2012-ы: "зоркі" падвялі рысу
04.01.2013
—
Новости Общества
|
Так павялося, што заканчэнне года — своеасаблівая справаздача як для кожнага чалавека, так і для цэлых краін. Якія мары здзейсніліся, а якія былі адкладзены да лепшых часоў? У якой сферы план выкананы і перавыкананы, а пра якую лепш і не ўзгадваць? Якія лічбы радуюць, а якія засмучаюць? "Звязда" вырашыла не адыходзіць ад агульнай традыцыі і таксама падвесці вынікі года — найперш асабістыя. "Чым вам запомніўся 2012 год?" — спыталіся мы напярэдадні галоўнага свята ў беларускіх артыстаў. Лідар гурта "Стары Ольса" Зміцер Сасноўскі: — Калі казаць пра асабістыя вынікі, мне ёсць чаму радавацца. Жаніўся, нарадзілася двойня — дачушкі Ксенія і Паліна, набыў добрую машыну і зусім нядаўна пераехаў у новую кватэру. Што да навін гурта, то пасля трох гадоў, калі мы нічога не выдавалі, скончылі падрыхтоўку новага альбома і гатовы яго запісаць. Паралельна, безумоўна, гастралюем, выступаем, шмат чаму вучымся... "Лепшы поп-выканаўца 2012 года", спявак Саша Нэма: — Галоўная падзея гэтага года — натуральна, нараджэнне маёй малодшай дачкі Машачкі (ёй нядаўна, дарэчы, мінула тры месяцы). Старэйшай дачушцы ўжо 7,5 года, а Маша — яе копія ў тым пяшчотным узросце. Гэта неперадавальнае адчуванне, калі ты дзякуючы дзецям нібыта пераносішся на 7 гадоў назад і зноў перажываеш мноства шчаслівых і кранальных момантаў... Наогул, я лічу, і ў жыцці, і ў кар'еры ёсць куды расці і рухацца, калі ёсць дзеля каго гэта рабіць. Спявачка, маці дваіх дзяцей, уладальніца святочнага агенцтва Ларыса Грыбалёва: — Год атрымаўся вельмі-вельмі добры. Звычайна напрыканцы ўзгадваеш нешта дрэннае, а тут — наадварот. Сёлета ў мяне нечакана назбіралася мноства прэмій — і святочнае агенцтва атрымала прызнанне ў міжнародным конкурсе, і я стала "брэнд-персонай" у конкурсе "Брэнд года", і на Нацыянальнай музычнай прэміі ўзяла галоўную ўзнагароду — за лепшую песню года... Шмат працы было, але, відаць, таму і прыйшлі ўсе гэтыя ўзнагароды. Што да асабістых вынікаў — дзяцей новых няма (смяецца), затое мае малыя не перастаюць рабіць усё новыя адкрыцці і радаваць мяне. Таксама ўдалося як ніколі актыўна павандраваць — і з мужам у Егіпце былі, і ўсёй сям'ёй у Турцыі, і з дзецьмі на экскурсіі ў Рыме, і, спадзяюся, яшчэ на святы кудысьці паедзем — я знарок адмовілася ад працы, каб правесці больш часу з блізкімі... Таму ад 2013 года чакаю, каб не збаўляў абаротаў у параўнанні з папярэднім! Народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч: — Для мяне год быў юбілейным і, адпаведна, поўным спадарожных падзей: мноства выступленняў з гэтым звязана, шмат віншаванняў атрымана... Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць усім за сказаныя і напісаныя цёплыя, шчырыя, прыемныя словы — ніколі не думаў, што ў мяне так многа сяброў! Я з гэтай нагоды лічу сябе вельмі шчаслівым чалавекам. Шкада толькі, што сёлета сышлі многія добрыя сябры — і Ілюша Алейнікаў, і Сярожа Драздоў, і Яша Навуменка... Але ўсё адно добрых падзей за год адбылося больш. І хочацца загадаць, каб гэты быў як мінімум не горшым. Канец свету я ўжо адмяніў — і бліжэйшы, і ўсе наступныя, бо ў мяне запланаваны канцэрты, людзі грошы плацяць, які такі канец свету? Ад усёй душы жадаю ўсім, каб мы паспелі, нарэшце, здзейсніць усё тое, што доўга адкладвалі. А можа, і наадварот, не паспелі, каб быў стымул пакінуць штосьці важнае на наступны год — праспяваць найлепшую песню, паставіць найгалоўнейшы рэкорд і г.д. Тэлевядучая Ірына Ханунік-Рамбальская: — Што ўзгадваецца станоўчага? Напрыклад, тое, што я выйграла конкурс прыгажосці Mrs. Multіvеrsе Іntеrnаtіоnаl, — безумоўна, прыемная падзея. Што папрацавала ў многіх краінах свету — паспела пабываць у Іспаніі, Галандыі, Літве, Латвіі. Гэта быў год паездак — працоўных, вельмі складаных, але адначасова і вельмі цікавых, бо ўдалося зняцца ў шоу брытанскага фокусніка Дынама на канале Dіsсоvеrу, сустрэцца з людзьмі, з якімі я не спадзявалася сустрэцца, кшталту Пэрыс Хілтан і Дэвіда Бэкхэма... А яшчэ гэта апошні год, калі можна называць свой узрост як "дваццаць з хвосцікам", бо налета здарыцца маё 30-годдзе. Вікторыя ЦЕЛЯШУК. Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ і БЕЛТА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Так павялося, што заканчэнне года — своеасаблівая справаздача як для кожнага чалавека, так і для цэлых краін. Якія мары здзейсніліся, а якія былі адкладзены да...
|
|