Вясну гукаем, вясну сустракаем!
28.03.2013
—
Новости Общества
|
Песняй-вяснянкай абудзілася ўчора дзіцячая дашкольная ўстанова "Светлячок" у аграгарадку Міханавічы Мінскага раёна. Тут гукалі вясну, сустракалі птушак — песнямі, карагодам, развешваннем папяровых птушак і частаваннем выпечанымі "жавараначкамі". Гэтак робяць у пасёлку штогод. Сёлета гурбы снегу на пляцоўцы дзіцячага сада вышэй за самых рослых выхаванцаў старэйшай групы, але традыцыя з-за гэтага не парушылася. Як адмовіцца ад мерапрыемства, якое з першымі промнямі вясновага сонца, абуджэннем прыроды, парою прылёту птушак само просіцца ў звыклы расклад дзіцячай установы. Для яго не патрэбны сцэнарыі, фанаграмы, спецэфекты, рэкамендацыі навукоўцаў. Патрэбна толькі жаданне. А яно ёсць і ва ўдзельнікаў вядомага дзіцячага фальклорнага калектыву "Калыханка" (на здымку), і тым больш у кіраўнікоў і выхавальнікаў "Светлячка". Як адмовіцца, калі свята само да іх просіцца? І яго правялі. — Народныя святы праходзяць у нас натуральна і душэўна. Яны арганічна ўпісваюцца ў распарадак і выхаваўчы працэс, — кажа загадчыца Міханавіцкай дашкольнай установы Ларыса Фамінчык. — Для дзяцей гэта і забава, і гульня, і змястоўнае баўленне часу на свежым паветры. Тым больш у такое сонечнае надвор'е, калі ў паветры моцнае адчуванне вясны. У "Светлячку" кожны хацеў зрабіць свой унёсак у сустрэчу. Праўда, гэта пад сілу пакуль толькі старэйшым дзеткам. Група, у якой выхавальніцамі працуюць Вольга Малюкава і Ганна Матрунчык, падрыхтавала некалькі дзясяткаў рознакаляровых "жаваранкаў", якія цяпер упрыгожваюць тэрыторыю "Светлячка", лёгка пагойдваюцца на ветры. Святы ў народным стылі нам дапамагаюць праводзіць дзеці — удзельнікі Міханавіцкага фальклорнага гурта "Калыханка". Калектывам ужо 24 гады кіруе жыхарка пасёлка, старшы выкладчык Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ларыса Рыжкова. Больш за тое, у калектыве ўдзельнічаюць таксама выхаванцы гэтага ж дзіцячага сада — як цяперашнія (напрыклад, Маргарыта і Раман Тарасавы, Арыяна Бераснева), так і былыя (цяпер яны школьнікі). Дарма, што малыя, — дзеці ведаюць шмат абрадавых песень, палюбілі народную спеўную манеру, шчаслівыя, калі апранаюць народныя строі. Вось адна з іх любімых вяснянак: "Ой, чэрачко-пташачко, Не залетай далечко, Не занось майго венчыка, Бо мой венчык — барвенчык, Бо ён жа мне патрэбчык..." "Калыханка" спявала і пачынала карагод, у якім месца хапала ўсім — і дзецям розных узростаў, і дарослым-выхавальнікам. Бо вясна — яна ж для ўсіх адна! У канцы гэтай прыгожай гульні-свята ўдзельнікам раздалі выпечаных "жаваранкаў". Спрадвеку было такое частаванне, каб дзеці верылі ў цуды прыроды, верылі ў тое, што птушкі прынясуць на сваіх крылцах нам вясну. Напякла птушачак Галіна Леўдаровіч, выдатны дзетсадаўскі кулінар. Ёй таксама вельмі хацелася зрабіць дзецям добрае свята. Анатоль Кляшчук. Фота аўтара. Мінскі раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Песняй-вяснянкай абудзілася ўчора дзіцячая дашкольная ўстанова "Светлячок" у аграгарадку Міханавічы Мінскага раёна. Тут гукалі вясну, сустракалі птушак —...
|
|