"Накіруем машыну, яблыкі забяром". 21.by

"Накіруем машыну, яблыкі забяром"

04.10.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Літаральна ў мінулым нумары газеты мы ў падборцы матэрыялаў распавялі пра сёлетні багаты ўраджай яблыкаў, згадалі і пра некаторыя праблемы, якія з'явіліся дзякуючы такой міласці прыроды. Наш чытач з пасёлка Міханавічы Мінскага раёна, напэўна, не паспеў азнаёміцца са свежым нумарам "Звязды", паколькі патэлефанаваў у рэдакцыю з самага ранку. У процілеглым выпадку, магчыма, пытанняў у заяўніка было б менш, але як гаспадара яго можна ў любым выпадку зразумець: яблыкаў жа ўсё роўна шкада.

— Абяцалі яшчэ ў канцы мінулага тыдня забраць ападкі. Я гэтую антонаўку літаральна на каленях два дні збіраў. Набраў у мяхі паўтоны. Стаяць зараз яны і гніюць, бо мне ўвесь час называюць іншую дату, калі прыедуць па яблыкі.

Ды і па цане нейкі непарадак: напачатку абяцалі па 300 рублёў за кілаграм, цяпер кажуць, што плаціць будуць з разліку 150 рублёў за кілаграм, — эмацыйна распавёў нам інвалід другой групы Рыгор Міхайлавіч Мішчарка.

Вядома ж, мы нагадалі чытачу і пра рэкордны ўраджай, і пра падзенне кошту яблыкаў у гэтай сувязі, і пра патрэбы перапрацоўчых прадпрыемстваў, якія, на жаль, не бясконцыя...

Але агульная інфармацыя такой і застанецца, калі табе трэба вырашыць канкрэтную праблему. Таму рэдакцыя звярнулася ў Мінскае раённае спажывецкае таварыства, пагутарыла з шэрагам спецыялістаў па нарыхтоўцы.

У чарговы раз пацвердзілася, што сёлета яблыкаў — багата. Напрыклад, ад названага спажывецкага таварыства штодня працуе шэсць машын, на перапрацоўчыя прадпрыемствы адвозяць па 30 тон пладоў. Між тым, дадалі спецыялісты "па сакрэце", зараз у Мінскай вобласці без праблем можна здаць яблыкі толькі на Барысаўскі кансервавы завод. У іншых абласцях, куды рэкамендавана здаваць на перапрацоўку сёлетні ўраджай (на прадпрыемствы ў Глыбокім, Пінску, Баранавічах), яго вядуць па... запісе. Настолькі вялікія аб'ёмы сёлета.

Калі гаварыць пра сітуацыю з чытачом, дык да яго ў прызначаны дзень папросту... не даехалі. Усё па той жа, як запэўнілі нас, прычыне: машына ўжо была загружана. А потым нарыхтоўшчык, да якога звярталіся жыхары пасёлка з набалелай праблемай, запісаў, што яблыкі забяруць праз некалькі дзён.

Але рэдакцыі паабяцалі ўзяць пытанне на асаблівы кантроль, падкрэслілі, што машына да жыхара з вуліцы Школьнай (і не толькі да яго аднаго) абавязкова дойдзе. Пра цану таксама нічога новага сказана не было. Па-першае, яна аб'ектыўна зніжаецца. Па-другое, каб не плаціць падаходны падатак, трэба прадаставіць даведку з сельскага Савета, што ўраджай вырашчаны на ўласным участку. Але некаторым вяскоўцам няма часу для таго, каб узяць патрэбную паперку.

А ад сумы закупкі давядзецца заплаціць 12 працэнтаў падаходнага падатку, калі не будзе вышэйназванай даведкі. Магчыма, нарыхтоўшчык сваімі словамі спрабаваў давесці гэтую інфармацыю, але не ўсе яго зразумелі. Адсюль і ўзнікла пэўная блытаніна з лічбамі. На момант нашага звароту нам сказалі, што закупачная цана на яблыкі — 200 рублёў за кілаграм пры наяўнасці даведкі з сельскага Савета.

Сяргей РАСОЛЬКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Літаральна ў мінулым нумары газеты мы ў падборцы матэрыялаў распавялі пра сёлетні багаты ўраджай яблыкаў, згадалі і пра некаторыя праблемы, якія з'явіліся...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика