Выпрабавана на сабе: нялёгка быць цяжарнай. 21.by

Выпрабавана на сабе: нялёгка быць цяжарнай

20.12.2012 10:54 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Выпрабавана на сабе: нялёгка быць цяжарнай

Звязда
Нядаўна міжнароднае агенцтва па вывучэнні грамадскай думкі Gаlluр апублікавала вынікі аднаго сацыялагічнага даследавання. Згодна з ім, беларусы — адна з самых абыякавых у свеце нацый. Маўляў, толькі 38% апытаных адказалі, што адчуваюць штодзённа не менш як дзесяць станоўчых і адмоўных пачуццяў. Каб пераканацца, ці сапраўды беларусы такія абыякавыя, я вырашыла... стаць цяжарнай.

Вядома, не па-сапраўднаму, а ў якасці эксперыменту. Як той казаў, адчуць на сабе, наколькі нашыя суграмадзяне спачувальныя. Хаця б да такой катэгорыі насельніцтва, як будучыя маці.

Пільная жанчына і здзіўлены сусед

Ручнік, адмыслова скручаны і схаваны пад куртку, выдаваў прыкладна сёмы месяц цяжарнасці. Прамільгнула думка: "Можа, занадта вялікі?.." Але вырашыўшы, што менавіта такі "жывот" немагчыма не заўважыць, я выйшла з дому. Шлях мой ляжаў на пошту: можа, цяжарную жанчыну хто-небудзь прапусціць наперад у чарзе?

Крочыла, нязвыкла запавольваючы хаду (цяжарныя не лятаюць!) і крыху саромеючыся. Як выявілася, было чаго: па дарозе сустрэла... суседа. Ад здзіўлення ён нічога не сказаў, а толькі правёў мяне доўгім позіркам: яшчэ ўчора бачыў мяне "нармальнай", а сёння — "глыбока цяжарнай". "Нічога, — супакойваю сябе, — дзеля эксперыменту можна і пацярпець".

На пошце працавалі дзве касы, у кожнай — па тры чалавекі ў чарзе. "Нягуста". Але ўсё ж стала да аднаго з акенцаў. Асаблівай увагі на мяне ніхто не звярнуў, хіба што жанчына, якая стаяла перада мной, пераставіла на іншы бок свой пакунак. Падумала, што ўкраду, ці што? Наперад мяне таксама ніхто не прапусціў. Крыху расчараваная, я аплаціла рахункі і рушыла дадому.

Мужчыны нават не рэагуюць...

Затое паездкі ў транспарце прынеслі мне куды больш карыснага, хоць і даволі неадназначнага досведу.

У паўнюткім тралейбусе 55-га маршруту ўсе месцы былі занятыя. Я стала на задняй пляцоўцы, дзе мяне бачылі пасажыры, прынамсі, з шасці сядзенняў. Займалі іх мужчына, два хлопцы, дзве дзяўчыны і бабуля, якая з цікаўнасцю паглядала на мяне. Усе астатнія не бачылі, утаропіўшы вочы ў тэлефоны. Або рабілі выгляд. Побач са мной павіс на поручні сівы худзенькі дзед, якога таксама "не бачылі".

Стоячы і захінаючы ад штуршкоў навакольных пасажыраў "жывот", я праехала чатыры прыпынкі, пакуль не адчула на сабе ўважлівы позірк. Глядзела дзяўчына, якая сядзела каля акна на адным з самых апошніх сядзенняў тралейбуса. Узняла на яе вочы і пачула: "Вы будзеце садзіцца?" — "Дзякуй, дзякуй вялікі!" — радасна заківала я, і мая падзяка сапраўды была шчырай. Аднак дабрацца да сядзення было не так проста. Для гэтага трэба было пералезці праз дзядзьку, што сядзеў з краю. "Вы не маглі б пасунуцца, а то я не залезу", — папрасіла, выпячваючы жывот. Той у адказ толькі глянуў на мяне спадылба ды крыху падабраў калені. Давялося чакаць прыпынку, каб залезці на сядзенне. Сітуацыя паўтарылася, калі мне трэба было вылазіць.

...Вырашыла змяніць транспарт: раптам у розных яго відах пасажыры паводзяць сябе па-рознаму? Падышла да трамвайнага прыпынку на плошчы Якуба Коласа. Тут заўсёды збіраецца шмат людзей. Прыехаў трамвай і вокамгненна запоўніўся. Я праціснулася паміж людзей і стала каля чатырох месцаў для сядзення, дзе камфортна размясціліся мужчына, жанчына сталага веку, яшчэ адзін малады мужчына, каля яго — спадарыня з вялікай колькасцю пакункаў. Пабачыўшы мяне, яна тут жа ўскочыла. Мне зрабілася няёмка: чалавек едзе загружаны, пасля працы і саступае мне, сімулянтцы, месца. Але побач я заўважыла маладога чалавека, які ўжо прагна паглядаў на сядзенне, што вызвалілася. Вырашыўшы, што жанчыне з пакункамі будзе менш крыўдна, калі месца займу я, а не ён, села.

Пакатаўшыся ў транспарце некалькі разоў, прыйшла да высновы, што на цяжарных рэагуюць і саступаюць ім месцы толькі жанчыны. Цікава, чаму? Напэўна, таму, што мужчына ніколі не адчуе на сабе, што значыць насіць пад сэрцам дзіця. Альбо можа быць іншая прычына. Напрыклад, адзін мой знаёмы заўсёды саступае месца жанчынам з жыватом. Ды часам выяўляецца, што яны не цяжарныя, а проста мажныя, і таму крыўдзяцца на хлопца. Але ж не хачу папракаць і раўняць усіх мужчын. Падчас адной з маіх "цяжарных" паездак малады чалавек у ваеннай форме ласкава прапусціў мяне ўперад пры ўваходзе ў трамвай, а таксама падаў руку, дапамагаючы на выхадзе. Вось што значыць гонар мундзіра!

"Можа, у вас цыгарэта будзе?"

Апошнюю сваю "цяжарную" вылазку вырашыла зрабіць на рынак. Не варта і казаць, што ніякіх прывілеяў у выглядзе пропуску ў чарзе я не атрымала. Адзінае, што калі перакладала пакупкі, прадавец са словамі "Дзетачка, давай я табе дапамагу!" патрымала мне сумку.

Узяўшы нагружаную гаспадарчую торбу ў адну руку і пакунак з напаўняльнікам для катоў у другую, рушыла на прыпынак грамадскага транспарту. Пакуль ішла, пераканалася, што дарэмна "паспадзявалася на нечую дапамогу. Цяжарная ты ці не, сама нагрузілася — сама і нясі.

Ужо каля дому да мяне падышла дзяўчына. "Няўжо яшчэ адна неабыякавая?" — спачатку ўзрадавалася я. Але ў адказ на свае думкі пачула: "Прабачце, можа, у вас цыгарэта будзе?.."

Цяжарнасць як загана?

Хапіла мяне на тры дні несапраўднай цяжарнасці. І гэта ўлічваючы, што па аб'ектыўных прычынах я не магла адчуць у поўнай меры ўсяго таго, што адчуваюць жанчыны ў такім становішчы. Але, паразмаўляўшы з некаторымі цяжарнымі жанчынамі і маладымі мамамі, пераканалася, што сутыкнулася з тэндэнцыяй.

— Многім усё роўна, якая ты — цяжарная ці кульгавая, — кажа Юлія Пракопчык, цяпер ужо шчаслівая мама пяцімесячнага Ігната. — Толькі два ці тры разы мне саступілі месца ў транспарце, а таксама адзін мужчына гадоў трыццаці — у банку. Жанчыны, асабліва ва ўзросце, увогуле глядзелі на мяне з нейкім дакорам, месца саступалі толькі маладыя дзяўчаты. Ствараецца ўражанне, што цяжарнасць — гэта нейкая загана. Але ёсць, вядома, і выключэнні.

Каментарый спецыяліста

— Безумоўна, неабходна дапамагаць цяжарным жанчынам, — пацвярджае загадчык 27-й жаночай кансультацыі г. Мінска Алена Нікалаева. — Яны — патэнцыйныя маці дзяцей, без якіх няма будучыні.

На думку Алены Нікалаевай, людзей, што зняважліва ставяцца да цяжарных жанчын, — адзінкі. А "гендарную" рэакцыю на цяжарных доктар тлумачыць тым, што жанчыны — істоты, якія імкнуцца даць любоў і пяшчоту, у той час як мужчыны больш агрэсіўныя.

— Не трэба скідваць з рахункаў, што ў жанчыны ёсць гармон прагестэрон — гармон цяжарнасці. Ён крыху мяняе псіхіку цяжарных жанчын: яны становяцца крыўдлівымі, плаксівымі, — дадае Алена Іванаўна. — Таму трэба быць у адносінах да цяжарных больш чуллівымі і ўважлівымі.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хапіла мяне на тры дні несапраўднай цяжарнасці. І гэта ўлічваючы, што па аб'ектыўных прычынах я не магла адчуць у поўнай меры ўсяго таго, што адчуваюць жанчыны ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика