У польскія крамы шлях няпросты. 21.by

У польскія крамы шлях няпросты

09.02.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Паездкі ў блізкае замежжа па пакупкі — звычайная рэч для грамадзян многіх краін. Беларусы — не выключэнне. Аб тым, што гэта на самой справе — шопінг у Польшчу, мы распыталі земляка, які на мінулыя выхадныя з'ездзіў у суседнюю краіну.

Калі няма ўласнай машыны ці жадання стаяць у даўжэзных чэргах, плаціць замежную страхоўку і магчымыя дарожныя штрафы, туды лепш дабірацца аўтобусам. Айчынныя турыстычныя фірмы шчодра прапануюць гэтую паслугу. Шлях да Беластока каштуе недзе ад 35 долараў. Гэта цана дарогі туды-назад і па горадзе — паміж крамамі і кірмашамі.

Зразумела, патрэбна яшчэ мець польскую альбо шэнгенскую візу. Калі іх няма, турфірмы зробяць аднаразовую. Тыя ж 60 еўра заплаціш, ды яшчэ зверху — за клопат.

Збор такіх, як я, турыстаў ад эканомікі прызначылі на Дружнай, каля вакзала. Пятніца, канец працоўнага тыдня. Аўтобусаў сабралася шмат. Відаць, што пасажыры бывалыя, усё ведаюць. Калі аўтобус пачынае рухацца, стараюцца задрамаць. Тэлевізар пад столлю вісіць, але яго не ўключаюць. Чаю-кавы таксама не прапануюць — малабюджэтны маршрут.

Першае сур'ёзнае выпрабаванне — мяжа. Турыстычныя аўтобусы ідуць тут па сваёй асобнай паласе. Але нават калі аўтобус акажацца адзіным, гэта не значыць, што вы праляціце мяжу, як на крылах.

Зайшоў адзін пагранічнік, палічыў людзей, выйшаў, адкрыў шлагбаум. Праехалі трохі наперад. Зайшоў другі, сабраў пашпарты і пайшоў з імі. Назад не прынёс, перадаў праз вадзіцеля.

Далей яшчэ адзін пагранічнік адчыніць шлагбаум на дарогу да Польшчы.

А вось на польскім баку нас наведвае толькі адзін вартавы граніцы. Як на шляху туды, так і на зваротным.

Міжволі ўзнікаюць думкі — ці не лепш было б, асабліва ў наш час прадэклараванай аптымізацыі, каб першы айчынны пагранічнік адразу і пашпарты збіраў? Мо больш плаціць яму, што працуе за другога? А замест трэцяга наогул паставіць аўтаматычны шлагбаум і адчыняць яго дыстанцыйна?

У Беласток прыязджаем недзе пад тры гадзіны ночы па нашым часе. Пункт першы — рынак. Некалькі кіёскаў ужо працуе. Там прапануюцца простыя рэчы. Чай, кава, пральныя парашкі, шакалад, сухафрукты. Цэны сапраўды прымальныя. 200-грамовая нямецкая шакаладка з разынкамі і арэхамі, калі перавесці на нашы грошы, каштуе менш за 15 тысяч рублёў. Паўкілаграмовы пачак кавы вытворчасці Германіі — каля 45 тысяч. Польская — 35. 10-кілаграмовы пачак самага таннага пральнага парашку мясцовай вытворчасці абыдзецца крыху больш за 70 тысяч.

Пры тым, што мясцовая валюта паднялася ў цане, а долар, з якім звычайна прыязджаюць беларусы, патаннеў. Восенню за яго ў абменніку тут давалі 3 злотыя і 25 грошаў. У гэты дзень лютага долар мянялі роўна на тры злотыя. Таму тавары падаражэлі. Гэта, уздыхаючы, прызнаюць мае спадарожнікі. Тая нямецкая шакаладка, як памятаюць яны, наогул каштавала нядаўна 13 тысяч, а парашок — 65.

Касавых аўтаматаў я ў павільёнах не бачу. Але прадавец акуратна піша мне чэк ад рукі. Там дакладна пазначана, што куплена і за колькі. Хоць я яго і не прасіў пра тое.

У 6 гадзін чакае пераезд у наступны магазін — дробнааптовы. Гэты вялізны гіпермаркет якраз пачынае працу. Тут знаўцы раяць набываць сыры, мясныя і рыбныя вырабы, ёгурты. Цана кілаграмовай банкі мясцовага ёгурту — недзе пад 20 тысяч. 500-грамовая, сусветна вядомай маркі, пад 8 тысяч. Незвычайна дарагі ў беларускіх крамах 125-грамовы пачак сыру "Прэзідэнт" абыдзецца ў 12 тысяч. Танныя і парашкі, нейкія прамысловыя рэчы. А вось адзенне каштуе дорага. Нават з прадэклараванымі зніжкамі.

Чым бліжэйшы час адпраўлення аўтобуса, тым больш нервуюцца землякі. Да таго ж некаторыя займаюць чаргу амаль на ўвесь свой аўтобус, што яшчэ болей падаграе атмасферу. Урэшце хто, нервуючыся, кідае тавар перад касай і бяжыць да аўтобуса, а хто стаіць да канца. Ведае, што ўсе беларускія аўтобусы ідуць далей па адным маршруце і дагнаць сваіх можна з наступнай групай. Чужых бяруць усе без праблем.

На трэцім прыпынку чакае кірмаш. Там у асноўным адзенне і прамысловыя тавары для дому. Тавар не сусветных брэндаў, але і цэны таму ніжэйшыя, таргавацца можна. Пляцоўкі вакол запоўнены аўтамабілямі з беларускімі нумарамі, асабліва гродзенскімі. Усюды чуваць наша гаворка, якую добра ведаюць і прадаўцы.

А вось наступны прыпынак — для многіх асноўны пункт. Там пад адным дахам — гіпермаркет, галерэя буцікоў і буйны магазін радыётэхнікі. Нашы землякі набываюць тэлевізары, тэлефоны, ноўтбукі. Тут самыя велізарныя чэргі на афармленне такс-фры, ці так званых "ватаў". У гэтым і хаваецца асноўная выгада ад польскіх пакупак. Потым з цаны вылічваецца і вяртаецца пакупніку падатак на дабаўленую вартасць. А гэта можа складаць да 25 працэнтаў кошту. Вялізны плазменны тэлевізар за 600 долараў абыдзецца менш за 500. Уся паездка адразу і акупіцца. Такс-фры можна афармляць ад пакупак агульным коштам 200 злотых.

Праўда, на гэты раз тэлевізары ніхто не купляў. Бо не было тых мадэляў, якія ў нас карыстаюцца найбольшым попытам — усе раскупілі.

Гляджу цану ноўтбукаў — амаль тое, што і ў нас праз інтэрнэт прадаецца.

Нашы землякі не засмучаны няўдачай, купляюць адзенне, прадукты, сантэхніку.

А ў буціках якраз пара вясновых зніжак. Гаспадары пачалі распрадаваць зімовы тавар. Ды і на іншыя рэчы ўцэнка здараецца добрая. Бачыў чаргу з мясцовых людзей па касцюмы вядомага брэнда за 300 долараў. Яшчэ на днях такія каштавалі па 700. Прыгожыя модныя кашулі — па 13, а былі па 40.

Пару разоў чую, як дзяўчаты-прадавачкі ціха размаўляюць паміж сабой на нашай мове. Захацелася распытаць зямлячак пра іх мясцовае жыццё, але яны ўраз бянтэжацца... і пераходзяць на польскую.

Перад ад'ездам на радзіму з жахам гляджу на агульную кучу пакупак, што трэба ўціснуць у багажныя адсекі аўтобуса. У суседзяў гара яшчэ большая, і нават салон у іх завалены. Але вадзіцелі не панікуюць. Яны ўпэўнена пакуюць у чэрава старэнькага "Неаплана" ўсю гару. На вуліцы не застаецца нічога.

Пераязджаючы з месца на месца, паспяваеш хоць праз акно палюбавацца мясцовымі краявідамі. Тут шмат храмаў, у тым ліку праваслаўных. Мноства прыгожых новых дамоў. Катэджы і ўласныя дамы нават у вёсках не хаваюць за магутнымі платамі, як гэта бывае ў нас. Максімум — акуратнай сетачкай абгароджваюць.

Недзе ў шэсць вечара аўтобус кранаецца дамоў. Да Мінска чатыры сотні кіламетраў. Але гэта дарога — самая няпростая.

Да мяжы недзе аж за дзесяць кіламетраў працягнулася чарга з вялізных фур. Як там вадзіцелі церпяць, прасоўваючыся на працягу некалькі сутак наперад па метры, можна толькі здагадвацца. Вакол чыстае поле — ні хат, ні крам.

Наш аўтобус бесперашкодна падыходзіць амаль да самага пункта пропуску. Перад намі ўсяго некалькі аўтобусаў. Пакуль чакаем, нас аб'язджае рэйсавы гродзенскі — у іх тут прыярытэт.

Пасажыры прыціхлі. Ведаюць усе магчымыя далейшыя варыянты і спадзяюцца абмінуць самы цяжкі.

Пагранічны кантроль зноў хуткі і беспраблемны. А далей — горш. Пасажырам, якія аформілі "ваты", трэба паказаць усе рэчы, на якія выпісаны такс-фры, прадстаўнікам польскай мытні. Тут — дзяржаўныя грошы, з якімі не жартуюць. Таму мытнікі аглядаюць і звяраюць літаральна кожную рэч. Калі бачаць блытаніну ў дакументах, альбо папера аформлена неахайна, могуць патэлефанаваць у краму, дзе рабілася пакупка, і ўсё ўдакладніць занава.

Транспарту шмат, а мытнік на гэтай працэдуры ўсяго адзін. І хуткасць справы — адпаведная.

Потым — наша мяжа. Айчынны пагранічны кантроль таксама даволі хуткі. А вось потым...

Я, здаецца, шмат паездзіў па свеце. І на аўтобусах таксама. Але толькі ў нас бачыў, як на мяжы пасажыраў прымушаюць выйсці, узяць усе свае рэчы і пакупкі і валачыся з імі ў залу мытні для агляду. Там твой багаж могуць пераважыць, дэталёва пераварушыць. І на ўсё гэта патрэбен час.

Вось так і цяпер — пад поўнач, па снезе, у мароз далі каманду на выхад.

Мае суседзі кажуць, што так робіцца ў кожнай паездцы. Толькі аднойчы пашанцавала, відаць, добры мытнік трапіўся ці ў настроі быў — прапусціў без выгрузкі.

— А што-небудзь забароненае хоць калі выявілі? — цікаўлюся.

— Ды ні разу нічога.

Асабліва шкада бабулек, якія ўволю пашчыравалі на танным шопінгу. І ў іх проста не хапае рук і сіл цягаць туды-сюды свае клункі. Але ніякіх вазкоў пад перавозку рэчаў, зразумела, мытняй не прапаноўваецца.

Наш кантроль цягнецца доўга і марудна. Малады мытнік толькі заступіў на змену, ён нікуды не спяшаецца. Хлопец, праўда, ветлівы. Узважвае рэчы, просіць адкрыць ці не кожную сумку.

Здзіўлена аглядае мой няхітры скарб. І адпускае, амаль не зачапіўшы. Напэўна, адразу адчувае дылетанта памежнага шопінгу. Хоць сярод сённяшніх пасажыраў няма ніякіх кантрабандыстаў і нават аптовых пакупнікоў. Людзі зрабілі пакупкі для сябе і, магчыма, для сваякоў, сяброў.

Але знайшлі парушальнікаў і ў нашым аўтобусе. Хтосьці вёз недзе з кіло сырога мяса — а яго везці нельга. Яшчэ ў аднаго мужчыны выявілі некалькі лішніх упаковак жаночых калготак.

Недзе пад гадзіну ночы ўсё заканчваецца. Валачом сумкі назад. Кіроўцы цярпліва грузяць іх зноў. На мяжы мы "пражылі" амаль восем гадзін. За гэты час можна было даехаць да Мінска і назад вярнуцца.

Пад ранак прыязджаем на Дружную. Сіл няма амаль ні ў кога — дзве ночы не спаўшы.

— Паедзеце яшчэ ці не? — з усмешкай цікавіцца сусед па аўтобусе.

— Не, больш ні нагой, — адказваю. І сам пакуль веру ў свае словы.

— Усе так спачатку думаюць, — смяецца сусед. — А паходзіце па нашых крамах — і зменіцца думка. Я кожны раз так гарачуся. А езджу ўжо мо гадоў з дзесяць.

Запісаў Віктар Вікенцьеў.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паездкі ў блізкае замежжа па пакупкі — звычайная рэч для грамадзян многіх краін. Беларусы — не выключэнне. Аб тым, што гэта на самой справе — шопінг у Польшчу, мы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика