"Вечны рухавік" у Відзах. 21.by

"Вечны рухавік" у Відзах

26.01.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вятрак і сонечныя батарэі для выпрацоўкі энергіі на даху інтэрната, усюдыход, катар, вальеры са страусамі і аленем, ферма па развядзенні трусоў, некалькіх азёраў, узятых у арэнду, — гэта і многае іншае ёсць у дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці ў Відзах Браслаўскага раёна.

Дырэктар гэтай установы адукацыі — Міхаіл Смірноў, — генератар ідэй, чалавек, які заўсёды ў пошуку. Ён шчыра ўпэўнены, што навучальны працэс павінен акцэнтавацца не на "сядзенні" навучэнцаў на лекцыях, а на атрыманні практычных ведаў і навыкаў па-за межамі навучальных кабінетаў. Увесь вучэбны працэс (а ў каледжы яго называюць вучэбна-вытворчым) прывязаны да рэальных спраў.

Галоўнае "прадпрыемства"

Нагодай для паездкі ў Відзы стала вывучэнне пытання аб выкарыстанні малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду. Адпаведная праграма была створана для падтрымкі мясцовых ініцыятыў па ахове прыроды. "Куратарам" яе з'яўляецца Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Зараз у пасёлку Відзы жыве каля 2 тысяч чалавек. Мясцовыя жыхары не без гонару расказалі пра тое, што ў Відзах ёсць другі па велічыні касцёл у Еўропе — Прасвятой Дзевы Марыі, які адначасова можа ўмясціць 5 тысяч вернікаў. У наступным годзе касцёлу спаўняецца 100 гадоў. Вернікі хвалілі ксяндза, які актыўна займаецца добраўпарадкаваннем навакольнай тэрыторыі. А можа і ў футбол з моладдзю пагуляць...

Каледж — галоўнае "прадпрыемства" пасёлка. Каля 360 навучэнцаў атрымліваюць веды па 14 спецыяльнасцях: вадзіцель, трактарыст, вальшчык лесу, кухар, мяснік і іншыя.

Плошча вучэбнай гаспадаркі — ажно 600 гектараў. 100 га — плошча лясной вучэбнай базы, чатыры возеры ў арэндзе, ёсць брыгада, якая займаецца прамысловым ловам рыбы. Рыба, як прызнаўся дырэктар, стратны від дзейнасці ўстановы. Але рыбай займаюцца, каб навучыць моладзь быць гаспадарамі на сваёй зямлі.

Настаўнікі і навучэнцы займаюцца раслінаводствам, жывёлагадоўляй, разводзяць трусоў у прамысловых маштабах: 300 звяркоў элітных парод жывуць на ферме, а разлічана яна на 500 галоў.

Грант малы, эфект вялікі

— Купілі мы страусаў у 2005-м. Птушкі гэтыя жывуць пад 70 гадоў. Вага самцоў дасягае 220 кілаграмаў. Штогод самкі нясуць па 50-70 яек. Адно каштуе 100-150 тысяч рублёў. Прычым аднаго хапае для яешні на дзесяць чалавек, — расказвае Франц Дуброўскі, загадчык аддзялення дадатковай адукацыі каледжа. — Раней быў "міні-статак" аленяў, зараз толькі адзін застаўся...

Калі страусаў ліцэй набыў самастойна — на знакамітай ферме ў Пастаўскім раёне, ветрагенератар і "сонечныя батарэі" дапамог набыць Глабальны экалагічны фонд.

Праект малых грантаў у каледжы, у прыватнасці, рэалізаваўся ў выглядзе ўстаноўкі ветрагенератара максімальнай магутнасці (пры хуткасці ветру 10 метраў) у секунду 5 кілават. Нармальная рабочая выпрацоўка энергіі — 1,8 кВт. Пры хуткасці да 15 метраў у секунду ветрагенератар выключаецца. У год такая станцыя вырабляе да 14 тысяч кВт/г.

— Мы павінны паказваць дзецям, на чым можна эканоміць, — гаворыць дырэктар каледжа Міхаіл Смірноў. — Ва ўсім свеце выкарыстоўваюцца аналагічныя ўстаноўкі. Гэты ветрагенератар быў зроблены ва Украіне, каштавала ўстаноўка 15 тысяч долараў. Ад ветрагенератара нацягнуты правады да збожжасховішча і на трусіную ферму, якія знаходзяцца ў адным будынку. Энергія расходуецца для іх асвятлення. Раней гэты вытворчы комплекс быў старым свінарнікам. Каб атрымаць грант, давялося ўкласці ў яго свае грошы. Ветрагенератар акупіць сябе ўжо праз 10 гадоў. Тэрмін эксплуатацыі яго практычна неабмежаваны. Лічыце, вечны рухавік.

На даху будынка інтэрната — некалькі панэляў, якія, атрымліваючы цеплыню сонца, падаграваюць ваду. У дырэкцыі інтэрната расказалі, што самы "пік" эфектыўнасці работы ўстаноўкі — у перыяд з сярэдзіны красавіка па сярэдзіну кастрычніка. Нават у самыя марозныя дні, калі сонца актыўнае, устаноўка працуе. На пятым — верхнім паверсе інтэрната — ёсць спецыяльны "агрэгат", які "акумулюе" энергію, і яна падаецца для падагрэву вады да тэмпературы 50-60 градусаў. У параўнанні з ветрагенератарам, энергія сонца больш эфектыўная.

Галоўнае — жаданне

І летам, дарэчы, інтэрнат не пустуе. У ім жывуць удзельнікі розных летнікаў: міжнародных, спартыўных, для адораных дзяцей і іншых "профільных". Зразумела, каледж атрымлівае плату за пражыванне. Акрамя таго, што ў каледжы ўжо некалькі гадоў паспяхова займаюцца аздараўленнем дзяцей, там арганізуюць і турыстычныя маршруты, прадастаўляючы турыстам гасцінічныя паслугі і харчаванне. Між іншым, каледжам былі абсталяваны добрыя бясплатныя зоны адпачынку каля вады — з альтанкамі, прыстанямі, месцамі для стаянак турыстаў. Бясплатнымі для карыстання! Зарабляюць на іншых паслугах — на размяшчэнні прыезджых. А ўсяго за год на аказанні паслуг каледж зарабіў 2 мільярды рублёў.

— Самі зрабілі рамонт будынкаў, аднавілі ўсё што магчыма. Тыя, хто хоча нешта зрабіць, не гавораць аб гэтым, а працуюць, — разважае дырэктар навучальнай установы. — Тыя ж гранты. Калі даюць 50 тысяч долараў, нам фактычна трэба ўнесці для рэалізацыі праграмы ў два разы больш. Садзімся і думаем: дзе ўзяць грошы? Той жа стары свінарнік гадоў дваццаць стаяў, нікому не патрэбны, а цяпер прыносіць карысць. У нас уласныя матэрыялы ёсць, кваліфікаваныя кадры. Але галоўнае — жаданне нешта зрабіць.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Браслаўскі раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вятрак і сонечныя батарэі для выпрацоўкі энергіі на даху інтэрната, усюдыход, катар, вальеры са страусамі і аленем, ферма па развядзенні трусоў, некалькіх азёраў,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика