Праз 4 краіны да Ядранскага мора - Частка другая
15.09.2012
—
Новости Общества
|
Адрыятычнае мора па-чарнагорску гучыць як "Ядранска", пра што мы даведаліся, як толькі купілі ў Сербіі мапу Чарнагорыі. Праўда, з мовамі там такая блытаніна, што звычайнаму турысту не разабрацца. Напрыклад, выдадзены ў Маскве сербска-харвацкі размоўнік запэўнівае, што менавіта на гэтай агульнай мове — кайнэ — і размаўляюць у Чарнагорыі. Аднак у 2007 годзе чарнагорская мова (якую яшчэ называюць адной з гаворак сербскай) набыла афіцыйны статус, а падчас леташняга перапісу насельніцтва ужо 37% жыхароў Чарнагорыі назвалі яе роднай (супраць 22% у 2003 годзе). Разам з тым, розніца з сербскай сапраўды неістотная. Наўрад ці турыст увогуле распазнае, ці пачуў ён яе ў Чарнагорыі. Напрыклад, мужчына з прыдарожнай вёскі, які прадаў нам мясцовую гарэлку — вінаградную ракію, рэкламаваў свой прадукт як "Экстра квалітэт!" Што на сербскай мове азначае "найвышэйшая якасць", па-чарнагорску было б: "экстра квалатада". Ракія і сапраўды аказалася вельмі добрай. Зоран Не ведаю дакладна, у які момант палюбіла гэту краіну. Зрэшты, палюбіліся ўсе краіны, якія мы пабачылі падчас вандроўкі, кожная па-свойму. Нас, напрыклад, папярэджвалі пра Румынію, маўляў, там з машыны колы знімуць, варта яе пакінуць без нагляду. Нічога такога. Хаця быў эпізод на зваротным шляху, калі ў чарзе да абменніка ў мястэчку Бран, што на мяжы Мунтэніі і Трансільваніі, майму мужу падалі яго ўласныя правы кіроўцы разам з усімі дакументамі на машыну, паказаўшы знакам, што падабралі іх з зямлі. І гэта пры тым, што дакументы ляжалі асобна ад грошай і ўпусціць іх муж не мог. Да канца таго дня мы ледзь не кожныя чвэрць гадзіны то грошы пералічвалі, то правяралі змесціва сумкі. Аднак абышлося. Нічога кепскага з намі ні ў адной краіне не адбылося. У Румыніі было настолькі добра, што мы паабяцалі сабе абавязкова прыехаць туды яшчэ раз і на больш працяглы тэрмін, але пра гэта — наперадзе. Чарнагорыі папярэднічала паўтарагадзінная чарга на мяжы ў паўдзённую спёку. Потым — тыя ж горы, тунелі, віядукі, каньёны і старажытныя манастыры, што і ў Сербіі. Толькі больш скал, мінарэтаў, і ўжо за еўра можна было набыць ля дарогі жоўтую смокву або духмяную медавуху. Самае вялікае на Балканскім паўвостраве возера пачалося з вялізнай плантацыі гарлачыкаў. Спачатку мы не маглі зразумець, што гэта за поле з дзіўнымі раслінамі, а потым не верылі сваім вачам: справа бязмежнае мора гарлачыкаў, злева — шэрыя сярдзітыя хвалі да самага гарызонту. Гэта і ёсць Скадарскае возера. Зачараваныя відовішчам, мы праскочылі паркінг побач з вялікім рэстаранам і спыніліся на ўзбочыне амаль напрыканцы моста, каб хаця б хвілінку пастаяць на беразе. І тут я заўважыла самаробную шыльду, на якой было напісана "rіbа". З боку дарогі бачны толькі дах, які можна прыняць за невялікую лодачную станцыю. Аднак, калі мы спусціліся па прыступках уніз, то аказаліся ў прыватным вельмі сімпатычным рыбным рэстаранчыку, гаспадар якога Зоран сустрэў нас з радаснай усмешкай і на рускай мове прапанаваў даверыць яму выбар стравы. Праз 30 хвілін на стале перад намі стаялі дзве вялікія талеркі з трыма відамі на нашых вачах злоўленай, разабранай і засмажанай на грылі рыбы: вугор, карп і фарэль. А таксама хатнія сыр, аліўкавы алей, масліны, хлеб, гародніна і віно. Гэта было незвычайна смачна! Каштавала 66,5 еўра. Тое, што не змаглі даесці, жонка Зорана запакавала нам з сабой. Гэта быў адзін з самых дарагіх абедаў у Чарнагорыі, але за такую смакату тых грошай было не шкада. Звычайна ж мы маглі наесціся ўсёй сям'ёй (з віном ці півам) за 30 еўра. Побач з намі сядзелі дзве дзяўчыны перад такой жа рыбнай талеркай, якія глядзелі алімпійскі матч па водным пола паміж камандамі Сербіі і Чарнагорыі. Яны крычалі і плакалі, ускоквалі з места і закрывалі твары рукамі, хутка да іх далучыўся ўвесь рэстаранчык... Сербы выйгралі з лікам 12:11 і сталі бронзавымі прызёрамі Алімпіяды. Але для нас Чарнагорыя па-сапраўднаму пачалася менавіта з гэтага матча ў рыбным рэстаранчыку Зорана. Праз паўгадзіны мы ўбачылі мора. Сана і Альё Я ўжо пісала, што гаспадарамі нашых апартаментаў аказаліся вядомы ў Чарнагорыі мастак Альё Смайлэгіч і тэлежурналістка на пенсіі Садэта Сана. Альё калісьці разам з сябрам пабудаваў гэты дом. Нядаўна першы паверх выкупіў расіянін, і цяпер там з вясны па восень жыве яго маці. Падумвае прадаць свае апартаменты і Сана. Яна кажа, што ёй ужо цяжка прымаць турыстаў, прыбіраць за імі і даглядаць 2 кватэры. Падчас вайны яна жыла ў Сараеве і пашкодзіла сабе спіну, цяпер ёй цяжка хадзіць. Аднак, нягледзячы на ўзрост і перажытае, Сана і Альё — вельмі жыццярадасныя, энергічныя і добразычлівыя людзі. У нас склалася адчуванне, што гасцюем у сваякоў, і гэта пры тым, што Альё зусім не размаўляе па-руску, і абое яны выхадцы з мусульманскіх родаў. Кожную раніцу 79-гадовы мастак ідзе на мора і даплывае да вядомага вострава-гатэля Свеці-Стэфан, па дарозе ён сардэчна вітаецца з кіроўцам рэйсавага аўтобуса, прадаўцом крамы і знаёмымі турыстамі. Потым працуе ў сваёй майстэрні. Ён актыўна ўдзельнічае ў выставах па ўсёй краіне і за яе межамі. Яго работы ні на што не падобныя, яны адлюстроўваюць яго паэтычную і сонечную душу, падобна таму, таксама як зменлівая паверхня Ядранскага мора адлюстроўвае неба і сонца і хавае бяздонную глыбіню пад тоўшчай блакітнай вады. Так што Чарнагорыя для нас — гэта яшчэ і Сана з Альё, яго карціны і яе пірожныя, цудадзейная мазь ад сонечных апёкаў з іх радзімы і проста задавальненне ад стасункаў з гэтымі людзьмі. Адну са сваіх работ Альё падарыў нам на памяць. Мора Я шмат разоў бачыла і люблю мора. Люблю плыць адна і адчуваць еднасць з Сусветам. Такое магчыма толькі ў моры, калі вакол бязмежнасць і бясконцасць, і сам ты — частка гэтай бясконцасці. Але калі я ўвайшла ў Адрыятычнае мора, то ўголас закрычала: "Гэта немагчыма! Яно празрыстае!" Яно было празрыстым, нібы працятае сонцам шкло на любой глыбіні: ля берага і ля буйкоў, дзе пад нагамі яшчэ некалькі метраў. Яно бірузовае і цёплае. Вельмі салёнае. І вельмі прыгожае. Мы не шукалі іншых пляжаў. Бясплатны гарадскі, на які нас прывёў Альё, нас цалкам задавальняў. Буйная галька, дастаткова месца, душ, кавярні, пункт пракату, чысціня... Па суседстве — пляж для гасцей вострава-гатэля, на якім адпачываюць сусветныя зоркі і мільярдэры. Для старонніх карыстанне на ім парасонамі і лежакамі каштуе 50 еўра з чалавека, ад нашага ён адрозніваўся толькі больш дробнай галькай і меншай колькасцю адпачывальнікаў. Часцей за ўсё мы плавалі з маскай альбо акулярамі, бо назіраць за падводным светам бясконца цікава. Мы бачылі камбалу і васьмінога ("хобатніца" па-сербску), безліч невялікіх прыгожых рыбак, падобных да ракавін расліны і марскіх вожыкаў... З вожыкамі выйшла гісторыя. Мы спецыяльна купілі ў Мінску плавальныя тапачкі з тоўстай падэшвай, бо прачыталі, што тут могуць сустрэцца гэтыя прадстаўнікі ігласкурых. Насамрэч на пляжы вожыкаў не было, але яны былі на камянях ля вострава-гатэля, куды мы аднойчы выправіліся ўсёй сям'ёй. І вось калі мы ўжо даплылі, дачка, убачыўшы безліч вожыкаў пад вадой, ад страху... упала на іх. Так што тапачкі не памаглі. Сана дала нейкі лекавы алей, і праз некалькі дзён усе 20 іголак выйшлі вонкі. Іаана і Марыус Дзякуючы наяўнасці ўласнага аўтамабіля, мы не куплялі экскурсіі і ездзілі, куды жадалі і калі жадалі. Мы пабачылі тры сярэднявечныя гарады: Будву, Котар і Бар. І кожны быў адкрыццём, кожны ўражваў па-свойму. На руінах Старога Бара нас заспеў бурштынавы захад сонца і прыгожая музыка — у летнія месяцы там праходзіць фестываль — і пачуццё рэальнасці пакінула нас. Дзіўна было стаяць побач са сценамі, якім паўтысячы гадоў, бачыць пад нагамі вялікі сучасны горад і раптам пачуць заклік мулы на малітву, а потым — звон хрысціянскіх храмаў... Дарэчы, у Бары яшчэ 9 стагоддзяў таму ў храмах усталёўвалі як праваслаўны, так і каталіцкі алтары і вялі набажэнствы па абодвух абрадах, а некаторыя цэрквы дзейнічаюць так да сёння. Не дзіўна, што тут мірна суседнічаюць манастыры і мячэці. Дарэчы, Сана сказала, што ў іх з Альё родзе 16 змешаных шлюбаў. І вось нашы 10 начэй і 9 дзён у Чарнагорыі скончыліся, і мы адправіліся ў адваротны шлях, дзе нас чакала яшчэ адна незабыўная сустрэча. Спыніцца ў Трансільваніі мы вырашылі, калі афармлялі транзітную візу ў румынскім пасольстве. Там убачылі рэкламны праспект пра самую прыгожую ў Еўропе горную дарогу, пачулі ад іншых людзей захопленыя водгукі пра замкі і краявіды горнай Румыніі. Тады нам яшчэ хацелася неяк кампенсаваць няўдалую спробу наведаць гэтым летам Заходнюю Еўропу, мы яшчэ не ведалі, што аўтамабільнай вандроўкі ў Чарнагорыю нам будзе цалкам дастаткова, каб ні пра што не шкадаваць і быць перапоўненымі ўражаннямі. Аднак гатэлі ўжо былі забраніраваны, маршрут складзены, сілы і грошы яшчэ заставаліся, і мы адправіліся па слядах графа Дракулы. Горны серпанцін у Чарнагорыі і Сербіі не ідзе ні ў якое параўнанне з дарогамі ў самым сэрцы Румыніі. Аднак мы ўжо прызвычаіліся і амаль не здзіўляліся ні "поршэ", якія праносіліся на вялікай хуткасці, ні фурам, бакавыя колы якіх на адным з паваротаў саслізгвалі ў водаадводныя каналы... Нас вельмі ўразіў замак ХІV стагоддзя ў Бране і досыць малады замак Пелеш пад Сінаем, ды і сам гатычны Брашоў, у якім мы спыніліся, зачараваў, аднак Румынія для нас — гэта, у першую чаргу, Іаана і Марыус з іх цудоўным домам і садам. Некалькі гадоў таму гэтыя маладыя людзі, узяўшы вялікі крэдыт, пабудавалі на ўскраіне горада ўласны невялікі гатэль. Атрымаўся не проста гатэль, але ўвасабленне самых прыгожых мар. Усё ў гэтым доме зроблена з любоўю і густам: ад драўляных паліц у ванным пакоі да дзіцячай пляцоўкі з унікальнымі арэлямі-конікам. Але галоўнае не гэта. Яны забылі папярэдзіць сайт па браніраванні гатэляў пра тое, што самі ў апошнія дні жніўня збіраюцца адпачыць з дзецьмі-школьнікамі і ўжо замовілі пакоі ў Грэцыі, калі атрымалі ад нас заяўку. Каб не псаваць сваю рэпутацыю, яны вырашылі нас прыняць. Мы былі ў гэты час адзінымі іх гасцямі, і з'язджалі яны амаль адначасова з намі. Тым не менш, яны сустрэлі нас так, быццам мы — першыя і самыя дарагія іх госці. Я сапраўды некаторы час думала, што іх гатэль толькі адкрыўся і мы — першыя. Яны кармілі нас шыкоўнымі сняданкамі з добрага дзясятка хатніх страў, частавалі ўласнай ракіяй, дзеля большага камфорту прапанавалі замест аднаго нумара — два, за тую ж цану... У дарогу сабралі пакет з печывам і яблыкамі. Вось так, з любоў у сэрцы, мы вярталіся ў сваю Беларусь. Камп'ютар на машыне паказаў, што мы праехалі 4540 км, сярэдняя хуткасць — 52 км/г, сярэдні расход паліва — 6,9 л/100 км, час у дарозе — 86 гадзін, або 7 дзён. Нас ніводнага разу не аштрафавалі дарожныя паліцэйскія, хаця аднойчы ў Чарнагорыі спынілі за перавышэнне хуткасці на 22 км/г і чамусьці, паглядзеўшы дакументы, адпусцілі. Мы 8 разоў перасеклі межы розных краін, прайшлі 16 памежных кардонаў і толькі двойчы патрапілі там у чэргі. Мы яшчэ не палічылі, у колькі грошай нам абышлася паездка — галоўнае, хапіла тых, на якія мы разлічвалі. Затое фотаздымкаў мы прывезлі дакладна больш за 8 тысяч. Усе яшчэ не перагледзелі. Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адрыятычнае мора па-чарнагорску гучыць як "Ядранска", пра што мы даведаліся, як толькі купілі ў Сербіі мапу Чарнагорыі. Праўда, з мовамі там такая блытаніна,... |
|