«У выставе ў Парыжы прымаў удзел селянін, які карыстаецца беларускім трактарам на працягу 30 гадоў»
24.07.2013
—
Новости Общества
|
ДЛЯ былога міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі дыпламатычная праца ў рангу Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі — справа добра знаёмая. Адзін час ён выконваў падобныя абавязкі ў Польшчы. І на той пасадзе яму ўдалося зрабіць шмат карыснага для развіцця ўзаемаадносін паміж краінамі-суседкамі. Дастаткова адзначыць, што менавіта яго намаганнямі ў Варшаве адкрыўся першы ў Еўропе Культурны цэнтр Беларусі. І калі ў лістападзе мінулага года Павел Паўлавіч быў прызначаны паслом у Францыю, да працы прыступіў з ранейшай энергіяй і шэрагам ідэй. І вось адзін з вынікаў гэтай дзейнасці — Беларусь упершыню за многія гады нарэшце змагла паўдзельнічаць у буйнейшай сельскагаспадарчай выставе Францыі Sima-2013. Аб тым, што зроблена за паўгода і што яшчэ трэба будзе зрабіць, і паведаміў у эксклюзіўнай размове з карэспандэнтам «БН» Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі Павел ЛАТУШКА.
— Павел Паўлавіч, галоўная задача Пасольства Беларусі ў Францыі, якую перад ім ставіць дзяржава і яе кіраўнік, — актывізацыя эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі. Той аб’ём таваразвароту паміж Беларуссю і Францыяй, які маем сёння — 500 мільёнаў долараў ЗША, — не можа задавальняць ні адзін, ні другі бок. У чым бачыце рэзервы росту ўзаемнага таваразвароту? — Зразумела, што для дыпламатычнай місіі Беларусі ў Парыжы прыарытэтным з’яўляецца развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Францыя — другая, пасля Германіі, эканоміка і другі інвестар у ЕС. І той патэнцыял, які мае ў развіцці эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю, канешне, не выкарыстаны. Калі мы паглядзім на нашых беларускіх партнёраў у той жа Еўропе, то з імі маем значна большы гандлёвы тавараабарот — і з Германіяй, і з Польшчай і з Літвой, і з Латвіяй... Перакананы, калі мы зразумеем — як дзве краіны, — што гэта галоўны прыарытэт нашых узаемаадносін, то і атрымаем больш значны вынік у гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Сёння Пасольства працуе над тым, каб вярнуцца да ўзроўню эканамічных адносін дакрызіснага перыяду, да 2008 года, калі ён склаў 650 мільёнаў долараў. Трэба адзначыць, што, па-першае, нас не задавальняе беларускі экспарт. Толькі ў мінулым годзе мы прадалі беларускай прадукцыі на суму каля 100 мільёнаў долараў. Недастаткова. Але магу канстатаваць і рост гандлёвага таваразвароту — за гэты год вырас на 27 працэнтаў, беларускі экспарт — на 40 працэнтаў. Галоўнае для нас — дыверсіфікаваць беларускі экспарт у Францыю. Каб у гэтым экспарце з’явілася складанатэхнічная прадукцыя, якая рэальна можа тут мець попыт. У гэтым годзе мы адзначаем, што ў беларускім экспарце ў Францыю з’явілася 38 новых пазіцый. Гэта прадукцыя МТЗ, халадзільнае абсталяванне і гэтак далей. Што датычыцца МТЗ, то прадпрыемства падпісала камерцыйны кантракт і заключыла дылерскае пагадненне з французскай кампаніяй, якая, дарэчы, у верасні гэтага года плануе за 100 кіламетраў ад Парыжа адкрыць свой гандлёва-эканамічны цэнтр. Ён, можна спадзявацца, стане першым гандлёвым домам Беларусі ў Францыі. Прычым гэта кампанія зацікаўлена прадаваць не толькі беларускія трактары на французскім рынку, але і іншую нашу прадукцыю. — Ведаю, што таксама вы актыўна працуеце над арганізацыяй продажу тэхнікі БелАЗ на рынку Францыі... — Пасля шэрагу перамоваў з буйнейшымі французскімі кампаніямі ёсць спадзяванні, што яны завершацца ў будучым кантрактамі. Перакананы, што ёсць перспектывы пастаўкі тэхнікі вытворчасці МАЗ — аўтобусаў — на французскі рынак. Але тут і нашым вытворцам трэба быць больш актыўнымі і, па прыкладу МТЗ, удзельнічаць у буйных еўрапейскіх выставах. Мы, са свайго боку, будзем стымуляваць МАЗ прыняць удзел у буйнейшай транспартнай выставе — яна адбудзецца ў наступным годзе ў Францыі. — Нельга ў нашай размове абысці той значны факт, што дзякуючы намаганням беларускага Пасольства ў юбілейнай, 75-й, Міжнароднай аграпрамысловай выставе Sima-2013, што прайшла ў лютым у Парыжы, упершыню прымалі ўдзел беларускія прадпрыемствы. Гэта адна з найбуйнейшых у свеце дэманстрацый апошніх навінак і дасягненняў у вобласці сельскай гаспадаркі... — Хацеў перш за ўсё адзначыць, што ўвогуле беларускі стэнд меў вялікую зацікаўленасць з боку наведвальнікаў гэтай выставы. Міністр сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці Францыі Стэфан Ле Фоль наведаў нашу прэзентацыю — там была, напрыклад, прадстаўлена беларуская трактарная тэхніка. Французскі рынак — досыць перспектыўны для паставак сельгастэхнікі: штогадовыя закупы трактароў з-за мяжы дасягаюць 35 тысяч адзінак. — А якія рэальныя вынікі ўдзелу беларусаў у Sima-2013? — Па выніках выставы нават было пададзена каля 150 патэнцыяльных заявак на набыццё нашай тэхнікі. Мы ўжо пачалі пастаўкі малых трактароў Бабруйскага трактарнага завода, зараз ідуць перамовы па пастаўках іншай гамы трактароў МТЗ. Сімвалічна тое, што мы вярнуліся на французскі рынак пасля 20-гадовага перапынку. Дарэчы, у савецкія часы прадавалася тут каля 2—3 тысяч трактароў штогод. Патэнцыяльна нашу тэхніку ведаюць, памятаюць. І прыкладам гэтага з’явіўся той факт, што ў выставе ў Парыжы прымаў удзел селянін, які карыстаецца беларускім трактарам на працягу 30 (!) гадоў. Адзін з самых галоўных вынікаў выставы для Беларусі — падчас сустрэчы з міністрам сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці Францыі Стэфанам Ле Фолем і першым намеснікам міністра прамысловасці нашай краіны Іванам Дземідовічам з удзелам прадстаўнікоў Пасольства абмеркавана прапанова стварыць сумесную беларуска-французскую рабочую групу па развіцці супрацоўніцтва ў вобласці сельскай гаспадаркі. Францыя — краіна нумар адзін у Еўропе па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. І канешне, мне падаецца, што з беларускага боку досвед французскіх аграрыяў будзе карысным, і мы змаглі б выкарыстаць яго пры развіцці галіны сельскай гаспадаркі Беларусі. — Павел Паўлавіч, ці можам мы ўжо сёння думаць пра пастаўкі нашай сельскагаспадарчай прадукцыі на французскі рынак? — Мы павінны думаць пра гэта і рабіць крокі ў гэтым напрамку. Ён даволі вялікі і перспектыўны. Удумайцеся: толькі ў Францыі жыве 65 мільёнаў чалавек. Плюс Францыю наведвае велізарная колькасць турыстаў. Толькі ў мінулым годзе Парыж наведалі 84 мільёны чалавек. Так што патэнцыяльна яна мае попыт і на сельскагаспадарчую прадукцыю. І калі сумесная беларуска-французская рабочая група будзе створана, то ў нашым экспарце таварнай наменклатуры абавязкова з’явіцца і прадукцыя вытворчасці Беларусі. — Што ахвотна купляюць у нас французы сёння? — Ну хаця б жабіны лапкі. Мы іх пастаўляем на мясцовы рынак. Нашы грыбы таксама там запатрабаваны... — Прэзентацыя эканомікі і інвестыцыйных магчымасцей Беларусі, што прайшла ў чэрвені ў Парыжы з удзелам нашых міністра фінансаў Андрэя Харкаўца і міністра эканомікі Мікалая Снапкова, па адзнаках французскага боку, была паспяховай і дала магчымасць пазнаёміцца з умовамі вядзення бізнесу ў Беларусі, у цэлым з інвестыцыйным патэнцыялам краіны. А ці ёсць канкрэтныя вынікі? — Прэзентацыя мела вялі- кую зацікаўленасць з боку прадстаўнікоў французскага бізнесу. Спектр размоў быў шырокі — ад сумеснага выкарыстання спадарожнікавых тэхналогій да стварэння сумеснымі намаганнямі сеткі грамадскага харчавання. Ужо той факт, што ў прэзентацыі ўдзельнічалі больш за 30 прадстаўнікоў бізнес- аб’яднання «Рух прадпрыемстваў Францыі», гаворыць аб паспяховасці мерапрыемства, арганізаванага пры актыўным садзейнічанні міністэрстваў знешніх спраў і эканомікі Францыі і Беларусі, пасольстваў дзвюх краін. Прывяду такую лічбу: агульны абарот французскіх кампаній, якія прынялі ўдзел у гэтым форуме, у мінулым годзе склаў больш за 429 мільярдаў еўра. Яны патэнцыяльна зацікаўленыя ў развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю. У працэсе прэзентацыі знайшлі ўзаемапаразуменне па пытаннях выдачы крэдытных рэсурсаў для рэалізацыі шэрагу эканамічных і інвестпраектаў у Беларусі. Можна адзначыць такі факт — кіраўнікі ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» і ААТ «Слуцкі цукроварафінадны камбінат» ужо вядуць перамовы з французскімі фірмамі наконт мадэрнізацыі прамысловых магутнасцей беларускіх прадпрыемстваў цукровай галіны з выкарыстаннем сучасных французскіх тэхналогій і абсталявання. Зразумела, мы наўрад ці можам спадзявацца, што заўтра мільярды еўра пойдуць у эканоміку Беларусі, але сам факт зацікаўленасці з боку буйных кампаній супрацоўніцтвам з нашай дзяржавай стварае таксама патэнцыяльную магчымасць атрымаць у перспектыве канкрэтныя вынікі і канкрэтныя праекты. Цікава, што тэматыка тычылася і сельскай гаспадаркі, і адна з кампаній — лідараў па стварэнні абсталявання для апрацоўкі лёну зацікаўлена ў інвеставанні ў Беларусь і стварэнні вытворчасці адпаведнай тэхнікі сумесна з нашымі партнёрамі. Упэўнены: калі мы будзем працаваць сістэмна, будзе і вынік. — Пасольства таксама плануе на працягу 2013— 2014 гадоў правесці прэзентацыю беларускай эканомікі, інвестыцыйных магчымасцей Беларусі ва ўсіх буйнейшых французскіх гарадах. — У гэтым годзе зарэгістраваны беларуска-французскі дзелавы клуб, які аб’яднаў прадпрымальнікаў дзвюх краін. Зарэгістраваны ў Парыжы, а прадстаўніцтва клуба створана ў Мінску. Менавіта на базе гэтага клуба ў бліжэйшыя некалькі гадоў можа быць створана беларуска-французская гандлёва-прамысловая палата. Гэта таксама будзе дадатковым інструментам актывізацыі супрацоўніцтва. — Урад Францыі прыняў рашэнне аб прадстаўленні страхавога пакрыцця на рэалізацыю праекта будаў- ніцтва бальніцы ў Мінску. Будаўніцтва плануе ажыццявіць французская кампанія «Буіг» з прыцягненнем крэдытных рэсурсаў шэрагу вядучых французскіх банкаў. Гэты праект сапраўды можа стаць адным з ключавых беларуска-французскіх праектаў за апошнія гады? — Сапраўды, гэты праект здольны стымуляваць уплыў у перспектыве на пашырэнне беларуска-французскага эканамічнага супрацоўніцтва. Распрацоўваецца ён на працягу некалькіх гадоў. І знаходзіцца на канчатковай стадыі прыняцця рашэння. На мой погляд, праект, які таксама падтрымалі ўрадавыя структуры Францыі, можа стаць сапраўдным флагманам, які актывізуе большую зацікаўленасць французскіх кампаній у супрацоўніцтве з Беларуссю. І гэта вельмі важны фактар нашых узаемаадносін, паколькі прадэманструе і дасць магчымасць ісці і іншым кампаніям гэтым жа шляхам. — І апошняе пытанне. Павел Паўлавіч, вы яшчэ прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Амбасадарам Беларусі ў Каралеўстве Іспанія і Партугальскай Рэспубліцы па сумяшчальніцтве. Адпаведны ўказ кіраўнік дзяржавы падпісаў 20 мая. Ёсць нейкія планы, цікавыя задумкі па працы ў гэтых краінах? — Справа ў тым, што крызісныя моманты, якія існуюць зараз у іспанскай гаспадарцы, фактычна стымулююць большую зацікаўленасць з боку іспанскага бізнесу ў актывізацыі гандлёва-эканаміч- ных адносін. Мы дамовіліся з канфедэрацыяй прадпрымальнікаў Іспаніі правесці восенню гэтага года прэзентацыю эканамічных магчымасцей супрацоўніцтва з Беларуссю. Таксама падчас сустрэчы ў гандлёва-прамысловай палаце г. Мадрыда іспанскі бок выказаў пазіцыю ў тым, што яны гатовы рэанімаваць пагадненне з БелГПП і правесці з удзелам Пасольства Беларусі сустрэчу з дзелавымі коламі Мадрыда. А ў перспектыве арганізаваць візіт дзелавых колаў у Беларусь. Зразумела, кожная краіна хоча прадаць сваю прадукцыю. Мы — сваю на іспанскі рынак, а іспанцы — на наш. Але на гэтым скрыжаванні інтарэсаў заўсёды можна атрымаць карысныя і станоўчыя вынікі і для аднаго, і для другога боку. Іспанская эканоміка — 5-я эканоміка ЕС. Таму патэнцыял нашага супрацоўніцтва вельмі значны. У Іспаніі мы можам знайсці ўзаемны карысны інтарэс дзеля таго, каб атрымаць інвестыцыі з гэтай краіны для рэалізацыі нашых праектаў па мадэрнізацыі беларускай эканомікі. P.S. Пра цікавыя культурныя праекты — у наступнай частцы інтэрв’ю. Анжаліка МІЛЬТО, «БН» Фота Паўла ЧУЙКО, «БН» (Заканчэнне будзе.) Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ДЛЯ былога міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі дыпламатычная праца ў рангу Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі — справа добра знаёмая. Адзін час ён...
|
|