Зямельныя спрэчкі: пачуць сваяка і суседа. 21.by

Зямельныя спрэчкі: пачуць сваяка і суседа

08.09.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Большасць пытанняў, якія хвалююць случчан, — гэта рамонт і будаўніцтва жылля, паляпшэнне жыллёвых умоў. Менавіта такія аспекты высветліліся падчас прыёму грамадзян губернатарам Мінскай вобласці Барысам Батурам у Слуцку.

Любоў Арцюшэўская адстаяла ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў 31 год. Але ў свой час атрымаць дзяржаўную ці ведамасную кватэру не ўдалося. Жанчына з дарослым сынам займаюць асобны блок у адным з інтэрнатаў горада. Нядаўна ёй выдзелілі пад індывідуальнае будаўніцтва зямельны ўчастак. Любоў Віктараўна мае права на атрыманне льготнага крэдыту для ўзвядзення дома. Заяўніца звярнулася да губернатара з просьбай пасадзейнічаць у атрыманні такога крэдыту і для сына. На жаль, па заканадаўстве разлічваць на яго сын не можа. Акрамя таго, у жанчыны ёсць дарослая дачка, якая па стане здароўя звольнілася з работы і вымушана выселіцца з інтэрната, які ёй прадаставіў былы наймальнік. Па сутнасці, дзяўчына засталася на вуліцы. Жанчына хадайнічала, каб дачку прапісалі на яе жылплошчы. Барыс Батура распарадзіўся задаволіць просьбу, а ў бліжэйшай перспектыве надаць інтэрнату статус жылфонду.

Таццяна Амбражэвіч з вёскі Лучнікі прыйшла на прыём разам са сваім мужам. Справа ў тым, што шматдзетная сям'я пражывае ў сельскай мясцовасці. Але сужэнцы працуюць у Слуцку. Дабірацца да месца працы далекавата ды і нязручна. Тым не менш, ставіць у чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў у горадзе іх не хочуць, паколькі яны маюць сельскую рэгістрацыю. "За пяць гадоў можна было вырашыць жыллёвае пытанне сям'і, — канстатаваў Барыс Батура. — Шматдзетных бацькоў трэба ўсебакова падтрымліваць". Разам з тым, губернатар нагадаў мясцовым уладам, што з 2011 года ў заканадаўства ўнесены змены, і маладая пара можа прэтэндаваць на жыллё ў Слуцку. Таму іх просьба павінна быць задаволена.

Яшчэ ў 1994 годзе ў вёсцы Квасынічы пачалося ўзвядзенне жылога дома, але да гэтага часу яно не скончана. Ніна Вадоўская, якая стаіць на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў з 1986-га, унесла ў будаўніцтва пэўныя сродкі і спадзяецца, што дом нарэшце будзе здадзены. Як растлумачыў старшыня Слуцкага райвыканкама Уладзімір Даманеўскі, паводле ацэнкі бюро тэхнічнай інвентарызацыі, у будаўніцтва ўкладзена 300 млн рублёў. Прыкладна столькі ж патрабуецца для таго, каб яго завяршыць. Такіх грошай у СВК "Белічы" няма. Няма іх і ў Ніны Данілаўны. Падчас прыёму знойдзены кампраміс. У прыватнасці, Барыс Батура прапанаваў выдзеліць заяўніцы жыллё ў такім стане, які ёсць, а таксама — крэдыт, каб закончыць яго будаўніцтва. Кошт кватэры, дзе зараз пражывае жанчына, пойдзе ў залік кошту будучага жылля.

Круглая сірата Анастасія Дуброўская ў чарзе на атрыманне сацыяльнага жылля з 1996 года, зараз яна лічыцца пад нумарам 55. Дзяўчына хвалюецца, што чакаць кватэры ёй давядзецца яшчэ доўга. Як патлумачылі спецыялісты райвыканкама, два гады таму здадзены ў эксплуатацыю сацыяльны дом, дзе атрымалі кватэры практычна ўсе, хто меў у іх патрэбу. На сённяшні дзень у "сацыяльным" спісе 362 чалавекі. Да канца года мяркуецца пачаць будаўніцтва яшчэ аднаго сацыяльнага дома, у якім атрымае прытулак і Анастасія. Разам з тым, губернатар заўважыў, што варта задумацца пра ўзвядзенне арэнднага жылля. Магчыма, гэта стане дадатковым варыянтам вырашэння праблем сацыяльных катэгорый грамадзян.

Віктар Шасцюк і чацвёра яго сямейнікаў жывуць у драўляным доме барачнага тыпу, знос якога, па ацэнцы спецыялістаў, складае 60%. У чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў воін-інтэрнацыяналіст, інвалід 3 групы, стаіць з 1991 года. Як патлумачыў Уладзімір Даманеўскі, мужчыне неаднаразова прапаноўвалі ўступіць у жыллёва-будаўнічы кааператыў, ды Віктар Іванавіч лічыць, што яму павінны выдзеліць дзяржаўную кватэру. Але даходы сям'і не дазваляюць разлічваць на сацыяльнае жыллё.

Раіса Дзьякава з аграгарадка Грэск паскардзілася на непрывабны стан васьмікватэрнага дома, дзе яна пражывае. Маўляў, абшарпаныя сцены, пад'езды, дрэнна працуе ацяпленне. Як адзначыў Уладзімір Даманеўскі, у аграгарадку шмат зроблена па добраўпарадкаванні, рамонце. У прыватнасці, адрамантаваны дзіцячы садок, кацельня, заменена цеплатраса, неўзабаве адкрыецца мясцовая лазня. Кіраўнік раёна пагадзіўся, што яшчэ шмат чаго трэба зрабіць, у тым ліку і добраўпарадкаваць жыллёвы фонд, што і будзе зроблена ў бліжэйшы час. Разам з тым, жанчыне нагадалі, што і яна сама павінна ўтрымліваць сваё жыллё ў належным стане. Справа ў тым, што ў кватэры Раісы Пятроўны жыла... каза, якую мясцовыя ўлады ледзьве выселілі.

Усяго на прыёме губернатара разгледжана 19 зваротаў. Частка пытанняў вырашана падчас пасяджэння, іншыя, што патрабуюць больш падрабязнага разбору, узяты на кантроль. Напрыклад, Ганна Алейчык з вёскі Новыя Рачкавічы клапацілася пра газіфікацыю шматкватэрнага дома. Барыс Батура даў даручэнне вырашыць пытанне на працягу двух месяцаў. Клаўдзіі Івановай з вёскі Казловічы прапанавана матэрыяльная дапамога для газіфікацыі дома. Адзінокі інвалід 2 групы Эдуард Браткоўскі паскардзіўся, што ён не можа дазволіць сабе падстрыгчыся ў цырульні — дорага. Губернатар прапанаваў устанавіць для гэтай катэгорыі людзей зніжкі пры аказанні бытавых паслуг. У прыватнасці, цырульняў, лазняў. Былая работніца Слуцкага мясакамбіната Іна Мандрыкіна ў выніку вытворчай траўмы стала інвалідам. Яна атрымала неабходныя кампенсацыі і выплаты. Але кампенсаваць страту здароўя нельга ніякімі грашыма. Тым не менш, яны вельмі патрэбны маладой жанчыне на лячэнне. Таму Барыс Батура распарадзіўся выдзеліць ёй матэрыяльную дапамогу на праезд і лекі, а таксама нагадаў, што варта больш уважліва ставіцца да праблем інвалідаў.

Як паказаў прыём, невырашальных пытанняў няма. Але ёсць скаргі, якія можна ўладзіць без умяшання чыноўнікаў, дзяржаўных служачых і тым больш губернатара. Яны датычацца зямельных адносін ці, дакладней, устанаўлення межаў зямельнага ўчастка. Адна жыхарка вінаваціць землеўпарадкавальную службу, што "прырэзала" сваяку аж 18 сантыметраў зямлі — за кошт яе надзела. Іншая патрабуе зрабіць агароджу, каб брат не набліжаўся да яе склепа. Трэцяя скардзіцца, што суседзі пабудавалі гараж і перакрылі пад'езд да хлеўчука... І аналагічных зваротаў было нямала: з вёсак Бранавічы, Вялікае Журава і самога Слуцка. Варта дадаць, што па гэтых справах сваё рашэнне ўжо вынес суд. І адмяніць яго вердыкт не мае права нават губернатар. Тым не менш такія заяўнікі не могуць супакоіцца і патрабуюць, патрабуюць... Суседзяў і сваякоў не выбіраюць. І любы канфлікт, непаразуменне можна рашыць па-людску, знайсці кампраміс, варыянт, які б задаволіў абодва бакі. Ніякія чыноўнікі не могуць прымірыць тых, хто варагуе, калі яны не чуюць адзін аднаго, не жадаюць слухаць голас розуму.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Большасць пытанняў, якія хвалююць случчан, — гэта рамонт і будаўніцтва жылля, паляпшэнне жыллёвых умоў. Менавіта такія аспекты высветліліся падчас прыёму...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика