Навошта халадцу вішнёвая галінка.... 21.by

Навошта халадцу вішнёвая галінка...

22.05.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

«Каб зацікавіць чытача кулінарнай рубрыкай, зрабіць яе не падобнай на іншыя, трэба, на мой погляд, не толькі расказваць аб працэсе гатавання і складальніках стравы, але даносіць гісторыю яе стварэння, прычым, даносіць з мастацкай выдумкай, з гумарам. Нашы беларусы, асабліва ў глыбінцы, гэткія выдумшчыкі: з нічога прыдумаюць небыліцу і прыгатуюць абед», — піша Зоя ГАРБАЧОВА з Кармы.

— Мы з мужам разам ужо 33 гады, — распавядае яна. — Пражываем у сціплым доме, трымаем невялікую гаспадарку — курэй, качак, трусоў. Ёсць агарод, дары якога восенню закладваем у слоікі, солім, квасім, ласуемся самі і частуем знаёмых. Вось, напрыклад, такой салатай.

Для прыгатавання салаты «Фасолька» спатрэбіцца ўсё, што за лета ў агародзе вырасла, ды яшчэ лясных дароў крышачку ў выглядзе грыбоў: сушаных, свежых адвараных ці марынаваных. Зварыце шклянку фасолі, пяток бульбін, дзве-тры морквы. Адвараную агародніну дробна парэжце, можна маленькімі кубікамі, а можна танюсенька настругаць. Змяшайце фасоль, крышаную агародніну, дадайце пару парэзаных марынаваных альбо салёных агуркоў, здробненую сырую цыбуліну, нашаткаваных грыбоў, пасаліце, запраўце алеем і абавязкова дайце страве «аддыхнуць» хвілін дваццаць. А потым — за лыжкі ды і за справу!

Я вельмі люблю размаўляць са старымі вясковымі жанчынамі. У іх заўсёды ёсць чаму павучыцца. Аднойчы цётка Наста (па-вясковаму Піліпіха, мужа Піліпам звалі), якая размяняла дзявяты дзясятак гадкоў, падзялілася са мной рэцэптам прыгатавання халадца з гусяціны. Мы назвалі страву «Халадзец па-струменьску». (Струмень — гэта вёска, прыгожая, вялікая, з працавітымі людзьмі, якая красавалася да чарнобыльскай аварыі на беразе ракі Сож, зараз вёску пахавалі).

Звычайна ў двары, дзе трымаюць гусей, б’юць адразу некалькі птушак. Валэндацца трэба палову дня што з адной, што з дзвюма. Дык вось, трэба ўзяць крылы, шыйкі, лапкі, галовы, а яшчэ вантроб’е і скласці ўсё гэта ў пасудзіну, заліць вадой, каб яна пакрывала кавалачкі гусяціны на 2—3 пальцы зверху, дадаць крыху падпечаную на сухой патэльні цэлую моркву (падпечаная, яна надае страве грыбны смак), цыбуліну ў шалупінні (для насычанага колеру), соль, перац на смак, лаўровы ліст і абавязкова гусіныя кішкі, якія перад гэтым старанна прамываюцца, потым намотваюцца на вішнёвыя пруцікі. Варыцца, ці як кажа Піліпіха, «смягне» страва у печы 3—4 гадзіны, пакуль мяса не адстане ад костачак. Разліваюць халадзец у глыбокія гліняныя місачкі, дадаўшы туды здробнены часнок, ставяць на холад. Падаюць з варанай ці печанай у лупіне гарачай бульбай альбо з хлебам, а яшчэ з хрэнам.

Не ведаю, якую ролю ў страве адыгрываюць кішкі з вішнёвымі галінкамі, але Піліпіха настойліва сцвярджала, што менавіта яны надаюць страве асаблівы смак.

А вы, сябры, чым звычайна гасцей здзіўляеце? Падзяліцеся кулінарнымі сакрэтамі!

Ну а для гаспадыні Зоі Гарбачовай мы адпраўляем па пошце спецыяльны сувенір. Усім — смачна есці!

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зоя Гарбачова з Кармы падзялілася рэцэптам салаты і халадца
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика