Смак гаючай вады. 21.by

Смак гаючай вады

29.09.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Фотарэпартаж з мясцін, пазначаных святымі крыніцамі

Спрадвеку людзі надзялялі крыніцы сакральным сэнсам, а саму ваду лічылі гаючай. Цяпер вада шануецца не як магутная святыня, як раней (бо з дапамогай водаправода ёй можна наталіцца па першым жа жаданні). Але той, хто аднойчы адчуў смак крынічнай вады, зразумее, чаму неабходна засцерагаць гэты дар прыроды.

Праблема ашчаднага карыстання вадой — сусветная. Невыпадкова перыяд з 2005 па 2015 год аб'яўлены Міжнародным дзесяцігоддзем дзеянняў "Вада для жыцця", таму ў розных краінах урадавыя і няўрадавыя арганізацыі аб'ядноўваюцца ў сваіх намаганнях захаваць гэты прыродны рэсурс і прыцягнуць да супрацоўніцтва як мага больш людзей. У прыватнасці, у нашай краіне прадстаўніцтва Праграмы развіцця ААН і міжканфесійная місія "Хрысціянскае сацыяльнае служэнне" рэалізуюць праект "Жывая вада — упарадкаванне крыніц Беларусі". Яго тэрмін разлічаны на 12 месяцаў. Праект з'яўляецца толькі часткай шматграннай работы ў краіне для захавання прыроднай разнастайнасці. Праект мае два вымярэнні — сутнасны і сацыяльны. Мэта сацыяльная заключаецца ў аб'яднанні намаганняў розных арганізацый для захавання прыроды. Праект фінансуецца пры дапамозе Праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду і кампаніі "Кока-кола" і прадугледжвае добраўпарадкаванне 4 крыніц на тэрыторыі Беларусі: у Бабруйскім раёне ў вёсцы Бярозавічы, Асіповіцкім ва ўрочышчы Прошча, Віцебскім — у вёсцы Друцк і ў самім Віцебску. Праект мае некалькі мэт. Асноўная — палепшыць доступ людзей да чыстай пітной вады і знізіць узровень забруджвання вадаёмаў. Але не менш важным з'яўляецца і фарміраванне ў насельніцтва экалагічнай культуры і далучэнне яго да прыродаахоўнай дзейнасці.


Днямі прадстаўнікі беларускіх СМІ змаглі ўбачыць на свае вочы тое, што ўжо ўдалося зрабіць у межах праекта. З гэтай мэтай быў наладжаны прэс-тур у Бабруйскі і Асіповіцкі раёны. Сапраўды, з удзелам мясцовага насельніцтва крыніцы цяпер больш зручныя для карыстання. Іх не толькі ўпарадкавалі, але і ўпрыгожылі малымі архітэктурнымі формамі, зрабілі зручныя падыходы да вады. Адзін з мясцовых жыхароў расказаў гісторыю пра сталага чалавека, які шмат гадоў даглядаў крыніцу побач з вёскай Бярозавічы Бабруйскага раёна. Стары замацаваў побач з крыніцай калок з кубачкам, каб кожны мог пачаставацца смачнай, халоднай і празрыстай вадзіцай. Увогуле мясцовыя жыхары не пакідаюць каля крыніц смецце, адказна ставяцца да чысціні крынічнай вады.

А вось у крыніцы, што ў мястэчку Прошча, вельмі цікавая, калі можна так сказаць, біяграфія. Першае дакументальнае згадванне гэтага месца, што недалёка ад Асіповічаў, адносіцца да 1864 года. Паводле легенды, аднойчы ў спякотны дзень два сляпыя вандроўнікі напіліся ўдосталь з яе вады і — цуд! Праз пэўны час да небарак вярнуўся зрок. А на дрэве каля крынічкі людзі потым знайшлі абраз Найсвяцейшай Багародзіцы, які невядомым чынам там апынуўся. Тры разы адносілі людзі знаходку ў бліжэйшую царкву, і кожны раз на наступны дзень абраз зноў з'яўляўся на тым жа самым месцы, дзе неўзабаве было вырашана пабудаваць храм.

Але не заўсёды ён ведаў добрыя часы. У 1926 годзе, у перыяд ганенняў на Царкву, храм быў спалены. Яго аднавілі і асвяцілі толькі ў 1992 годзе. Але з тых часоў да яго і да крыніцы, што знаходзіцца на тэрыторыі комплексу, вернікі і проста наведвальнікі ставяцца з вялікай павагай. І нездарма. У народзе існуе шмат паданняў аб тым, што вада ў ёй сапраўды творыць цуды. Вось адна з такіх гісторый. Адна маленькая дзяўчынка з Бабруйска цяжка хварэла на анкалогію, і яе бацькі ўжо зусім страцілі надзею захаваць жыццё свайму дзіцяці. Аднойчы ў сне дзяўчынка ўбачыла вобраз Божай Маці, якая падказала ёй, як знайсці яе абраз. Шмат храмаў і цэркваў аб'ехала гэтая сям'я, пакуль нарэшце яны наведалі храм у Прошчы. Пакаштаваўшы святой вады, дзяўчынка неўзабаве паправілася. Падобная гісторыя адбылася і з жанчынай, якой лекары паставілі страшны дыягназ — адэнома гіпофізу галаўнога мозга і строга забаранілі акунаць галаву ў сцюдзёную ваду. Ад вялікай роспачы яна не паслухалася дактароў і аблілася некалькі разоў крынічнай вадой. Цуд ці проста супадзенне абставін, але пухліна ў галаве жанчыны пачала хутка памяншацца.

Цудадзейную крыніцу наведваюць не толькі мясцовыя жыхары. З усёй краіны людзі едуць у Прошчу. Часам бываюць тут і госці з краін блізкага і далёкага замежжа. Некалькі разоў, напрыклад, прыязджалі ў храм і вернікі з Канады і ЗША. Раней з-за вялікай колькасці наведвальнікаў стваралася доўгая чарга ахвотных набраць святой вады. Зараз зрабіць гэта будзе лягчэй: на сродкі праекта было праведзена добраўпарадкаванне крыніцы, устаноўлена спецыяльная помпа і падведзена электрычнасць. Вада будзе падавацца ў краны, усталяваныя каля сцен капліцы.

Паліна Лахманенка, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ,

фота Анатоля Клешчука.

Бабруйскі — Асіповіцкі раёны.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Фотарэпартаж з мясцін, пазначаных святымі крыніцамі Спрадвеку людзі надзялялі крыніцы сакральным сэнсам, а саму ваду лічылі гаючай. Цяпер вада шануецца не як...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика