Старэйшы ўдзельнік вандроўкі 90-гадовы Нікан Мікуліч. “А кілбаскі ўсе мне”.
Вырашылі маладзечанскія турысты павандраваць на чатырох байдарках па рацэ Іслач. Глядзяць – а рака знікла.
Сёлетні водны паход кіраўнік паходаў турклуба “Пілігрым” Вячаслаў Вянглоўскі праводзіў ад 15 да 19 ліпеня. І ўпершыню за гісторыю клуба ў паходзе ўдзельнічаў чалавек, якому за 90 гадоў. Самаму малодшаму з вандроўнікаў, Данілу Вянглоўскаму, 9 гадоў, а самаму старэйшаму, Нікану Мікулічу, – 90. Усяго ўдзельнічала 11 чалавек. Паход пачаўся ад магілы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў вёсцы Кіявец Валожынскага раёна – у кіламетрах сямі ад маёнтка Люцынка, дзе нарадзіўся беларускі драматург. Дайшлі вандроўнікі да вёскі Цаюны Валожынскага раёна.
Елі тры разы на дзень. Раніцай рабілі сабе англійскі сняданак – варылі вялікі кацялок кашы “Геркулес”. У абед надоўга не спыняліся, каб паспець паболей праплыць, пакуль светла. Таму елі бутэрброды з салам і кілбасой, салату з капусты, памідораў і агуркоў і запівалі ўсё гарбатай. А вячэралі ўжо “ад пуза” – варылі суп, другое, якое часам заставалася на раніцу. Вандроўнікі са здзіўленнем і шкадаваннем адзначаюць, што Іслач моцна абмялела – дзесьці даводзілася не плыць, а цягнуць байдаркі. – Гадоў 20 такая рака магутная была, я нават не чакаў, што так абмялее, распавядае Вячаслаў Вянглоўскі. – Здаецца, што вялікая, але мелкая, дно пясчанае, вада, хоць і чыстая, але халодная-халодная. Байдаркі гэтыя цягалі-цягалі, папрацаваць добра давялося. Хацелі на Нёман выйсці, але пасля Цаюноў ужо немагчыма было плыць. Рака там нібы знікла.
Па дарозе вандроўнікі пабачылі шмат цікавага, нягледзячы на мінус водных паходаў: далёка ад ракі пагуляць не пойдзеш. Запомніўся бровар, мост, які змыла і засталіся ад яго адны слупы-ўмацаванні, а больш за ўсё – асалода ад свежага паветра і прыгожых пейзажаў. – Дапамагалі адзін аднаму, асабліва маладняк дзядулі дапамагаў, – прыгадвае арганізатар вандроўкі. – З дзядулем было ўсім цікава – на відэа яшчэ паглядзіце, як ён спяваў. Наш Нікан Канстанцінавіч такі аптыміст, ух! Нікан Мікуліч скончыў сем класаў польскай школы ў Бакштах. Удзельнічаў у Саюзе беларускай моладзі. Вечарам, калі ўсе вандроўнікі садзіліся ў кружок ля кастра, дзядуля расказваў пра сваё жыццё, пра вайну, спяваў беларускія песні.
– Гэта ў Амерыцы 100-гадовая бабуля з парашута скакала і гэта там нармальна, – разважае Вячаслаў Вянглоўскі. – А ў нас усе мне ля скроні пальцам круцілі, бо тут не прынята, каб ў такім узросце чалавек жыў актыўным поўным жыццём. А ў нас усё прайшло добра, усе працавалі, усе малайцы. – Вандраваць трэба так, каб найперш адпачыць, загарэць, пагаварыць з прыемнымі людзьмі, – упэўнены кіраўнік паходаў турклуба “Пілігрым”. – Тым больш, што амаль усе нашы вандроўнікі беларускамоўныя, разумныя – і маладыя, і сталыя людзі. Удзельнікі вандроўкі: Іван Маляўка, Карына Кротава, Любоў і Нікан Мікулічы, Даніла, Дзяніс і Вячаслаў Вянглоўскія, Наталля Шусціцкая, Уладзімір Цай, Рыта Собаль, Тамара Канцавая. У аўторак, 31 ліпеня, Вячаслаў Вянглоўскі выправіўся ў новую вандроўку – у Друю Браслаўскага раёна. Падрабязней пра гэта падарожжа чытайце ў наступных нумарах “РГ”.
Ля магілы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў вёсцы Кіявец Валожынскага раёна.
Зоя ХРУЦКАЯ. Фота забяспечана Вячаславам ВЯНГЛОЎСКІМ.