"...Куды крочаць гэтак шпарка? На паказы фірмы "Марка"!..
04.05.2013
—
Новости Общества
|
Што было — было: дзве кабеты раніцай ля студні сустрэліся: —Слухай, кумачка, ты не бачыла, хто забіў маю белую курыцу? — пытаецца адна. —І не чула, і не бачыла… І няхай не разграбае граду, якую мой мужык пад цыбулю зрабіў! Два мужыкі там жа ўвечары: —Ты чаму такі сумны?— цікавіцца першы. —Ды разумееш, сусед да жонкі маёй ходзіць. Як толькі я на рыбалку… —Во ліха!.. Дык, можа, табе на рыбалку не хадзіць? —Я спрабаваў — сядзеў дома. Але ж сэрца кроіцца: ён маю рыбу ловіць!.. Нехта з вялікіх пісаў, што гумар упрыгожвае нацыю, і пакуль яна здольная жартаваць… Патрэбны доказы? Ды колькі заўгодна, бо… У газету просты люд Шле радкі — ну чыста цуд! Чытаю: Вось вясёлым словам Вядзе атаку Кусянкова, З гарачым вершам — Гарачоў, Яму ў падтрымку — Гарбачоў. Жартуе безупынна Спадарыня Чыгрынава. А "ляпне" штосьці Гаўрыш, Ні слоўка ні прыбавіш! На дзіва "вастраслоўскія" Сталічныя Астроўскія. І ні разочку не прыціх С. Нефідовіч… А Старых… Ды ўсіх не пералічыш, Бо конкурс многіх кліча! Усе мы — дружная сям'я. Што ж, далучаюся і я. Вось з такога ўступу пачынае свой новы ліст спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў. Ад яе ж — цэлы россып жартаў-подпісаў да верхняга здымка. На "гераіню" яго вочкам кінулі? Значыць, ужо ведаеце, што ёй Справілі абноўкі, Расчасалі хвосцік… У сабак таксама Конкурс прыгажосці. Праўда, называюцца яны па-іншаму — выставамі. А ў астатнім… Тая ж дэманстрацыя знешніх даных, тыя ж узнагароджанні… І пры гэтым нават пераможцы, самыя-самыя з пародзістых, прыгожых, разумных — не разумеюць, бывае, уласнага шчасця. Горш за тое (як падслухаў спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў), скардзяцца на цяжкую долю: Ну і жыццё — сабачае: Сунуся ды плачу я: Мне б у парку пагуляць, На пянёк нагу падняць… Ды абулі во ў "педалі", Цягнуць зараз па медалі… Куды могуць яшчэ — вось такую абутую і разадзетую? Здагадка ад той жа спадарыні Гудачковай: У шаўца і ў краўца Пабыла кудлатая — Хоць сягоння да вянца! Можа, хто й пасватае? А чаму б і не, калі: Валаскі прыбраны. Добрыя манеры. І пасаг сабраны — Дзе ж вы, кавалеры? За імі, трэба разумець, справа не стане, бо (спадар Гаўрыш увагу звярнуў) ходзіць гэтая красуня не па вясковай вулцы, а па адмыслова ўкладзенай плітцы — што прыкметай вялікіх гарадоў, альбо меншых, дзе ўжо ладзіліся "Дажынкі": Шпацыруе во, балдзее — У Рагачове, на Брадвеі… І найлепшы камплімент, Калі ўсе глядзяць услед. А таму, не выключана, — нехта і пабяжыць… Альбо, як лічыць спадар Мікола Кісель з Мінска, ужо і дабегаўся: Сэрца замуж прагне… Дзякуй цёці Жанне: Не на звязку цягне, А ўжо на выданне. Зрэшты, калі замуж за любага, то, мусіць жа, з падскокам ідуць? Тут жа… Нешта не тое, як мяркуе спадар Віктар Трайкоўскі з Мінска: Да нялюбага Пірата Валакуць "дзяўчынку" сватаць… Ёй жа — лепш, каб да Атоса, Улюбёнага барбоса… Ды калі на шыі почап, Завядуць, куды захочуць. Атрымліваецца, лёс у "дзяўчынкі" зусім не зайздросны? Упэўнена ў гэтым і спадарыня Валянціна Пабягайла з Ляхавічаў, якая ад імя "гераіні" піша: Хоць прыгожа я адзета, І ў пантофліках бягу, Ні кахання мне, ні дзетак… І жыццё на ланцугу. Яно, вядома ж, не можа радаваць — нікога. А з іншага боку… І сабачку, і катку Добра жыць у горадзе: Лепш хадзіць на павадку, Чым сядзець на холадзе. Лічыць так спадарАнатоль Гарачоў з вёскі Даўнары Іўеўскага раёна. Ён жа прызнаецца, што апошні здымак яго вельмі ўразіў, нагадаў той час, калі сам быў маладым, а дзеці — маленькімі. "Як іх прыбіралі? Ды проста: амаль да года — у пялюшкі, — узгадвае спадар Анатоль. — Я сам іх спавіваў. Калі не верыце, у жонкі спытайце… А вось нарадзіўся наш першы ўнук… Не, пра памперсы дзякуючы рэкламе я нешта ведаў, а вось пра тое, што на іх надзяваецца бодзі, мяне зусім збянтэжыла. Бо немаўлятка ж тое вылузваецца, круціцца, плача… Кнопкі зашпіліць амаль немагчыма. На дзіцяці. Што ўжо казаць пра сабаку? Так што здымаю капялюш перад яго гаспадаром ці гаспадыняй", — працягвае спадар Анатоль. І рыфмаваным радком дадае: Па сучаснай ультрамодзе Апранулі сучцы бодзі І на лапы не шкарпэткі — Новамодныя пінеткі. Паглядзець было б нам люба, Каб яшчэ і соску ў зубы. "Смеху варта!" — сказаў бы люд, убачыўшы і ад душы парагатаўшы. А вось высновы зрабіў бы розныя. І сумныя, відаць, таксама. Як, напрыклад, спадар Іван Астроўскі з Мінска: Ні катка я, ні сабаку Ў сваю хату не бяру, Бо жыву як небарака: Месца — толькі камару. А, між іншым, ён, гэты камар ці не найлепшая са свойскіх жывёл, бо ні карміць яе, ні паіць, ні потым… хаваць. Што ў сталіцы таксама праблема… Як і з жыллём. А вось у Жыткавічах, мусіць, не? Бо там, калі верыць спадарыні Гудачковай (а не верыць ёй нельга): Падарылі Жучку — Ад бабулі — унучку: Аддала ўсю пенсійку За "таку малесеньку"! Што ж: яно ёсць, бываюць выпадкі, калі ніякіх грошай не шкада! Пра адзін з такіх піша спадарыня Марыя Грышчанка з Дзяржынска: Захацела Клава дужа Мець малое, Хоць без мужа… Доўга думала, гадала — Пудзелька сабе прыдбала: Хоць каштуе многа грошай, Ды як лялечка харошы! Да таго ж ён сябар, пацешка… І… прыкмета. Чаго? Ну, па-першае — стабільнасці, па-другое — дастатку, па-трэцяе — нашай прадпрымальнасці… Не верыце? Чытайце: Кажуць, цэны на адзенне Аж пад неба… Ды ці так? У мяне вось — ёсць сумненні: Прыбіраюць жа сабак? Піша, паглядзеўшы на здымак, спадар Юрый Вінаградаў з Бабруйска. І сужэнцы Астроўскія з Мінска: Бачна ўсім (што тут казаць!) "Меншы брат" — харошы: Можа дзеўка паказаць, Што не лічыць грошай. Бо мае! Адкуль? Ведае спадар Васіль Пяшэвіч з вёскі Юркавічы Жыткавіцкага раёна: Гаспадыня на рэкламах Зарабляе грошы ў крамах: Вось і зараз крочаць шпарка — Рэкламуюць тэпці "Марка". Заадно — і нагавіцы Спрэс вядомай "Мілавіцы"! Вартая гэта справа! Бо што-што, а нагавіцы вельмі патрэбныя! Усім сабакам! Навошта? Непакояць гарады Розных цюцікаў "сляды"… Хто не хоча падбіраць, — Трэба порткі апранаць І пад іх — умова — Памперс адмысловы. Нешта ёсць, згадзіцеся, у гэтай прапанове ад спадара Міхаіла Дубовіка з вёскі Арэшкавічы Бярэзінскага раёна! Бо зусім жа нядаўна мы, як той казаў, мелі няшчасце бачыць: Толькі-толькі снег растаў, — Перапуд людзей узяў: У навінах паказалі — Ўсё сабакі "абскакалі"… І адна надзея ў нас На мясцовы камунгас. Піша так спадарыня Соф'я Кусянкова з вёскі Лучын Рагачоўскага раёна. Ад яе ж і зусім не рытарычнае "чаму?" — у прыватнасці, такая несправядлівасць? Расфуфыраную сучку Цётка вывела гуляць. А як зробіць тая кучку — Дзядзька вінен прыбіраць. Так атрымліваецца? Хоць ва ўсіх цывілізаваных краінах гэта робяць самі ж "цёткі", чытай — гаспадары сабак. І мы да гэтага, мусіць, дойдзем? Пытанне толькі, калі… Зрэшты, вось тут і цяпер размова не столькі пра гэта… Колькі — Ну й прыбралі ж Муху, Быццам маладуху! Аж зайздросна стала мне, Што не ў гэткім жупане! І пантофлі — проста цуд, На замках-ліпучках! Мусіць, грошай трэба пуд На такія штучкі? — цікавіцца спадарыня Ніна Бурко з вёскі Капланцы Бярэзінскага раёна. Спадара ж Мікалая Старых з Гомеля даймае пытанне, навошта ўсё гэта? Нахалеру на сабак Надзяваць штаны і фрак? Ад марозу-снегу ёсць У жывёл густая поўсць. І не варта спрабаваць Іх у тэпці абуваць. Бо абутак — без маны — Ім, як вязням кайданы. "Здымак, — піша Любоў Чыгрынава з вёскі Забалацце Вілейскага раёна, — нагадаў мне далёкае маленства. Да двух гадоў я расла ў зямлянцы. Ды і потым сядзела на печы, бо не было чаго ні апрануць, ні абуць… І вось аднойчы мой брат (ён з 14 гадоў працаваў трактарыстам) закінуў мне на печ… лапцік! Ды такі ж маленечкі, такі прыгожы! Радасць была неймаверная! Я налюбавацца не магла: надзену яго на левую ножку, потым на правую… Карацей — нагулялася, а вось на вуліцу так і не выйшла, бо… адзін. А тут, бач, абуты сабачка! Аж чатыры "лапцікі" на ім!.." Ці шчаслівы ад гэтага — і сам, і яго гаспадыня? Ёсць пытанне ў спадарыні Чыгрынавай, значыць, ёсць і адказ: Атрымала бабка Дарка Раз на век гуманітарку. Ды ўсунулі ў нагрузку Ёй вось гэту карапузку… На думку спадара Аляксандра Матошкі з Расонаў, яна, гэтая "карапузка" ідзе цяпер ды разважае: У мяне, як у людзей, Вопратка прыгожая!.. Хай бы ўсіх сабак часцей Апраналі ў гожае. Можа, я знайшла б тады Жаніха па густу. З голых жа, ці з галаты — Сорам ды распуста. З таго ж канверта: У сабак не роўна доля, Гэтай вось пашанцавала: Ёсць апратка, ежа, воля, Свой пакойчык… Ці ж замала?! Людзі часам горш жывуць, Ды, прабачце, недарэчы Лёс сабачы раўнаваць Не з авечым… З чалавечым! Пра яго, пра той лёс (дзе жаночы, дзе мужчынскі), разважае і спадар Альфрэд Тычко з вёскі Ідолта Мёрскага раёна: "Многія людзі, асабліва жанчыны, — піша ён, — імкнуцца цяпер не адстаць ад суседзяў, ад знаёмых, а то і пераплюнуць іх. Яны не гадуюць дзяцей, а заводзяць модныя пароды катоў, сабак ці нават змей ды кракадзілаў". Адкуль і радкі: Маладосць — уся ў забавах, У любові да сябе: Дзень у Светы, ноч у Славы — Весялосць крыніцай б'е! А затым… Замест унучак Ці ўнукаў (іх не маюць) У найноўшыя мадэлі Сваіх сучак апранаюць. Пра тое ж піша і Сцяпан Нефідовіч з вёскі Любань, што на Лунінеччыне: Мяняла колісь мужыкоў… Самотнай стала, небарака. Цяпер, на старасці гадоў, Хай будзе ўцехай хоць сабака! З ім прасцей, як разважае і спадарыня Грышчанка: Ясь гадуе двух сынкоў, Стас — выключна шчанюкоў. І па ветры нос трымае — Ў буціках іх апранае… Што ж, сабакі — не сыны, Не адкажуць непадзякай. Ды й адказнасці ніякай… Нейкая доля праўды ў гэтым, згадзіцеся, ёсць… Куды больш яе ў радках спадарыні Раісы Васільевай з Гомеля: Не патрэбны многім дзеці — З імі клопат будзеш меці… А сабачку як прыдбаеш, Толькі й ведай, што гуляеш. …Як такое павядзецца, То і люд перавядзецца. З кім тады сабакам жыць? Хто ім будзе порткі шыць? Гэта — падстава для роздуму. Вось на ёй і завершым чарговы агляд. Застаецца хіба падзякаваць усім за працу, папрасіць прабачэння ў тых, каго міжволі пакрыўдзілі… Як і ў тых, чые радкі не змясцілі (дарэчы, самая тыповая памылка: у беларускай мове ёсць слова кабель, але няма кабель. Няма і слоў пёс, пёсик…). І, нарэшце, трэба паведаміць, што найлепшыя варыянты подпісу да папярэдняга здымка (на ім, нагадаем, былі дзяўчынкі на прыступках ЗАГСа), па меркаванні вялікага чытацкага журы, даслалі спадарыні Грышчанка з Дзяржынска, Гудачкова з Жыткавічаў, Тарасік з Мінска, Дубік з Барысава, спадары Яцкевіч з Пружаншчыны, Дубовік з Бярэзіншчыны. Спадары ж Гаўрыш з Чавусаў і Гарачоў з Іўеўшчыны набралі аднолькавую колькасць балаў. Таму журы маленькае рэдакцыйнае, добра такі паспрачаўшыся, прысудзіла прыз (у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам "Звязду") спадаруГарачову. Хочаце, каб вам? Пішыце. Здымак, як заўжды, дадаецца. Умовы ранейшыя: коратка (не больш за восем радкоў у варыянце, колькасць якіх не абмяжоўваецца), дасціпна, разборліва, па-беларуску. Загадзя ўдзячныя! Валянціна ДОЎНАР, Фота Анатоля КЛЕШЧУКА. Ад іх жа і ад нашага слыннага земляка Фёдара Дастаеўскага парада: "Калі хочаце разгледзець чалавека і спазнаць яго душу, то ўнікайце не ў тое, як ён маўчыць, альбо як ён гаворыць, альбо як ён плача, альбо як ён хварэе за высакародныя ідэі, а глядзіце на яго, калі ён смяецца. Хораша смяецца чалавек, значыць, чалавек харошы". Гэта мы пра вас — пра ўсіх, хто далучыўся да нашага конкурсу, пра ўсіх, хто яшчэ далучыцца. Вызначыла пераможцу і рэдакцыя "Вожыка". Ім (а значыць, чытачом часопіса ў чэрвені) стаў спадар Дубовік з БярэзіншчыныЧтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што было — было: дзве кабеты раніцай ля студні сустрэліся: —Слухай, кумачка, ты не бачыла, хто забіў маю белую курыцу? — пытаецца адна. —І не чула, і не бачыла… І...
|
|