Фатаграфаваць забараняецца: Адміністрацыя Лукашэнкі і суп з "Лідо". 21.by

Фатаграфаваць забараняецца: Адміністрацыя Лукашэнкі і суп з "Лідо"

11.12.2012 02:00 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Фатаграфаваць забараняецца: Адміністрацыя Лукашэнкі і суп з “Лідо”

Еўрарадыё
"Еўрарадыё" высветліла, ці законная забарона на фатаграфаванне “стратэгічна-рэжымных аб’ектаў” Мінска.

“Калі ўзяць Канстытуцыю, напрыклад, то ў нас ёсць там 34 і 51 артыкулы, якія даюць права на збор і распаўсюджанне інфармацыі, а таксама права на мастацкае самавыяўленне”, - расказвае юрыст Аляксей Малюшыцкі.
 
Чытаю асноўны закон краіны сам. Ён і праўда дазваляе фатаграфаваць дзе заўгодна. Але рэчаіснасць выглядае іначай - толькі ў цэнтры Мінска адразу некалькі так званых рэжымна-стратэгічных аб’ектаў - Дом урада, сядзіба КДБ, Адміністрацыя Лукашэнкі. Калі паспрабаваць, не хаваючыся, фатаграфаваць на блізкай адлегласці, вас у лепшым выпадку папросяць сысці падалей суровыя мужчыны ў форме. У горшым - правядзеце нейкі час у кампаніі маладых і дзёрзкіх хлопцаў у цывільным.
 
 
Юрысты гавораць, што забараняюць фатаграфаваць будынкі паводле ўнутраных распарадкаў. Але і гэтыя правілы можна абысці, калі звярнуцца за дазволам афіцыйна.
 
 
“Гіпатэтычна, калі забараняюць фатаграфаваць са спасылкай на ўнутраныя правілы, можна звярнуцца з пісьмовым дазволам да кіраўніцтва дадзенай установы і даведацца, наколькі законная забарона”.
 
Каб праверыць словы юрыста, іду да Адміністрацыі Лукашэнкі з фотаапаратам. Як толькі спрабую сфатаграфаваць будынак, два высокіх мужчыны ў зялёнай форме паведамляюць, што зрабіць фота я змагу толькі пасля дазволу Службы бяспекі кіраўніка краіны. Атрымаць яго можна па адрасе Бабруйская, 3. Падача - асабістая. Разгледзець просьбу абяцаюць за некалькі гадзін, паведамляючы пры гэтым, што кожны дзень выдаюць стос дазволаў на фатаграфаванне важных, з пункту гледжання бяспекі кіраўніка краіны, аб’ектаў. Слухаючы гэтыя бадзёрыя абяцанні, так і ўявіў сабе чаргу з турыстаў-замежнікаў, якія дружна пішуць заявы ў Службу бяспекі, каб атрымаць магчымасць пафатаграфаваць дзяржаўныя будынкі.
 
 
Забараняюць у Мінску фатаграфаваць не толькі дзяржаўныя будынкі. Налепку з перакрэсленым фотаапаратам можна ўбачыць на дзвярах большасці вялікіх крамаў і нават у кавярнях. Эксперты тлумачаць, што гэта незаконна.
 
“Шмат у якіх крамах забараняюць фатаграфаваць матывуючы тым, што гэта прыватная ўласнасць. Гэта абсалютна няправільна, бо існуе яшчэ паняцце публічнага месца, дзе грамадзянам дазваляецца збіраць інфармацыю. Гэтаксама і ў крамах забараняюць фатаграфаваць, хоць гэта можа рабіцца для таго, каб жонцы паказаць магчымую пакупку альбо яшчэ некаму”.
 
На сталічных форумах у інтэрнэце знаходжу самае недружалюбнае для фатографаў месца – рэстаран самаабслугоўвання “Лідо”. Абураныя наведнікі пішуць, што шматкроць сутыкаліся з неадэкватнай рэакцыяй афіцыянтаў на фотаапарат. Маўляў, “Лідо” мае ўнікальны дызайн. Аднак у рэстаране мяне запэўніваюць, што фатаграфавацца там можна. З адной толькі умовай - нельга, каб у кадр трапілі… стравы!
 
 
“Фатаграфавацца ўнутры наведнікам можна. На фоне інтэр’ера, напрыклад. Нельга фатаграфавацца на фоне раздачы страваў… Нельга стравы фатаграфаваць”.
 
Чым выкліканая такая дзіўная забарона - высветліць не ўдалося. А яна насамрэч пакідае шмат пытанняў. Страва, аплочаная кліентам, становіцца яго ўласнасцю. Ды і вынесці яе з рэстарана, каб сфатаграфаваць на вуліцы, можа любы ахвотны.
 
 
Як даведалася "Еўрарадыё", незаконнае таксама частае патрабаванне пакінуць прафесійную фотатэхніку ў камерах захоўвання падчас канцэртаў. Менавіта з такой сітуацыяй нядаўна давялося сутыкнуцца ў “Мінск-Арэне”, калі туды прыехаў выступаць украінскі гурт “Акіян Эльзы”. Ахова дазваляла прайсці толькі з “мыльніцамі”, а вялікія фотаапараты прымушала пакідаць у адмысловым пакоі. Юрысты тлумачаць, што паводле беларускіх законаў камера вашага мабільніка мае аднолькавы статус з самым “наварочаным” фотапаратам. А таму дазваляць на канцэртах здымаць тэлефонамі і забараняць рабіць тое ж люстранымі фотакамерамі - незаконна.
 
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Еўрарадыё" высветліла, ці законная забарона на фатаграфаванне "стратэгічна-рэжымных аб'ектаў" Мінска.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика