Якія правы чалавека ігнаруе Захад?
06.02.2013
—
Новости Общества
|
У сучасным свеце прасоўванне дэмакратыі і правоў чалавека стала фактычна асновай знешнепалітычнай стратэгіі Злучаных Штатаў Амерыкі, а таксама "каньком" у дыпламатыі многіх дзяржаў Еўрасаюза. Аднак рэалізацыя гэтай лініі з боку краін Захаду сёння становіцца як ніколі выбарчай. Справа тут, вядома, перш за ўсё ў праславутых "двайных стандартах", звязаных з тым, што "цывілізаваныя дзяржавы" прывыклі валодаць манаполіяй на ацэнку сітуацыі з правамі чалавека, а ўласныя праблемы прымяншаць, замоўчваць або папросту не заўважаць. Чарговым пацвярджэннем гэтай увогуле добра вядомай ісціны стаў даклад, апублікаваны Міністэрствам замежных спраў Беларусі 4 лютага 2013 г. Гэты грунтоўны дакумент быў падрыхтаваны на падставе інфармацыі беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў, СМІ, а таксама адкрытых крыніц. І хоць мэтай яго было не поўнае ўяўленне аб сітуацыі з правамі чалавека ў разгляданых краінах, а толькі зварот увагі аўдыторыі на самыя рэзанансныя факты парушэнняў правоў чалавека ў 2012 годзе, у цэлым карціна, якая фарміруецца пасля яго прачытання, наводзіць на некаторыя сістэмныя высновы. Паліцэйскія выносяць удзельніка маршу ў Нью-Ёрку 24 верасня 2011 года. 1 кастрычніка 2011 года паліцыя арыштавала больш за 700 дэманстрантаў, удзельнікаў руху "Захапі Уол-стрыт!", якія запоўнілі праезную частку, каб перасячы Бруклінскі мост. (AP Photo/Tіna Fіneberg.)Характэрнымі з'яўляюцца прыклады парушэнняў правоў на мірны сход і свабоднае выказванне думкі ў ЗША: жорсткі разгон акцыі пратэсту ў рамках руху "Захапі Уол-стрыт!" у студзені 2012 года ў Оклендзе і такі ж — пазней у Нью-Ёрку, затрыманне ўдзельнікаў акцыі пратэсту супраць правядзення саміту НАТА ў Чыкага ў маі. Падобныя інцыдэнты адзначаны таксама ў Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі. Прычым усюды сілы правапарадку ўжываюць не толькі дубінкі, але і слёзатачывы газ, а дзе-нідзе — і гумовыя кулі. Да гэтага можна дадаць, напрыклад, крымінальнае пераследаванне Джуліяна Асанжа, вельмі спецыфічную арганізацыю электаральнай сістэмы ў тых жа ЗША, якая, верагодна, можа прэтэндаваць на званне самай непразрыстай у свеце, і шмат чаго яшчэ. Адным словам, даклад, падрыхтаваны беларускім МЗС, яшчэ раз пацвярджае, што ЗША і іх саюзнікі выносяць вердыкт аб парушэнні або захаванні правоў чалавека ў той ці іншай краіне ў залежнасці ад сваіх мэт і задач на міжнароднай арэне (знакамітае "Самоса — нягоднік, але гэта наш нягоднік"). Але не менш важнай і трывожнай з'явай у сучасным свеце стала "дыскрымінацыя" саміх правоў чалавека, адны з якіх лічацца важнымі пры вынясенні палітычных ацэнак, а іншыя аб'яўляюцца "няважнымі" або проста ігнаруюцца. Калі паглядзець на пералік прэтэнзій, што прад'яўляюцца да Беларусі з боку краін Захаду, што адразу кідаецца ў вочы? Тое, што амаль усе гэтыя прэтэнзіі тычацца грамадзянскіх і палітычных правоў, правоў, звязаных з характарам функцыянавання палітычнай і прававой сістэмы. Пры гэтым вельмі мала гаворыцца (а часцей — наогул замоўчваецца) аб сацыяльных, эканамічных і культурных правах беларусаў, якія ў нашай краіне абаронены часам лепш, чым у краінах Захаду. Але само міжнароднае права забараняе дыскрымінацыю правоў чалавека, абвяшчае іх непадзельнасць, узаемазалежнасць і ўзаемазвязанасць. Менавіта пра гэта казалі ўдзельнікі Форуму ААН у Дэкларацыі тысячагоддзя: "Прынцыпы непадзельнасці, узаемазалежнасці і ўзаемазвязанасці ўсіх правоў чалавека неаднаразова пацвярджаліся на словах. Тым не менш, на практыцы аддаецца перавага грамадзянскім і палітычным правам у параўнанні з эканамічнымі, сацыяльнымі і культурнымі правамі, што часта наносіць шкоду абодвум комплексам правоў". У рамках гэтай прынцыповай устаноўкі Форум заклікаў урады "не апраўдваць грэбаванне да аднаго комплексу правоў у параўнанні з іншым, а забяспечваць, каб усе індывідуальныя і калектыўныя правы чалавека гарантаваліся ў рамках дзейнасці ў галіне ўстойлівага развіцця, інвестыцый і гандлю". Але, мяркуючы па ўсім, нягледзячы на гэтыя заклікі, сёння сацыяльныя і эканамічныя правы мала турбуюць урады краін Захаду і фінансава-прамысловыя карпарацыі, якія стаяць за імі. Вельмі паказальным у гэтым плане з'яўляецца становішча ў свеце такога прызнанага ААН права, як права на развіццё. Абвешчанае яшчэ ў 1969 годзе ў Дэкларацыі сацыяльнага прагрэсу і развіцця, права народаў на развіццё і грамадзян на ўдзел у развіцці да 1980-х гадоў было прызнана ў якасці неад'емнага. У азнаменаванне гэтага ў 1986 годзе рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН была прынята Дэкларацыя аб праве на развіццё (адгадайце, якія краіны галасавалі супраць гэтага дакумента!). Яна абвяшчала, што "права на развіццё з'яўляецца неад'емным правам чалавека, згодна з якім кожны чалавек і ўсе народы маюць права ўдзельнічаць у такім эканамічным, сацыяльным, культурным і палітычным развіцці, пры якім могуць быць цалкам ажыццёўлены ўсе правы чалавека і асноўныя свабоды, а таксама садзейнічаць яму і карыстацца яго дабротамі". Артыкул 3 Дэкларацыі падкрэсліваў, што менавіта дзяржавы нясуць асноўную адказнасць за стварэнне нацыянальных і міжнародных умоў, спрыяльных для ажыццяўлення права на развіццё, і абавязваў дзяржавы ажыццяўляць свае правы і выконваць свае абавязкі такім чынам, каб садзейнічаць усталяванню новага міжнароднага эканамічнага парадку, заснаванага на суверэннай роўнасці, узаемазалежнасці, узаемнай зацікаўленасці супрацоўніцтва паміж усімі дзяржавамі, а таксама заахвочваць захаванне і ажыццяўленне правоў чалавека. З тых часоў свет перажыў распад СССР і глабальнае дамінаванне адной звышдзяржавы — ЗША. І ў выніку гэтая звышдзяржава, якая абвяшчае сваёй асноўнай мэтай у знешняй палітыцы абарону правоў чалавека, свабоды і дэмакратыі і ажыццяўляе пад гэтымі лозунгамі рабаванне па ўсім свеце, адмаўляе сваім грамадзянам у праве на тое, каб пратэставаць супраць гэтай жахлівай крывадушнасці. Вось такая іронія лёсу. Юрый Царык, палітычны аналітык, кіраўнік Беларускай групы развіцця. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У сучасным свеце прасоўванне дэмакратыі і правоў чалавека стала фактычна асновай знешнепалітычнай стратэгіі Злучаных Штатаў Амерыкі, а таксама "каньком" у... |
|