З раніцы мае дзеткі есці ўвогуле не жадаюць, таму ў абавязковым меню прысутнічала толькі каша і чай. Звычайна наша сям'я на працягу тыдня гатуе 4 разы грэчку (800 г — 6500 рублёў), 2 разы — рыс (350 г — 3000 рублёў) і адзін раз аўсяныя шматкі (100 г — 600 рублёў). Рыс і аўсянку трэба гатаваць з малаком. Па бюджэтным кошце лепш браць малако "Бабулін гладыш" сярэдняй тлустасці — 3 працэнты. Толькі на кашу трэба два пакеты малака па 0,9 л (4250х2=8500 рублёў) і 200 г сметанковага масла (7450 рублёў).

Самым дарагім прадуктам для гатавання сняданкаў цяпер жонка лічыць менавіта малако. Калі на крупы (галоўным чынам, імпартныя) агрэсіўны гандаль цэны нават зніжае, то з айчынным малаком усё наадварот: кошт павялічваецца штомесяц, у гандлёвых акцыях яно не прысутнічае і ў запас "па старых цэнах" не купіш.

Атрымліваем, што на кашы сям'і неабходна за тыдзень заплаціць каля 30 тысяч, а ў месяц — 120 тысяч рублёў.

На абед — толькі суп

Гатаваць абед у шматдзетнай сям'і, як у рэстаранах, у бацькоў звычайна не атрымліваецца. Увесь абед — талерка супу, але такая, дзе адразу і першая, і другая стравы. Гэта такі суп, каб лыжка ў ім стаяла, бо там і мяса, і бульба, капуста, морква ці бурак, або пельмені і г.д. па спісе. Каструлі ў тры літры хапае сям'і на 2—3 дні. Дзве-тры такія каструлькі "сур'ёзнага" супу закрываюць тыднёвы рацыён абедаў. Гатуюцца нашы супы звычайна з кураціны, цэны на якую пакуль не кусаюцца. Па нашых падліках, за тыдзень на абеды трэба аддаць каля 120 тысяч, а ў месяц — прыкладна 500 тысяч рублёў.

На вячэру — рыба ці мяса абавязкова

Увечары тата і мама заўсёды дома, таму ёсць магчымасць прыгатаваць нешта больш складанае. Больш за тое, калі дзеці рознага ўзросту, то лёгкай вячэры ніяк не атрымаецца. Хто яго ведае, як сур'ёзна яны харчаваліся на працягу дня. Трэба ўлічваць і апетыты дарослых.

Нашы дзеці, у тым ліку і самы малы, ахвотна ўспрымаюць мяса толькі ў некалькіх варыянтах гатавання. Гэта катлеты або адбіўныя. Лепш за ўсё адбіўныя рабіць з курынай грудкі: у цесце з прыправамі яны смачныя. Наш малы і да гэтага часу ўяўляе, што гэта не адбіўная, а звычайны такі сытны блінчык. У фаршы для катлет свініны і ялавічыны не больш за 30—40%. Яшчэ недзе 30% ад агульнага аб'ёму прыпадае на тое ж таннае курынае мяса. У катлеты трапляе надзёртая бульба, цыбуля, морква, хлеб, а часам нават крыху кашы і сыр. Два дні ў сям'і на вячэру — адбіўныя, два дні — катлеты і прыкладна 2—3 разы на тыдзень — рыба.

Мабыць, таму ў нашай сям'і практычна ніколі няма вэнджаных дарагіх каўбас. Дзецям мяса, прыгатаванае татам, больш даспадобы... А яшчэ наша мама растлумачыла малым, што ў сучаснай магазіннай каўбасе вельмі шмат хіміі...

Катлеты і паўфабрыкаты для адбіўных, рыбных фрыкадэлек і іншых мясных страў робяцца адразу ў вялікай колькасці ў выхадныя. Потым такія нарыхтоўкі раскладваюцца ў пакецікі і замарожваюцца. Час ад часу мы з жонкай лепім "тазік" пельменяў, галубцоў. Калі рабіць гэтыя стравы самастойна, то яны будуць недзе на 30—40% танней, а пра смак тут і казаць няма чаго. Напрыклад, старэйшая дачка ўпэўнена, што ў магазінныя пельмені мяса ўвогуле пакласці забыліся. Недзе два-тры разы на месяц жонка гатуе на вячэру сырнікі ці салодкія блінчыкі. Абавязкова з мясной ці рыбнай стравай прапануецца салата з агародніны. На гарнір — бульба ці макарона. Па нашых прыкладных падліках, вячэра для сям'і ў 5 чалавек каштуе каля 30 тысяч, у месяц — 900 тысяч рублёў.

На працягу дня садавіна, сокі і прысмакі

Зразумела, што ў вялікай сям'і немагчыма арганізаваць выключна 3-разовае харчаванне. Вышэй мы агучылі толькі абавязковае меню. За дзень трое дзяцей "знішчаюць" кіло бананаў, а ў сезон яшчэ і столькі ж яблыкаў. Час ад часу купляюцца клубніцы, нектарыны і іншыя вітаміны. З рознай неабходнай садавіной і ягадамі нам дапамагаюць бацькі, якія вырошчваюць гэта на дачы. Зімой мы варым кампоты з сухафруктаў, а летам ужываем квас ці бярозавік, якія прапануюцца па акцыях не вельмі дорага. Зараз у сетцы крам "Рублёўскі" акцыя на квас — 1,5 літровая бутэлька каштуе ўсяго 4900 рублёў. А ў магазіне "Віталюр" 2 літры бярозавіку — 6300 рублёў. У іншых магазінах такі квас каштуе 8500, а бярозавік — ажно 12000 рублёў. Нават пры жорсткім абмежаванні трое дзетак з'ядаюць каля 2 кілаграмаў шакаладных цукерак у месяц. Не вельмі дарагімі, але якаснымі з'яўляюцца цукеркі "Белісіма" (Украіна), якія па акцыях у асобных крамах каштуюць каля 38 тысяч за кілаграм. Па акцыях набываюцца для малых і не вельмі карысныя прысмакі — такія, як чыпсы. Раз у тыдзень купляюцца 2 стаграмовыя ўпакоўкі (пласцінкі) выключна беларускай вытворчасці.

Нават пры самых сціплых падліках, на такое дадатковае харчаванне неабходна аддаць каля 600 тысяч рублёў у месяц.

Шукаць зніжкі і акцыі ў розных крамах

Калі сплюсаваць усе вызначаныя пазіцыі па харчаванні, то атрымліваецца, што сям'я з пяці чалавек за месяц з'ядае прадуктаў прыкладна на 2 млн 120 тысяч рублёў. Спачатку я вельмі здзівіўся гэтай вялікай суме, аднак... Мае даўнія знаёмыя з двума дзецьмі падлічылі, што іх чатыры раты "з'ядаюць" нават больш за 3 мільёны, а мы харчуемся амаль аднолькава. Тут існуе толькі адно "але"...

Знаёмыя купляюць усю ежу ў адной краме, а мы — толькі там, дзе прапануецца максімальная зніжка на стандартныя пазіцыі.

Напрыклад, садавіну, цукеркі, сокі, сухафрукты, мяса, асобныя крупы і макарону для шматдзетнай сям'і лепш купляць у гіпердыскаўнтары "Еўраопт". У гэтай вялікай краме штотыдзень мы набіраем прадуктаў на 200—300 тысяч. Менавіта для шматдзетных магазін праз сацыяльныя службы выдае дысконтную карту на куплю тавару са зніжкай 5%. Дысконт не распаўсюджваецца толькі на тавар па акцыях. Па акцыях кошт можа зніжацца на 15—20% ці нават больш.

Напрыклад, цвёрдыя сыры тут можна адшукаць па 39—44 тысячы рублёў за кілаграм. У астатніх крамах — каля 53—57 тысяч рублёў. Грэчка (800 г) — 6800 рублёў. Смачныя карамелькі фірмы "Рашэль" (Украіна) — ад 22 да 34 тысяч рублёў. Кіло бананаў каштуе 7900 рублёў (11 тыс. па горадзе).

Марскую рыбу лепш купляць выключна ў краме "Віталюр". Тут мінтай без галавы — 17900 (23900 — звычайны кошт), скумбрыя — 26000 (30000), аргенціна — 16900 (23950), мойва — 9900 рублёў (13800).

Агародніну ў сезон купляем на рынку ў Ждановічах. Маладую бульбу там можна адшукаць па 2 тыс. за кіло, памідоры — за 8—10 тыс., а агуркі — усяго за 3—3,5 тысячы рублёў.

Шмат розных зніжак прапануе і магазін "Рублёўскі". Аднак ва ўсіх гэтых крамах побач з таннымі таварамі заўсёды хапае і даволі дарагіх пазіцый.

Таму калі ў сям'і ёсць час і здольнасць планаваць пакупкі, то трэба мець у наяўнасці 3—4 розныя аб'екты гандлю. Наш вопыт паказаў, што на планаванні, зніжках і акцыях можна эканоміць на ежы ў месяц каля 400—600 тысяч рублёў.

Сяргей КУРКАЧ.

Р.S. У нашай сям'і двое дарослых працуюць. Мама ў якасці маркетолага атрымлівае прыкладна 2,5 млн рублёў. Мая праца дадае ў агульны бюджэт яшчэ каля 4 млн рублёў. Тыя 500 тысяч, што нам удаецца эканоміць на ежы, мы з задавальненнем трацім на дзіцячыя абноўкі ці адкладваем на адпачынак.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мінская шматдзетная сям'я на акцыях і зніжках можа эканоміць амаль 500 тысяч рублёў у месяц Калі год таму пачалі істотна павялічвацца цэны на прадукты харчавання,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика