Сапраўдная музыка жыве ў вяках. 21.by

Сапраўдная музыка жыве ў вяках

28.03.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

ВЁСЦЫ Астрамечава, што ў Брэсцкім раёне, хутка споўніцца пяць вякоў. У гістарычных крыніцах яна ўпершыню ўпамінаецца пад 1516 годам і за час свайго існавання перажыла шмат цікавых падзей. Да нядаўняга часу і навукоўцы, і краязнаўцы больш гаварылі пра сучаснае Астрамечава, якое вядома як ў Беларусі, так і за яе межамі дзякуючы сельгаспрадпрыемству з аднайменнай назвай. Калі прыязджаеш сюды, то кожны раз даведваешся пра нешта новае. Вось і нядаўна, наведаўшы ўтульны аграгарадок, адкрыў для сябе некалькі ўнікальных старонак з яго багатай гісторыі. Але аб усім па парадку.

Цікавая знаходка

Падчас справаздачна-выбарчага сходу, які адбыўся ў СВК «Астрамечава» напрыканцы лютага, кожнаму з яго ўдзельнікаў на памяць уручылі невялічкі блакнот, на першай старонцы якога даволі падрабязна расказвалася пра «Астрамечаўскі рукапіс» — культурны помнік бытавой музыкі XVII стагоддзя. Інфармацыя зацікавіла многіх з прысутных у зале, паколькі гутарка пра гэты гістарычны дакумент, вядомы яшчэ як «Астрамечаўскі сшытак», вялася адносна даўно. Музычныя творы, якія складалі яго змест, выконваліся славутымі ансамблямі «Кантабіле», «Харошкі», «Стары Ольса», камерным хорам «Віват» і сольнымі артыстамі, праўда, доўгі час унікальны рукапіс называўся чамусьці не «Астрамечаўскім», а «Полацкім сшыткам». Прычыны такой недакладнасці нам растлумачыў галоўны архітэктар СВК «Астрамечава» Міхаіл Губараў, які разам з іншымі супрацоўнікамі збірае матэрыялы пра вядомы рукапіс. Міхаіл Аляксандравіч расказаў, што навуковым даследчыкам, краязнаўцам давялося правесці каласальную работу, каб даказаць, што старажытны дакумент са шматлікімі запісамі свецкай музыкі быў створаны не ў Полацку, як лічылася доўгі час, а менавіта ў Астрамечава.

У 60-х гадах мінулага стагоддзя беларускі даследчык Адам Мальдзіс у бібліятэцы Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве (Польшча) знайшоў уніяцкі малітоўнік, які быў пазначаны як Астрамечаўскі. Бібліятэкарка аддзела рэдкіх кніг культурнай установы патлумачыла, што набылі рэдкае выданне ў перасяленцаў і што раней яно знаходзілася ў царкве вёскі Астрамечава. Праўда, дзе знаходзіцца гэты населены пункт, у бібліятэцы не ведалі. І азнаёміцца са зместам малітоўніка беларускаму навукоўцу не дазволілі, аргументаваўшы такое рашэнне тым, што гэтай справай павінны займацца свае спецыялісты.

Праз некаторы час вядомы польскі музыказнавец Ежы Голас зацікавіўся ўнікальнай знаходкай і звярнуў увагу на рукапісны дакумент, што знаходзіўся пад яе вокладкай. Гэта былі старажытныя нотныя запісы, расшыфраваўшы якія Ежы Голас вярнуў з забыцця некалькі музычных твораў. На іх аснове была створана грампласцінка, якая стала даволі вядомай. Цікавасць да яе праявілі не толькі польскія, але і беларускія выканаўцы і музычныя калектывы. Праўда, калі гаворка заходзіла пра паходжанне песень, то Астрамечава, што знаходзілася непадалёк ад Брэста, ніхто не браў у разлік. Маўляў, хто яго ведае? А вось Полацк… Тут зусім іншая справа. Тым больш на канверце выдадзенай пласцінкі ўказвалася, што запісаныя на ёй творы калісьці бытавалі на Полаччыне.

Полацк ці Астрамечава?

Так «Астрамечаўскі сшытак» стаў… «Полацкім». Адным з першых, хто выканаў творы, з якіх ён складаўся, стаў ансамбль «Кантабіле». Полацкі варыянт паходжання музыкі са стылістычнымі рысамі барока для музыкантаў аказаўся болей прымальным, бо гэта быў сапраўдны папулярны брэнд. Прычым настолькі ўдалы, што ў хуткім часе ім зацікавіліся іншыя ансамблі. Харэаграфічны ансамбль «Харошкі» пад кіраўніцтвам народнай артысткі Беларусі Валянціны Гаевай паставіў балет «Па старонках Полацкага сшытка», які прынёс калектыву вялікую папулярнасць. Песні са старажытнага дакумента выкарыстоўвалі шматлікія выканаўцы, і ніхто не задумваўся аб тым, як польскамоўныя творы (а менавіта з іх складаўся зборнік) змаглі нарадзіцца на полацкай зямлі. Увагу на гэтую акалічнасць першым звярнуў Ежы Голас, які ў артыкуле «Новы погляд на рукапіс з бібліятэкі Ягелонскай» прыйшоў да высновы, што гэты сшытак мог з’явіцца на беларуска-польскім памежжы, дзе і знаходзіцца вёска Астрамечава.

Дарэчы, некаторыя даследчыкі і выканаўцы песень лічылі, што населены пункт з такой назвай існаваў і ля Полацка. Насамрэч гэта не так. Уважліва прааналізаваўшы гістарычны дакумент, Ежы Голас устанавіў, што з’явіўся ён на свет паміж 1633-м і 1650 гадамі. Малітоўнік жа, пад вокладкай якога апынуўся рукапісны сшытак, быў пераплецены каля 1680 года. Як любоўныя песні трапілі ў рэлігійны зборнік, цяпер можна толькі здагадвацца. Верагодна, гэта была звычайная выпадковасць.

Тым не менш дзякуючы такой выпадковасці «Полацкі», а дакладней «Астрамечаўскі сшытак» дайшоў да нашых дзён. Для жыхароў вёскі, дзе ён з’явіўся на свет, гэта стала прыемнай нечаканасцю. А яшчэ — цудоўнай магчымасцю папулярызаваць гісторыю свайго населенага пункта, які якраз цяпер рыхтуецца адзначыць 500-годдзе з дня заснавання. У важную справу ўключыліся адміністрацыя СВК «Астрамечава» на чале са старшынёй яго праўлення Аляксеем Скакуном, супрацоўнікі раённага Дома рамёстваў, які дзейнічае на базе мясцовага Дома культуры, прадстаўнікі іншых устаноў.

Ужо дакладна вядома, што ў XVII стагоддзі ў Астрамечаве была царква. Звесткі аб гэтым можна знайсці ў некалькіх крыніцах. У прыватнасці, ёсць яны ў трэцім томе энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», дзе сказана, што ў 1846 годзе на месцы старога драўлянага Міхайлаўскага храма ў Астрамечаве пабудавалі новую царкву з бутавага каменю і цэглы. Яе ва ўтульным аграгарадку можна ўбачыць і сёння. Яшчэ адна адметнасць старажытнай вёскі — бібліятэка імя кнігавыдаўца Ф. Паўленкова, адкрытая ў 1905 годзе. Мажліва, пэўны час «Астрамечаўскі рукапіс» знаходзіўся тут, а пасля па нейкіх прычынах (ваенныя дзеянні, уваходжанне вёскі ў састаў Польшчы) быў вывезены. Як бы там ні было, цяпер астрамечаўцы імкнуцца аднавіць гістарычную справядлівасць, і паступова ў іх гэта атрымліваецца.

Аляксандр КУРЭЦ, «БН»

(Заканчэнне будзе.)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ВЁСЦЫ Астрамечава, што ў Брэсцкім раёне, хутка споўніцца пяць вякоў. У гістарычных крыніцах яна ўпершыню ўпамінаецца пад 1516 годам і за час свайго існавання...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика