Як прайсці мяжу з Літвой за 23 хвіліны?
31.10.2012 11:08
—
Новости Общества
|
Як прайсці мяжу з Літвой за 23 хвіліны? Калі кожны беларус, хто мае літоўскую візу, захоча з'ездзіць у Вільню хаця б раз на выходныя, мяжу павінны перасякаць 2800 чалавек.
Да літоўскай сталіцы можна даехаць аўтобусам, цягніком ці на машыне. Еўрарадыё вырашыла паглядзець, які варыянт найбольш хуткі, зручны і ўвогуле магчымы. "Квіткоў ні на 8.20, ні на 9.20 на гэтую суботу няма, на наступную засталося 8 квіткоў на 9.20", — "абломваюць" у аўтобусных касах і раяць паспрабаваць патрапіць на калінінградскі аўтобус а 6 раніцы. Каб паехаць у Вільню аўтобусам, трэба паклапаціцца аб квітках мінімум за два тыдні. Каштуе дарога - 120 тысяч рублёў у адзін бок. Тады цягніком. Але на бліжэйшыя выходныя з квіткамі таксама праблема. Справа ў тым, што калі вы хочаце паехаць у Вільню раніцай у суботу, то ўжо не атрымаецца ні на гэтым тыдні, ні на наступным. Бліжэйшыя квіткі на цягнік а 7.45 ёсць толькі на суботу 17 лістапада. На бліжэйшы ўікэнд ёсць квіткі на цягнік, які прыязджае ў Вільню амаль апоўначы. З Мінска ў Вільню ходзіць два цягнікі. Адзін едзе з беларускай сталіцы а 7:45 раніцы, а назад вяртаецца а 18:10. На яго квіткоў нуль. Зусім няма. Другі з Мінска ў Вільню едзе а 18.50, а назад выязджае а 6.05. На гэтыя выходныя па 100 (!) квіткоў у абодва бакі. Едзе цягнік 3 гадзіны, каштуе 80 тысяч рублёў за агульны і сядзячы вагон, 180 тысяч рублёў — за купэйны. Навошта ў Вільню ганяць напаўпусты цягнік у нязручны час, замест таго каб пусціць дадатковы ў зручны? Жадаеце паспрабаваць на аўтамабілі? 180 кіламетраў ехаць гадзіны 2-3, плюс яшчэ ад адной да трынаццаці гадзін пастаяць на мяжы! Але вынаходлівыя беларусы знаходзяць спосаб, пра гэта далей. "Прыехалі, кінулі машыну каля мяжы, а на тым баку нас сустрэлі. Калі праходзіш літоўскую мяжу, ёсць запраўка, і там заўсёды таксі, ці можна папрасіць, каб выклікалі на запраўку таксі. Шмат народу так праходзіць. Чарга была машын у 200, а мы праходзілі пешшу, і пасля нас ужо ўтварылася чарга з жадаючых прайсці пешшу. Прайшлі мяжу за 23 хвіліны", — блогер Яўген Ліпковіч дзеліцца сваім досведам паездак у Вільню. На жаль, каля Каменнага логу стаянка не ахоўваецца. "Было б ідэальна, каб літоўцы аўтобус запусцілі ад запраўкі да Вільні, а ў нас бы зрабілі платную стаянку, як у аэрапорце", — кажа Яўген Ліпковіч. Не выключна, што гэта хутка з'явіцца. Бо лічбы выдадзеных літоўскіх віз уражваюць — 146 тысяч за 2011 год, на 40 тысяч віз больш, чым у 2010. Можна меркаваць, што сёлета будзе яшчэ больш. Калі ўявіць, што кожны беларус, які мае літоўскую візу, захоча з'ездзіць у Вільню хаця б адзін раз на выходныя, то кожны ўікэнд мяжу павінны перасякаць 2800 чалавек. Немаленькая чарга! Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі кожны беларус, хто мае літоўскую візу, захоча з'ездзіць у Вільню хаця б раз на выходныя, мяжу павінны перасякаць 2800 чалавек.
|
|