На арэлях па шчасце
28.02.2013
—
Новости Общества
|
Як раней мілавалася беларуская моладзь Дзень святога Валянціна, 23 лютага, 8 сакавіка — у сучасным грамадстве гэтыя святы сталі добрай нагодай, каб лішні раз прызнацца сваім мілым у каханні, парадаваць іх падарункамі. Наогул напачатку вясны абуджаецца не толькі прырода, але і рамантычны настрой. Усё больш на вуліцах закаханых пар — іх лёгка пазнаць. А як традыцыйна было прынята заляцацца ў беларускіх вёсках да пачатку “сэксуальнай рэвалюцыі”? На гэтае даследаванне мяне натхніў здымак з Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. На ім — маладая палеская пара. Разабрацца ў “традыцыях кахання” карэспандэнту “НГ” дапамагла навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі” Ірына ЛАЎРЫНОЎСКАЯ. А ўчора з вячорак... З чаго ж пачыналася заляцанне? Сельскія хлопцы і дзяўчаты, якія амаль увесь дзень былі занятыя сваімі справамі, звычайна дэманстравалі свае адносіны на вячорках, парадках, супрадках (дзявочыя вячоркі, дзе дзяўчыны звычайна пралі), святах, грамадскіх гуляннях і кірмашах. Асабліва вылучаліся вячоркі, дзе моладзь была даволі ізаляванай і больш незалежнай ад дарослых, што спрыяла такой сацыяльнай задачы, як пераход у стан дарослых і падрыхтоўка да сямейнага жыцця. Вячоркі адбываліся штодзень і ў дні пастоў, акрамя пятніцы і нядзелі. Шмат дзе ў Беларусі яны існавалі да сярэдзіны XX стагоддзя. Паказаць дзяўчыне сваю сімпатыю хлопец мог па-рознаму. Калі гэта былі вячоркі, ён мог падсесці да яе, весці размову, жартаваць або абараняць ад здзеклівых жартаў іншых хлопцаў, а пасля правесці да хаты. Дзяўчаты вельмі стрымана праяўлялі сваю прыхільнасць альбо непрыязнасць да хлопца. Цярпліва ставіліся да жартаў. Калі дзяўчына не раздзяляла пачуццяў хлопца, яна пазбягала провадаў да хаты, не дазваляла дапамагчы ёй, напрыклад, што-небудзь паднесці. I ўвогуле не рэагавала на яго заляцанні. Ці магла дзяўчына першай праявіць сімпатыю? Магла, але зрабіць гэта яна павінна была незаўважна, бо дзявочая сціпласць вельмі высока цанілася. Цікавы звычай, калі дзяўчына сама магла першай праявіць сімпатыю да ўпадабанага хлопца, існаваў у XIX стагоддзі на Віцебшчыне. Дзяўчыны хадзілі на кірмаш з насовачкамі, якія трымалі ў руках. Калі камусьці з іх хлопец спадабаўся, яна працягвала яму сваю насоўку. Калі хлопцу гэтая дзяўчына таксама была даспадобы, ён браўся за другі канец насоўкі, і так яны хадзілі разам па кірмашу. Звычайна ўвесь працэс заляцанняў адбываўся на вачах аднавяскоўцаў. Наведаць сваю каханую дома хлопец мог толькі пасля сватання. Зразумела, маладая пара магла недзе адасобіцца, аднак дзяўчыны імкнуліся пазбягаць гэтага, каб зберагчыся ад плётак. Пацалунак — толькі пасля вяселля? Веснавы рамантычны настрой адлюстроўваўся ў традыцыях і песнях XIX — пачатку XX стагоддзя. У некаторых мясцовасцях вясну пачыналі гукаць ужо з 1 сакавіка — на Аўдакею. У гэты перыяд ладкавалі арэлі, на якіх моладзь гушкалася амаль кожны веснавы дзень. Пары закаханых імкнуліся як мага больш разгойдваць арэлі, каб узляцець вышэй за іншых. У народзе існавала меркаванне, што гэта паспрыяе багатаму ўраджаю, а лён і іншыя расліны будуць даўжэйшымі. У той жа час асаблівасцю адносін хлопца і дзяўчыны традыцыйна былі сціпласць і цнатлівасць. Паводзіны моладзі да шлюбу строга кантраляваліся грамадскай думкай. Цікава адзначыць такі народны звычай, як “падначоўкі”: дзяўчаты спалі разам з хлопцамі на адрыне пасля гуляння, але фізічная блізасць не дазвалялася. Людзі строга асуджалі тых, хто страціў цноту да шлюбу. Дзяўчына, акрамя папрокаў з боку родных і аднавяскоўцаў, атрымлівала і крыўдныя прозвішчы: “шалашоўка”, “гуляшчая”, а калі нараджала дзіця не ў шлюбе — “пакрытка”. У такой сітуацыі ёй ужо заставаўся абмежаваны выбар — удавец ці сірата, бо іншыя хлопцы не хацелі браць такіх у жонкі. Стрымлівала моладзь і боязь парушыць бацькоўскі запавет. Цалавацца на людзях закаханым таксама не дазвалялася. — Сельскія жанчыны 1900—1930-х гадоў нараджэння, якіх я апытала падчас экспедыцый, узгадвалі, што раней хлопцы з дзяўчатамі да вяселля не цалаваліся і нават саромеліся гэта рабіць пасля шлюбу, — расказвае Ірына Лаўрыноўская. — Паказальным з’яўляецца выказванне адной рэспандэнткі 1928 года нараджэння: “У наша врэмя розныя былі, і тыя, хто да свадзьбы гулялі, усе замуж выходзілі. Але ж калі дзеўка была “чэснай”, то болей цанілася. Не тое што зараз — калі ты з хлопцамі не гуляеш, так цябе яны, напэўна, і не возьмуць”. Чаравічкі і рукавічкі Сучасныя мужчыны прыносяць жанчынам “джэнтльменскі набор”: кветкі, цукеркі, шампанскае. А якія падарункі было прынята дарыць каханым сто гадоў таму? Часцей за ўсё мужчына пеставаў любую рознымі пачастункамі, напрыклад, арэхамі і пернікамі. Калі хлопец быў заможны ці выношваў сур’ёзныя намеры, падарункі былі больш каштоўнымі — пацеркі, завушніцы, хусткі. Вельмы прэстыжным лічылася падарыць каханай чаравічкі, аднак гэта рабілася ўжо падчас сватання. Дзяўчына магла падарыць хлопцу вышыты ручнік, пояс. Ручнік часам аздаблялі арнаментам — галубкамі (сімвалам закаханых). Пазней, у савецкія часы, калі моладзь стала больш пісьменнай, дзяўчына магла выткаць і нейкі любоўны вершык ці пасланне. Паясы дарылі ўспадабаным хлопцам на свята “Гуканне вясны”, калі тыя ладзілі арэлі. А на сватанне — кашулю, упрыгожаную вышытымі ружамі. На Верхнядзвіншчыне, на памежжы з Латвіяй, дзяўчаты дарылі каханым рукавіцы. Дарэчы, кветкі ў сельскай мясцовасці не дарылі, бо яны не мелі практычнай каштоўнасці.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як раней мілавалася беларуская моладзь
|
|