Добры пастыр
20.03.2013
—
Новости Общества
|
Павітаць Папу Францішка ў дзень яго інаўгурацыі прыехалі тысячы вернікаў з усяго свету, у тым ліку і з Беларусі Учора ў Ватыкане адбылася святая імша, якая стала інаўгурацыяй Пантыфікату Папы Францішка, абранага 13 сакавіка. На плошчы Святога Пятра яблыку не было дзе ўпасці — павітаць новаабранага пантыфіка сабралася каля мільёна чалавек, над галовамі якіх развяваліся сцягі дзясяткаў краін. На цырымоніі прысутнічалі афіцыйныя дэлегацыі 132 дзяржаў і міжнародных арганізацый, а таксама 33 дэлегацыі прадстаўнікоў розных веравызнанняў. Беларусь на цырымоніі прадстаўлялі дэлегацыя на чале са Старшынёй Савета Рэспублікі Анатолем Рубінавым і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Цырымонія пачалася каля магілы апостала Пятра, у цэнтры базілікі, пад галоўным алтаром, дзе Папа памаліўся разам з патрыярхамі арцыбіскупамі самых вялікіх Усходніх Каталіцкіх Касцёлаў у знак еднасці Касцёла Усходу і Захаду. Каля магілы Князя апосталаў былі падрыхтаваны палій — стужка з беленай воўны ягнят, якая з’яўляецца сімвалам папскай апостальскай улады і добрага пастыра, і Пярсцёнак Рыбака з выявай святога апостала Пятра з ключамі ў руках. Уручэнне Пярсцёнка Рыбака сімвалізуе заручыны Папы са сваёй Царквой. Той, хто яго носіць, лічыцца Наступнікам святога апостала Пятра, які быў “рыбаком людзей”. Як пажадаў Папа Францішак, пярсцёнак вырабілі не з золата, а толькі з пазалочанага срэбра. Адмовіўся Папа і ад закрытага лімузіна. І аб’ехаў плошчу святога Пятра перад пачаткам працэсіі на белым адкрытым аўтамабілі, з якога вітаў шматтысячны натоўп вернікаў. У цэнтры плошчы Папа Францішак спецыяльна выйшаў з машыны, каб абняць, пацалаваць і блаславіць інваліда. Ды і пасля аўтамабіль спыняўся яшчэ некалькі разоў, каб даць магчымасць Папу блаславіць дзяцей. Ад магілы святога Пятра Папа і іерархі прайшлі на галоўную ватыканскую плошчу — месца мучаніцкай смерці Князя апосталаў. У гэты час гучаў гімн Laudes Regiae як просьба аб заступніцтве трыццаці шасці святых пантыфікаў. З рук кардыналаў Святы Айцец атрымаў сімвалы папскай улады і выступіў з гаміліяй, у якой разважаў пра сутнасць служэння Наступніка Пятра. Пантыфік адзначыў, што Папа, каб выконваць сваю ўладу, павінен “з любоўю і чуласцю прымаць усё чалавецтва, асабліва найбяднейшых, найслабейшых і найменшых”. На заканчэнне гаміліі Папа Францішак папрасіў аб заступніцтве Панны Марыі, святога Юзафа, апосталаў Пятра і Паўла, святога Францішка Асізскага і аб дапамозе Духа Святога ў сваім служэнні. “Маліцеся за мяне!” — з такімі словамі звярнуўся Святы Айцец да ўсіх вернікаў. Пасля ўрачыстай імшы, якую канцэлебравалі сто восемдзесят чалавек (сярод іх — кардыналы, патрыярхі Усходніх Касцёлаў, а таксама генералы Ордэна меншых братоў і Ордэна езуітаў) Святы Айцец Францішак прыняў у Апостальскім палацы дэлегацыі хрысціянскіх Цэркваў і іншых веравызнанняў, якія прыбылі на цырымонію інаўгурацыі. Знамянальна, што ўпершыню з моманту расколу хрысціянскай царквы на каталіцкую і праваслаўную ў 1054 годзе на інаўгурацыі Папы прысутнічаў Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей, што можна расцэньваць як важны сігнал будучага ажыўлення экуменічнага дыялога. — Інаўгурацыя Папы — вялікая падзея, — пракаментаваў сакратар курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі святар Кірыл Бардонаў. — Наша задача — маліцца за Святога Айца Францішка, тым больш што ён сам аб гэтым прасіў. Выконваць абавязкі Наступніка святога апостала Пятра, быць сімвалам еднасці складана і адказна адначасова. Моц пастыра ў яго верніках. Будзем маліцца за нашага Папу. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Павітаць Папу Францішка ў дзень яго інаўгурацыі прыехалі тысячы вернікаў з усяго свету, у тым ліку і з Беларусі |
|