Узор знаёмы васілька. 21.by

Узор знаёмы васілька

23.08.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Кветачкі гэтыя часам паводзяць сябе дзіўна і таму яшчэ больш прывабныя і цікавыя

Прырода, як клапатлівая, добрая і мудрая маці, даўно вызначыла кожнай расліне на зямлі сваё месца. Яны і прывыклі за многія тысячагоддзі, і такая іх жыццёвая «традыцыя» перадаецца «з пакалення ў пакаленне». Ды вось іншы раз здараецца нечаканае: некаторыя расліны раптам мяняюць месца свайго «жыхарства» і перабіраюцца туды, дзе ім, здавалася б, зусім няўтульна і нязвыкла. Незвычайную з’яву ў апошнія гады асабіста я назіраю ў нашай вёсцы, на суседнім лузе і ў лесе даволі часта. І заўсёды пытаюся здзіўлена сам у сябе: што ж гэта значыць?.. Расказваў ужо некаторыя такія гісторыі, і вось яшчэ адна.

Падыходжу да знаёмага ўскрайку лесу і здалёк бачу: там нешта сіняе-сіняе, быццам ляжыць на траве коўдра такога колеру ці пакрывала. «Што такое можа быць?» — разбірае мяне зразумелая цікавасць, і я паскараю хаду. Ну вось, усё зразумела: побач з маладымі сасёнкамі, амаль што пад іх аховай, невялічкая плантацыя валошак, ці, як іх яшчэ называюць, васількоў. Незвычайна свежыя, чыстыя, з дробнымі пацеркамі расы на лісціках і кветачках, яны так аздабляюць гэты лясны куточак, што ціхая радасць напаўняе сэрца, хочацца глядзець і глядзець на гэтую нечаканасць. І разам з тым незвычайны кантраст: густая шаўкавістая трава ўперамежку з рознымі кветкамі, чырвоная канюшына, і — на табе: сярод гэтага зялёнага царства — яны, прыгожыя валошкі. Ужо з першага погляду можна беспамылкова сказаць: тут ім вельмі добра, бо выраслі пад метр, вышэй, чым іншыя расліны. А дзе яшчэ лепш? З аднаго боку валошкі дбайна прыкрывае лес, з другога — ім досыць святла і цяпла. Вось так, аблашчаныя шчодрым летнім сонцам, шмат разоў абцалованыя пяшчотным гуллівым ветрыкам, растуць сабе валошкі на здароўе. Буйныя, вясёлыя, як на падбор, быццам хтосьці іх тут пасеяў і клапатліва даглядае. Ад чаго і гэтая мясціна стала яшчэ больш маляўнічай і прывабнай.

Але ж валошкі — частыя спадарожнікі пасеваў жыта, пшаніцы, аўса, вясковыя жыхары гэта добра ведаюць. Падабаецца ім таксама льняное поле. Гэта так.

Аднойчы я быў незвычайна ўражаны, калі ўбачыў, як пасярод поля, засеянага аўсом, пралеглі сінія дарожкі. Вузенькія палоскі густа зараслі валошкамі. Спачатку не мог уцяміць, адкуль тут з’явіліся гэтыя дарожкі, а потым здагадаўся. Пры пасеве сеялка не захапіла гэтыя палоскі поля: мо была няспраўная ці механізатар празяваў. Хто яго ведае. Вялікія жыццялюбы, учэпістыя валошкі скарысталі такую выгадную для іх сітуацыю і дружна «пасяліліся» на гэтых самых незасеяных палосках. І калі я глядзеў на шырокае поле, здавалася, што на ім, жоўтым ад паспелага аўса, ляжалі жывыя блакітныя паясы…

Здзіўляюць нас з жонкай валошкі і на агародзе. Некалькі кусцікаў рэгулярна ўжо каторы год вырастаюць — дзе, вы думаеце? — на градцы з часнаком. Адчуваюць сябе побач з ім, як роўныя з роўнымі, упэўнена і самавіта. Што, вырываць іх? Ні ў якім разе, рашылі мы. І нават калі жонка выбірае часнок, валошак не кранае. Так і растуць тут, маленькая аздоба агарода. І на ўзмежку таксама вырасла некалькі, што нас вельмі ўзрадавала. Ну як не сказаць пра іх вершамі: «Я вамі, мілыя валошкі,// Хачу палюбавацца трошкі,// Бо мне здаецца, што нібыта// Тут з неба кропелькі блакіту».

Хопіць, аднак, гэтага ўзнёслага зачаравання, бо з валошкамі ў нашых земляробаў даўнія праблемы. Бадай, ніводная расліна не знаходзіцца ў такой складанай сітуацыі, як валошкі. А прычына ў тым, што іх лёс супярэчлівы. З аднаго боку, валошкам вельмі пашанцавала на людское захапленне і любоў. Бо ў характары і абліччы іх шмат тонкай лірыкі, пяшчоты, трапяткога ўспрымання, якія будзяць у нашых сэрцах самыя чыстыя, светлыя, трапяткія пачуцці.

Валошкі апеты многімі паэтамі, яны хвалююча жывуць і пераходзяць з пакалення ў пакаленне ў народных паданнях, былінах. Адзін з самых характэрных сімвалаў шчырага кахання — валошкі. І цяпер памятаю, як у нашай вёсцы пасля вайны, калі яшчэ не прыйшлі калгасы, жанчыны пачыналі жаць жыта. Яно было густа перасыпана валошкамі — такая радасць для вясковых дзяўчынак. Яны ішлі разам з маці ў поле і адна перад адной выхваляліся: «А ў мяне хутка будзе прыгожы вяночак». Сапраўды, маці зажынала сярпом маленькі край поля, потым разам з дачушкай рвала валошкі. Сплятала з іх вянок, акуратна надзявала на дзіцячую галоўку — ах, якая прыгажосць!

А вось сітуацыя зусім іншая: я ведаю, што ў адной са школ Мядзельскага раёна свой краязнаўчы гурток вучні назвалі так — «Валошкі». І калі дзеці ў час летніх канікул адпраўляліся ў чарговы паход, калі ішлі праз вёскі, палі і лясы — вясёлыя, загарэлыя, з рознакаляровымі галаўнымі ўборамі, і ў многіх свяціліся радасцю вочы, у тым ліку і блакітныя, — гэтыя дзеці, сапраўды, чымсьці нагадвалі валошкі.

У той жа час валошкі — пустазелле нашых палеткаў, яго вырываюць і знішчаюць. А як жа хараство? Тут нейкі парадокс. Найбольш прыгожа і хвалююча ўспрымаюцца намі валошкі менавіта тады, калі яны цвітуць у жыце. Менавіта на жытнёвым полі яны выклікаюць у нас асаблівую сімпатыю, і мы можам любавацца імі бясконца. Відаць, таму, што жыта — самае добрае і спрыяльнае месца для іх жыцця.

Вось якая незадача: у адной і той жа «асобе» — цудоўная прыродная прыгажосць і пустазелле. Калі валошак у пасевах сельгаскультур шмат, то мы робім выснову, што гэта гаспадарскі недагляд. А калі iх у меру, калі яны весела і прывабна разбегліся па полі рэдка-рэдка — зусім іншы малюнак. Канешне, пры сённяшняй аграрнай навуцы барацьбу з валошкамі, як і з іншым пустазеллем, можна весці даволі эфектыўна. І аднойчы мы прыйдзем да жытнёвага поля і не ўбачым гэтых блакітных кропелек, якія нам быццам паслала неба. Добра, калі мілыя валошкі перабяруцца ў іншыя месцы…

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Валошкі апеты многімі паэтамі, але іх надта не любяць аграрыі
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика