МІФы аднаго аўтара. 21.by

МІФы аднаго аўтара

15.01.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Рэцэпт ад песімізму: Нераток — Юлаў — Гарбачоў...

Далёка не заўсёды паміж чалавекам і асобай можна паставіць знак роўнасці. Асобай трэба стаць, а не нарадзіцца. Часам на яе станаўленне не хапае і цэлага жыцця. А бывае, што ёю становяцца неаднойчы.

Знаёмцеся! Адзін чалавек — тры асобы, не падобныя адна на адну, але вядомыя ў сваім коле.

Юрась НЕРАТОК — аўтар кніг вершаў "Фотаальбом" (2003 г.) і "Споведзь струны" (2011 г.), кнігі фантастычнай прозы "Закуцце" (2007 г.), укладальнік літаратурна-мастацкага выдання "Рэцэпт ад песімізму" (2012 г.), выдадзеных па-беларуску.

Юрый ЮЛАЎ — пісьменнік, які піша па-руску. Аўтар шматлікіх аповесцяў і серыі прозы "МІФ" (Мужчынская інтэлектуальная фантазія), выдадзенай у 2012 годзе. Убачылі свет ужо чатыры кнігі серыі: "Мутант", "Фермер", "Тэрапія", "Па дарозе на пікнік".

Юрый ГАРБАЧОЎ — галоўны канструктар вытворчага аб'яднання "ГРАДИС". Сярод яго распрацовак: выпрабавальныя цэнтрыфугі, атракцыёны, малыя архітэктурныя формы (вулічнае гульнявое, гаспадарчае і спартыўнае абсталяванне). Адзін з канструктараў знакавых для сталіцы аб'ектаў — Нацыянальнай бібліятэкі, Цэнтральнага чыгуначнага вакзала, гімнастычнай "вазы". За амаль тры дзесяцігоддзі яго наробак — больш за 450 канструктарскіх распрацовак!

І мала хто ведае, што Юрась Нераток і Юрый Юлаў — творчыя псеўданімы Юрыя Гарбачова, які нарадзіўся на Гродзеншчыне ў сям'і філолагаў, а зараз жыве, працуе і займаецца творчасцю ў Мінску.

— У вас сімвалічны псеўданім — Нераток. У чым яго сэнс? І чаму творы, напісаныя па-руску, падпісваеце інакш — Юрый Юлаў? І калі ў канструктару нарадзіўся пісьменнік Юрый Юлаў і Юрась Нераток?

— Пэўна, маеце на ўвазе рыбалоўную снасць — нерат? Ды не, тады так і назваўся б! А яшчэ лепш "Каэф" — кітабойная флатылія. Нераткі — вясковая мянушка адной з радаводчых ліній маёй мамы, выкладчыцы беларускай мовы і літаратуры. Нераткі вызначаліся самастойнасцю і арыгінальнасцю мыслення, дасціпным гумарам. І да гэтага — добрае валоданне рамяством. Усе яны зніклі ў нябыт у часы рэпрэсій. А мяне, малога, часам называлі Нератком, калі казаў нешта трапнае або гумарное дарослым. Юлаў — ад прабабкі майго бацькі, выкладчыка рускай мовы і літаратуры. Зразумела, што ў часы перабудовы прозвішча Гарбачоў мела пэўныя асацыяцыі — не хацелася атрымліваць незаслужаныя бонусы або штрафы. Да таго ж бацькі размаўлялі між сабой кожны на сваёй (амаль літаратурнай!) мове. Таму, як і ў дзяцінстве, творчасць падзялілася на два псеўданімы. Так і жыву, як "Шцірліц-Ісаеў-Ціханаў".

— Верагодна, ад мовы залежыць і тое, што пішаце? Перавагу ў паэзіі аддаяце беларускаму слову, у прозе — рускаму?

— Вершы на рускай мове, якія павінен быў напісаць, напісаў. Ды і на беларускай мове Нераток апошнім часам, хутчэй, "сцябаецца і грашыць", чым піша вершы. Гэта нармальнае ўзроставае рашэнне, калі паставіцца да з'явы творчасці без эпігонства і адчаю. Перавага рускаму слову ў прозе ў адным — традыцыйная звужанасць, асцярожны кансерватызм беларускай тэматыкі. Нават пры сённяшнім пашырэнні сюжэтных межаў.

У час вызваліць пэўную творчую прастору — справа гонару любога творцы: выкапаў уласны ўраджай — не лезь на соткі суседзяў, з'еў свой кавалак торта — пакінь тым, хто чаўпецца каля стала.

— Як атрымалася, што тэхнар па адукацыі піша вершы і складае прозу? Па прафесіі вы — канструктар, у творчасці — фантаст. Дзе паралелі?

— Тэхнаром з'яўляюся не толькі па адукацыі і прафесіі, але і па азначанасці — як да сябе, так і да навакольнага свету. Калі да бацькоў дадаць старэйшага брата-філолага, дзядзьку па бацькавай лініі і цётку па матчынай, якія таксама выкладалі мову і літаратуру, то атрымліваецца як у той вядомай рускай прымаўцы: "В семье не без..." А спалучэнне аналізу і азарэння дае рашэнне задач любой складанасці: і на рабоце, і ў творчасці, і ў быце. Маюцца на ўвазе менавіта "задачы", а не праблемы і наканаванасці. Да таго ж прафесія канструктара — таксама творчая. І абмежаванняў там не больш, чым у любой другой творчасці. Гэта паралелі, якія перасякаюцца ў тым, што ўсе пазітыўныя віды дзейнасці чалавека для людзей і робяцца.

— Зборнік "Закуцце" — ваш дэбют? Як меркавалі ўвайсці ў беларускую літаратуру і як атрымалася? Фармальна дэбютавалі вы ў 2007 годзе, адносна нядаўна. А ўжо член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза расійскіх пісьменнікаў...

— "Закуцце" выдавалася ў серыі "Дэбют". Гэта сапраўды мая першая кніга прозы на беларускай мове. У той час у "Полымі" з'явіўся артыкул вядомага літаратурнага крытыка Лады Алейнік "Майстар-клас дэбютанта". У двукоссе было ўзята першае слова назвы, хоць прасілася наступнае. А найменне серыі можа і не адпавядаць асобе аўтара. Калі скажам, "Залатое пяро", дык аўтары звычайнымі сродкамі твораў і не пісалі, толькі залатымі пер'ямі?

Рэальна дэбютаваў у беларускай літаратуры ў 1997 годзе "ЛіМ"аўскай нізкай вершаў з уступным словам сённяшняга патрыярха айчыннай літаратуры Уладзіміра Казберука. У Саюз расійскіх пісьменнікаў уступіў з некалькімі кніжкамі ў 2002 годзе (бацька яшчэ паспеў пабачыць пасведчанне і ўстаноўчыя дакументы , якія даслалі па пошце). У беларускі — у 2005-м, а ў Міжнародны Саюз пісьменнікаў "Новый Современник" — у 2011-м.

Фіксацыя творчага росту адбываецца эвалюцыйна: выконваюцца прапісаныя патрабаванні, адбываюцца пэўныя працэдуры разгляду і вынясення рашэнняў... Планаў наконт творчай кар'еры ніколі не рабіў: бачыў, што "планка ўзята" (лепш — пераўзята), і прыносіў здабыткі на суд тых, хто атабарыўся раней і вырашае лёс арганізацыі.

— Адна з вашых тэм — містыка. Вы бачыце тое, чаго не бачым мы?

— Ніякай містыкі. Гэта толькі здаецца, што няма таго, пра што напісаў.

— Якія адносіны маеце да медыцыны? Здаецца, што верш "Хірург" напісаў медык...

— У дзяцінстве хварэў на вятранку... Добра, што вам не трапіў на вока верш "Дзядзька-філосаф"! ...Калі сур'ёзна, пісьменнікі павінны разумець іншых людзей, а досвед набываць дакладна і хутка.

— У сваіх творах вы запрашаеце да роздуму над спрадвечнымі пытаннямі, якія ва ўсе часы хвалявалі чалавецтва. Ці актуальна гэта сёння?

— Пытанні, якія хвалююць чалавецтва, мала хвалююць канкрэтнага чалавека. Таму агульначалавечыя пытанні заўсёды актуальныя.

— Хто ваш чытач?

— Падобнае пытанне — гібель для любога аўтара... Каб неяк выкруціцца, яго трактую "На якога чытача арыентуецеся?" З інтэлектам вышэй за сярэдні, з уласнымі думкамі, з творчымі ўласцівасцямі.

— Вы — заўсёднік творчых вечароў, розных імпрэз. У пэўным коле вас ведаюць як барда. Чым Нераток-бард адрозніваецца ад Нератка-пісьменніка?

— Заўсёднік — занадта гучна: час ад часу выступаю — праўдзівей. Чалавек не сцэнічны, але публічны — так дакладней. Пісьменнік занурана піша, зрэдку задаволена выдыхае: "Удалося!" А мажорны бард у чырвонай бандане спявае вершы, напісаныя Нератком.

— Аднойчы вы сказалі: "Нашто пісаць вершы, калі не толькі чалавечая цывілізацыя крохкая, але і Зямля не вечная? Адказу няма і не будзе..." А нашто пішаце вершы вы? Паспрабуйце адказаць.

— Калі ў вершы не адказаў, то і цяпер не спраўлюся...

— Ці канфліктуюць або супернічаюць між сабой творцы Нераток і Юлаў?

— Наадварот, дапамагаюць, хаўрусуюць, дзеляць поспех.

— А Гарбачоў?

— А Гарбачоў на іх працуе, хоць часам дысцыплінуе і патрабуе справаздачы...

— Апошняе з выдадзенага — чатырохтомнік сюжэтнай прозы "МІФ". Серыя "МІФ" (Мужчынская Інтэлектуальная Фантазія). Што стаіць за гэтымі словамі? Аповесці ў серыі "МІФ" зусім розныя... Што іх аб'ядноўвае ў адну кнігу, у адну серыю?

— За абрэвіятурай "МІФ" стаіць яе расшыфроўка — мужчынская інтэлектуальная фантазія. І больш нічога. У нас не ўсе мужчыны, не ўсе інтэлектуальна мысляць, не ўсе фантазіруюць: і з сямі мільярдаў чалавецтва адразу застаецца сто мільёнаў — менш за дзве сотыя працэнта. Да слова, пажартаваў неяк у адносінах да калегі: "Ты адзін з тысячы. Вас у Мінску — дзве тысячы". Куды падзенешся ад глабальнасці! Тое, што аповесці розныя, сціплая аўтарская асоба ўспрымае кампліментам, а аб'ядноўвае іх той самы сціплы аўтар.

— Кожная аповесць мае падзагаловак: фантазія паганская, экалагічная, камп'ютарная, рамантычная... Вас можна нават назваць аўтарам класіфікацыі фантазіі! Па якім прынцыпе яе класіфікуеце? Ці будзе мець працяг серыя "МІФ"?

— "Для ўсіх адпаведных прыметнікаў мала слоўнікаў будзе і сметнікаў"... Можна сказаць, што фантазія — жанр, які я запусціў. Гэта не фантастыка, не фэнтэзі. Спрабую камбінацыямі не выйсці за фармат успрымальнасці. Працяг? Звычайна праекты дабіваю адразу. Дарэчы, брэнд серыі "МІФ" належыць выдаўцу Аляксею Вараксіну.

— Графіка ў кнігах "МІФ" — чыя фантазія?

— Мастакі (няхай не крыўдзяцца!) практычна не здольныя глыбока ўчытвацца ў тэксты, як і пісьменнікі не могуць хаця б чвэрць гадзіны глядзець на адзін і той жа фрагмент карціны, як паэты (калі яны не барды) не чуюць нюансаў чароўных гукаў піяніна.

Сваё разуменне фантазій даў у графіцы мінскі мастак Аляксандр Ліхачоў, чалавек, які малюе выдатныя і выразныя каляровыя палотны. А наконт сюжэтаў — нешта ў мяне сфармавалася, штосьці — у яго. Усё роўна грэчаскае "mоusаі", апроч думкі (мыслі), нічога не азначае.

— Некалькі экспрэс-пытанняў з кароткімі адказамі?

— Паспрабуем...

— Ці ёсць пэўны баланс паміж творчасцю і работай? Чаму аддаяце перавагу?

— Імкненне да раўнавагі — закон Сусвету. Таму стараюся выраўняць Нератка і Юлава між сабой, а творчасць — з работай.

— Вашае ўяўленне аб ідэальным грамадстве?

— Прыгожыя жанчыны, магутныя мужчыны, велізарная плошча для цывілізацыі.

— Вы жартуеце?

— Безумоўна. Чалавек не вольны выбіраць час і нават прастору.

— Што хацелі б пажадаць чытачам "Звязды"?

— Не баяцца нічога, а больш і лепш працаваць — усё атрымаецца!

Гутарыла Вераніка КАНЮТА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рэцэпт ад песімізму: Нераток — Юлаў — Гарбачоў... Далёка не заўсёды паміж чалавекам і асобай можна паставіць знак роўнасці. Асобай трэба стаць, а не нарадзіцца....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика