Індыя ў фокусе ўвагі
17.11.2012
—
Новости Общества
|
Тэрыторыя Індыі знаходзіцца на сёмым месцы ў свеце па памеры, складаючы прыкладна тры чвэрці ад тэрыторыі Еўрапейскага саюза. Па насельніцтве Індыя знаходзіцца на другім месцы ў свеце і, улічваючы хуткія тэмпы росту, праз 10—15 гадоў можа выйсці і на першае месца, апярэдзіўшы цяперашняга лідара — Кітай. Па памеры эканомікі (лічачы па парытэце пакупной здольнасці) Індыя знаходзіцца на трэцім месцы ў свеце з 4,4 трыльёна долараў ВУП. Галіны эканомікі, якія найбольш інтэнсіўна развіваюцца ў краіне, — фармацэўтыка і інфармацыйныя тэхналогіі, а гэта спрыяе мадэрнізацыі ў астатніх сферах. Улічваючы, што тэмпы росту індыйскай эканомікі ў сярэднім за апошнія гады набліжаліся да 6%, аб'ём унутранага рынку Індыі пастаянна расце і выклікае ўсё большы інтарэс у іншых краін з пункту гледжання доступу да яго. Не з'яўляецца выключэннем і Беларусь. Перспектывы эканамічных адносін Беларусі з Індыяй падмацоўваюцца паспяховым палітычным супрацоўніцтвам. У беларускім і індыйскім парламентах створаны групы па пытаннях двухбаковага беларуска-індыйскага міжпарламенцкага ўзаемадзеяння. Пазітыўным з'яўляецца супрацоўніцтва ў рамках ААН і Руху недалучэння. На жаль, сёння таваразварот дзвюх краін відавочна не адпавядае патэнцыялу адносін. Таваразварот у памеры паўмільярда долараў з Індыяй меншы, чым таваразварот з Казахстанам (прытым што ў Казахстане ўсяго 16 мільёнаў жыхароў). Неабходнасць развіцця гандлёвых адносін з Індыяй неаднаразова адзначаў і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які знаходзіўся ў краіне з візітам у красавіку 2007 года. Цяперашні візіт (13—14 лістапада 2012 года) прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіла Мясніковіча ў Рэспубліку Індыя з урадавай дэлегацыяй якраз і закліканы "разварушыць" патэнцыял узаемнага супрацоўніцтва ў эканоміцы. Пры гэтым упершыню беларуская дэлегацыя выступала ў якасці прадстаўніка новага інтэграцыйнага ўтварэння — Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП). Пра тое, што цікавасць у Індыі да супрацоўніцтва з АЭП вялікая, сведчыць абмеркаванне падчас перамоў магчымасці стварэння зоны свабоднага гандлю паміж АЭП і Індыяй. Прыйшоўшы да кансэнсусу па гэтым пытанні з індыйскім бокам, беларуская дэлегацыя далей будзе абмяркоўваць гэты праект ужо з расійскімі паўнамоцнымі прадстаўнікамі. Аб перспектывах супрацоўніцтва з Індыяй сведчаць шматлікія пагадненні і мемарандумы, якія былі падпісаны падчас візіту. Ужо дасягнутыя поспехі ў сферы адукацыйнага супрацоўніцтва (нагадаем, што нядаўна на базе Парка высокіх тэхналогій быў адкрыты Індыйскі вучэбны цэнтр у галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій імя Раджыва Гандзі) былі падмацаваны пагадненнямі аб супрацоўніцтве паміж рэлевантнымі міністэрствамі ў сферы адукацыі і пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж адміністрацыяй Парка высокіх тэхналогій і індыйскай асацыяцыяй Nаssсоm у галіне інфармацыйных тэхналогій. Пэўны інтарэс уяўляе і заключанае пагадненне наконт беларуска-індыйскага супрацоўніцтва ў галіне аднаўляльнай энергетыкі. Індыя дамаглася ўжо пэўнага поспеху ў гэтай сферы і яе досвед будзе цікавы для Беларусі. Заключаны таксама мемарандум аб узаемаразуменні па стварэнні Савета ўпраўлення сумеснага беларуска-індыйскага цэнтра па даследаваннях у галіне новых матэрыялаў. У гэтай сферы ўжо індыйскаму боку будуць цікавыя сучасныя беларускія тэхналогіі. У часы глабалізацыі сродкаў масавай інфармацыі карысным для развіцця супрацоўніцтва будзе і падпісанае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне друку і інфармацыі. Ужо досыць даўно абмяркоўваецца ўдзел Індыі ў мадэрнізацыі фармацэўтыкі Беларусі — развіццю гэтага кірунку паспрыяе падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Дэпартаментам фармацэўтычнай прамысловасці Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і Дэпартаментам хімічнай прадукцыі і ўгнаенняў Рэспублікі Індыя. Сярод поспехаў варта адзначыць падпісанне новага кантракта БелАЗам на пастаўку сваёй тэхнікі на суму 22 мільёны долараў. Амаль пяць сотняў грузавікоў БелАЗа ўжо працуюць у народнай эканоміцы Індыі, закупкі новых, акрамя ўжо згаданай партыі, будзе стымуляваць дамоўленасць аб стварэнні ў Індыі сумеснага прадпрыемства па сэрвісным абслугоўванні "БелАЗаў". А ўлічваючы, што вялікая група беларускіх прадпрыемстваў цяпер удзельнічае ў індыйскім міжнародным гандлёвым кірмашы, не выключаны і новыя сур'ёзныя кантракты. Сяргей КІЗІМА, загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, доктар палітычных навук. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Індыя з'яўляецца не проста краінай, а цэлым субкантынентам, на прасторах якога зарадзілася адна з найстаражытнейшых цывілізацый на планеце. Радзіма мноства... |
|