Энергетыка роднага слова
09.04.2013
—
Новости Общества
|
Лепшы настаўнік Магілёўскай вобласці выкладае беларускую мову і літаратуру. Юрый Каласоўскі з Магілёўскай гарадской гімназіі № 1 стаў пераможцам рэгіянальнага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў "Настаўнік года — 2013". Калісьці Юрый вучыўся ў хіміка-тэхналагічным тэхнікуме, дзе з цікавасцю стаў браць удзел у алімпіядах па беларускай мове і літаратуры. Таму неўзабаве прамяняў электраэнергетыку на філалогію і пасля заканчэння ўніверсітэта ўжо па новай спецыяльнасці стаў настаўнікам. У гімназіі № 1 працуе шосты год, імкнецца выхаваць у вучнях павагу да роднай мовы і літаратуры. — Гарадскія дзеці, вядома, па-за ўрокамі не размаўляюць па-беларуску, — кажа Юрый. — Але ставяцца да роднага слова прыхільна. Мне здаецца, што маладыя людзі разумеюць, што гэта каштоўнасць, якую трэба мець і ведаць. Настаўнік Каласоўскі шмат вандруе па Беларусі, і таму на сваіх уроках робіць для вучняў падарожжа ў прасторы і часе: мову і літаратуру дапаўняе цікавымі звесткамі па геаграфіі і гісторыі краіны. Юрый таксама рэдагуе гімназічную газету, дзе шмат артыкулаў менавіта на беларускай мове. Ён — актыўны сябра Таварыства беларускай мовы. Увогуле ў абласным конкурсе "Настаўнік года" бралі ўдзел 23 педагогі з розных куткоў рэгіёна. Яны правялі ўрокі ў незнаёмых класах, дэманстравалі журы свае педагагічныя прыёмы. Каласоўскаму дапамаглі стаць пераможцам курс "Магілёвазнаўства" (атрымалася віртуальная экскурсія па абласным цэнтры), а таксама выкарыстанне тэхналогіі актыўнай ацэнкі. Юрый скарыстаў польскі вопыт, калі дзеці бяруць удзел у ацэнцы сваёй працы на ўроку. — Я думаю, што самае галоўнае для настаўніка — не спыняцца да дасягнутым, развівацца разам са сваімі вучнямі, — сказаў лепшы настаўнік года ў Магілёўскай вобласці. — Тут вельмі дарэчы лацінскі афарызм "Dосеndо dіsсіmus" — навучаючы, вучымся самі. Ілона Іванова. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лепшы настаўнік Магілёўскай вобласці выкладае беларускую мову і літаратуру. Юрый Каласоўскі з Магілёўскай гарадской гімназіі № 1 стаў пераможцам рэгіянальнага... |
|