Акцэнты тыдня з Вадзімам Гігіным. 21.by

Акцэнты тыдня з Вадзімам Гігіным

26.01.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Стаўка на адданых прафесіяналаў

У нас. Кадры, як і фінансы, любяць цішыню. А найлепшыя кадравыя рашэнні — тыя, якія сталі нечаканасцю. Гэта, бадай, адзінае, што маглі сказаць разгубленыя палітычныя каментатары, даведаўшыся 18 студзеня аб прызначэнні Пятра Пракаповіча віцэ-прэм'ерам, а праз тры дні — Віктара Шэймана кіраўніком спраў Прэзідэнта.

Калі не гадаць на кававай гушчы, то логіка такіх перастановак у вышэйшым эшалоне беларускай улады дастаткова відавочная. Прызначаючы Пятра Пракаповіча памочнікам Прэзідэнта па эканамічных пытаннях, Аляксандр Лукашэнка публічна даручыў яму займацца мадэрнізацыяй айчыннай эканомікі. Улічваючы размеркаванне абавязкаў паміж Адміністрацыяй Прэзідэнта і Саветам Міністраў, выконваць гэтае даручэнне зручней усё ж з будынка на плошчы Незалежнасці, чым на Карла Маркса, 38. Канчаткова гэта стала ясна падчас аптымізацыі дзяржапарату, у тым ліку і самой Адміністрацыі, пра што кіраўнік дзяржавы казаў на нядаўняй прэс-канферэнцыі. Да таго ж пасада віцэ-прэм'ера па эканоміцы заставалася вакантнай з ліпеня мінулага года, калі Сяргей Румас узначаліў Банк развіцця Рэспублікі Беларусь.

Як кажуць, зоркі сышліся на асобе Пятра Пракаповіча. Да ўсяго, ён жа і Герой Беларусі. Кадры такога гатунку не могуць доўга заставацца ў рэзерве.

Віктар Шэйман — фігура не проста знакавая для беларускай улады і палітыкі ўвогуле. Аляксандр Лукашэнка выразна і гэта падкрэсліў, адказваючы на пытанні, у час ужо згаданай прэс-канферэнцыі. Чалавек, адданы дзяржаве, які прайшоў вайну ў Афганістане, ён фактычна стварыў сучасны сілавы блок. Прэзідэнт заўжды прызначаў яго на прарыўныя ўчасткі, якія патрабавалі асаблівай энергіі і адказнасці, што сведчыла пра асабісты давер. Менавіта з гэтага пункту гледжання і трэба разглядаць яго новую пасаду. Што непасрэдна зменіцца ў самім Кіраўніцтве спраў, дзе там трэба навесці парадак, даведаемся, трэба меркаваць, у бліжэйшы час. Ужо зараз відавочна, што аптымізацыя дзяржапарату непазбежна будзе суправаджацца значнымі кадравымі перастаноўкамі.

Вакол нас. Барак Хусэйн Абама прынёс прэзідэнцкую прысягу і пачаў адлічваць свой другі тэрмін у Белым доме.

Звычайна менавіта ад другога чатырохгоддзя амерыканскіх прэзідэнтаў чакаюць гістарычных крокаў, рэформаў, лёсавызначальных перамен. Сапраўды, пра наступныя выбары думаць не трэба, застаецца час пакінуць нейкую памяць у нашчадкаў.

І для Абамы пытанне пра тое, якім прэзідэнтам ён застанецца ў гісторыі сваёй краіны, вельмі актуальнае. Пакуль у яго актыве толькі сам факт абрання першага чарнаскурага кіраўніка Злучаных Штатаў і рэформа сістэмы аховы здароўя. Усе астатнія праблемы не толькі не вырашаны, але пры Абаме яшчэ больш абвастрыліся.

Дзяржаўны доўг ЗША перавысіў 16 трыльёнаў долараў, што з'яўляецца абсалютным рэкордам. З-за вострага супрацьстаяння дэмакратаў і рэспубліканцаў у Кангрэсе напрыканцы кожнага года краіна стаіць перад пагрозай так званага "фіскальнага абрыву". Гэта значыць, што Злучаныя Штаты як дзяржава ў любы момант могуць стаць неплацежаздольнымі, фактычна банкрутам.

Адміністрацыі Абамы так і не давялося пераламіць фінансавы крызіс, які стабільна знаходзіцца ў стадыі рэцэсіі і адбіваецца на матэрыяльным становішчы кожнай сям'і. Усе эканамісты прадказваюць, што ўжо ў бліжэйшыя гады ЗША саступяць званне "першая эканоміка свету" Кітаю. Усё пытанне толькі ў тым, адбудзецца гэтая сусветная змена лідара пры Абаме ці пасля яго прэзідэнцтва.

На міжнароднай арэне нобелеўскі лаўрэат міра і ўвогуле не мае нічога, чым пахваліцца. У чарговы раз не ўдалося прымірыць ізраільцян і палесцінцаў. Працягваецца вайна ў Афганістане, у якой амерыканцы і іх саюзнікі церпяць паражэнне за паражэннем. Захоўваецца нестабільнасць у Іраку.

Аднак самыя сур'ёзныя правалы знешнепалітычнай пары Абама-Клінтан — гэта расійскі кірунак і г.зв. "арабская вясна". Перазагрузка адносін з Масквой скончылася "Актам Магніцкага" і "Законам Дзімы Якаўлева", апусціўшыся такім чынам да самага нізкага ўзроўню за ўсе апошнія гады. Не большыя дывідэнды і на Блізкім Усходзе. Вашынгтон адкрыта падтрымаў хвалю "рэвалюцый" у арабскіх краінах. Амерыканскія кіраўнікі гучна і пафасна прадказвалі наступленне новай эры дэмакратыі і свабоды. Замест гэтага да ўлады прыйшлі ісламісты, у Бенгазі "вызваленыя" лівійцы забілі пасла ЗША, распачалася новая вайна ў Малі.

І гэта толькі агульныя рысы нявырашаных задач. А яшчэ ёсць іранская ядзерная праблема, барацьба за Арктыку, левая хваля ў Лацінскай Амерыцы, ды шмат чаго яшчэ. Чамусьці мне падаецца, што Барак Абама, хоць і добры чалавек і нават нобелеўскі лаўрэат, але не прасунецца ў вырашэнні хоць адной з іх. І ўсё ж мы жадаем яму поспеху!

З гісторыі. Гучны і спрэчны юбілей — 150-годдзе паўстання 1863 года. Яно рыхтавалася на працягу некалькіх гадоў, але пачалося, як гэта часта і бывае, датэрмінова і амаль нечакана. Расійскія ўлады, каб спыніць рэвалюцыйную хвалю, абвясцілі рэкруцкі набор. 22 студзеня па сігнале ў шэрагу польскіх гарадоў пачаліся напады на ўрадавыя войскі.

Як і раней, у 1794 і 1830-1831 гадах, паўстанцы ставілі сваёй мэтай аднаўленне незалежнай польскай дзяржавы — Рэчы Паспалітай. Але на гэты раз была больш распрацавана сялянская праграма і абмяркоўвалася пытанне статусу асобных рэгіёнаў — Літвы, Беларусі і Украіны. І ўсё ж ніхто з правадыроў руху не ішоў далей аўтаноміі (межы якой не былі акрэслены) для гэтых краёў. Калі Кіеўскі правінцыяльны камітэт заключыў з Цэнтральным паўстанцкім камітэтам дамову пра будучы федэратыўны саюз, то Літоўскі правінцыяльны камітэт гэтага не зрабіў.

Паўстанне ахапіла таксама і Беларусь. І засталося, за невялікім выключэннем, "панскай справай". Сяляне разумелі сітуацыю так: паны ўзняліся супраць цара, каб адняць волю і вярнуць паншчыну.

Спачатку ўлады разгубіліся, але ў хуткім часе ў Варшаве з'явіўся Берг, а ў Вільні — Мураўёў. Жорсткімі мерамі яны спынілі паўстанне...

Ці дало плён тое выступленне? Цяжка сказаць. Пралілося нямала крыві. Загінула процьма людзей — з розных бакоў. Простыя беларусы адгукнуліся і такімі словамі: "Народ паглушылі, Польшчы не зварацілі".

gіgіn@bеltа.bу, іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Стаўка на адданых прафесіяналаў У нас. Кадры, як і фінансы, любяць цішыню. А найлепшыя кадравыя рашэнні — тыя, якія сталі нечаканасцю. Гэта, бадай, адзінае, што маглі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика