На фота ў яго нюх!. 21.by

На фота ў яго нюх!

01.11.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гэтага "майстра" ў прамым сэнсе слоў ногі кормяць

Калматы і хвастаты фатограф па мянушцы Федзя траціць ганарары на мяса, у сацыяльнай сетцы дадае па 300 сяброў за раз і, магчыма, будзе здымаць вяселле сяброўкі сваёй гаспадыні.

Гаворка ідзе не пра якога-небудзь фатографа, у якога раптам "калматасць павысілася" і вырас хвост, а пра сапраўднага сабачку, які жыве са сваёй гаспадыняй, фатографам Ксеніяй Авімавай, у Мінску, у гарадской кватэры. Першы зроблены Федзем фотарэпартаж з'явіўся ў сеціве яшчэ напрыканцы лета, гэтак жа, як і першыя публікацыі і відэасюжэты ў СМІ, якія распавядалі сенсацыйную навіну пра сабаку-фатографа. Як далей развіваецца Федзева "кар'ера", вырашылі пацікавіцца карэспандэнты "Звязды".

...Побач з домам, у якім жывуць Федзя і Ксенія, — глыбокі круты яр, дзе Федзя-Дэні (такое у яго другое імя) звычайна гуляе. Яр выдатны на сабачы густ, а вось спускацца туды па першым снезе дзвюм нязвыклым да ўлюбёных сабачых месцаў дзяўчатам, якімі аказаліся мы з фотакарам, падалося суперэкстрэмальнай прыгодай.


Ксенія ж спусцілася лёгка, без страху і дастала з кішэні Федзеву камеру. Серабрыстага колеру фотаапарат, формай і памерам крыху падобны да маленькага пакета соку, прымацоўваецца да ашыйніка і робіць здымак кожныя пяць секунд.

— Цяпер я купіла камеру спецыяльна для сабакі, сама такой не карыстаюся. Першы раз, калі Федзя "спрабаваў" сябе ў якасці фатографа, фотаапарат узялі напракат, — расказвае Ксенія.

Такую тэхніку звычайна бяруць з сабой прыхільнікі экстрэмальнага спорту, калі ў гарах ці падчас скачка з парашутам няма магчымасці трымаць у руках фотакамеру, а здымкаў вельмі хочацца. Каштуе камера каля 500 долараў.

...Мы размаўляем, а Федзя бегае побач, хавае нос у снег, круціцца вакол хмызнякоў і адначасова ладзіць нам і сваёй гаспадыні фотасесію. Камера ўсё яшчэ на ашыйніку. Ксенія толькі перыядычна выцірае снег, які ліпне да аб'ектыва. Дарэчы, гадаванец Ксеніі сваю справу паважае і бясплатна не працуе.

— Першы ганарар ён атрымаў за здымкі аднаго мерапрыемства, якое ладзілася летам на вольным паветры. У арганізатараў з'явілася ідэя знайсці сабаку, павесіць на яго камеру і пусціць, каб бегаў. Федзя і паздымаў, — працягвае Ксенія.

Сабачыя работы апублікавалі на адным з інтэрнэт-парталаў, а на зароблены ганарар гаспадыня набыла для Федзі смакаты — мяса і гародніну.

Увогуле, за той невялікі прамежак часу, пакуль доўжылася прагулка, давялося зразумець, што характар у Федзі сапраўды мужчынскі: сабака цікаўны, жвавы, на незнаёмых людзей без прычыны не брэша, але не надта дае сябе пагладзіць, не разменьваецца на сантыменты, аддае перавагу рашучым дзеянням. Адна яго калматая сяброўка, якую таксама ў гэты час вывелі на прагулку, з неверагодным спрытам заскочыла на рукі да гаспадара, як толькі Федзя падбег блізка.

Мінскага сабаку-фатографа пакуль не напаткала слава крыху падзабытага васьмінога Паўля ці сталічнай вавёркі-таксіста Масіка. Гэтых "медыйных персон" запрашалі цягнуць жэрабя на верагодныя вынікі футбольных матчаў. Але затое ў Федзі 660 сяброў у сацыяльнай сетцы "Фэйсбук". І яны пастаянна дадаюцца.

— Калі па тэлебачанні паказалі сюжэт пра Федзю, у гэты ж дзень "пасябраваць" з ім захацелі ажно 300 чалавек. Прычым большасць з іх — незнаёмыя людзі. Акрамя таго, многія жывуць за мяжой, — расказвае Ксенія.

На старонцы перыядычна з'яўляюцца новыя здымкі. Статуты раскажуць, напрыклад, пра тое, як Федзя хаваецца ад гаспадыні ці радуецца першаму снегу. У Ксеніі свой погляд на верагодную будучую папулярнасць гадаванца.

— Я, безумоўна, разумею, што людзям здымкі Федзі цікавыя перш за ўсё таму, што ён сабака. Маўляў, якая "сімпампуська", а яшчэ і фатаграфуе нешта. Толькі здараецца, некаторыя фота мяне, як прафесіянала, сапраўды здзіўляюць. Вядома, я ведаю, як зняць, каб атрымалася тое ж самае. Але ж Федзіны добрыя фота — гэта абсалютная нечаканасць. Тым яны і каштоўныя. Калі так здарыцца, што людзі, якія не цікавяцца фотажурналістыкай і не бачылі маіх работ, будуць ведаць мяне менавіта як гаспадыню сабакі-фатографа, думаю, крыўдаваць не стану, — дзеліцца гаспадыня.

...Удалося даведацца і пра верагодны наступны заказ, які належыць выканаць фатографу Федзі. Сяброўка Ксеніі думае запрасіць Федзю паздымаць вяселле. Справа толькі за жаніхом, які найперш павінен перамагчы страх перад сабакамі. Час да вясны яшчэ ёсць. А пакуль фатограф Федзя згадзіўся змясціць адзін са здымкаў на старонках нашай газеты.

Ганна ГАРУСТОВІЧ.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ і "фатографа" ФЕДЗІ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэтага "майстра" ў прамым сэнсе слоў ногі кормяць Калматы і хвастаты фатограф па мянушцы Федзя траціць ганарары на мяса, у сацыяльнай сетцы дадае па 300 сяброў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика