«Маёй жонцы, швейцарцы, вельмі падабаецца наша краіна». 21.by

«Маёй жонцы, швейцарцы, вельмі падабаецца наша краіна»

25.07.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Прадстаўнікі беларускіх дыяспар за мяжой абмяркоўвалі найбольш важныя пытанні для суайчыннікаў. У іх ліку — ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа і іх культурнай спадчыны. У дзелавых спрэчках прыняў удзел прэзідэнт Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі Аляксандр САПЕГА (г. Берн). Бабруйчаніна, які ўжо сем гадоў запар жыве ў Швейцарскай Канфедэрацыі, можна назваць першаадкрывальнікам «беларускай» Швейцарыі. Арганізацыя, якую ўзначальвае Аляксандр Сапега, адна з самых маладых у беларускім руху свету. Што падштурхнула аб’яднацца прадстаўнікоў адной культуры і мовы ў далёкіх Альпах, ен расказаў у інтэрв’ю карэспандэнту «БН».

— Аляксандр, адразу прабачце за смелае пытанне, але няўжо вы нашчадак з магнацкага роду Сапегаў?

— Я кажу, што не, хаця дакладна і не ведаю, таму што генеалагічнае дрэва дэталёва не раскопваў. У вёсцы Пясцова Кіраўскага раёна, адкуль родам мой бацька, амаль што ў кожнай хаце жылі Сапегі. Таму будзем лічыць, што я проста цёзка. Знакамітым прозвішчам не карыстаюся. Лічу сябе ў меру мэтанакіраваным, каб зрабіць сабе імя, а не задаволіцца славай кагосьці.

— А на малой радзіме, у Бабруйску, часта даводзіцца бываць?

— Я настолькі люблю нашу краіну, што прыязджаю з сям’ёй сюды па чатыры разы на год. У мяне ўсе родныя ў Бабруйску, іншых гарадах Беларусі. У маёй жонкі ёсць віза на год, і яна, хоць і швейцарка, ездзіць сама, без мяне, у Беларусь, бавіць тут свой вольны час на вакацыях. Ёй вельмі падабаецца наша краіна. Мабыць, аўтэнтычнасць беларускай культуры вымушае ездзіць менавіта сюды, а не разменьвацца, скажам, на Тайланд.

— У гэты раз вы прыехалі ў Мінск як дэлегат на з’езд беларусаў свету. Ці змаглі вырашыць тут нейкія пытанні ў інтарэсах Асацыяцыі?

— На форум прыехаў па падказцы сяброў-беларусаў з Польшчы. Сход з’явіўся цікавай пляцоўкай: як пачарпнуць вопыт, завязаць кантакты. Пад час візіту ўдалося наведаць Клічаў, там шматдзетныя сем’і, дзіцячыя дамы і прытулкі. Магчыма, завяжацца супрацоўніцства. Адно са скіраванняў дзейнасці Асацыяцыі — дабрачыннасць. Мы ўжо пасябравалі з дзіцячым домам у Бабруйску. За свой кошт вазілі дзетак у Мінскі дэльфінарый, цырк, кіно. Спрабавалі працаваць з гуманітарнай дапамогай, але пакуль стасункі не складваюцца: трэба пераадольваць пэўныя бюракратычныя моманты.

— Ваша арганізацыя маладая. Ёй усяго год, а ў вас ужо ёсць праекты, звязаныя з малой радзімай. Цікава, як стваралася беларуская грамада ў Швейцарыі?

— У Швейцарыі для мяне было вельмі цяжка знайсці суайчыннікаў. Не было і нейкага аб’яднаўчага руху, каб кантакты паміж беларусамі, якія пражываюць у Канфедэрацыі, мацнелі. Мы сабралі ўсе адзін аднаго, хто ведае, зрабілі агульны сход і вырашылі дзейнічаць, каб проста згуртавацца і як-ніяк падтрымліваць сувязь з радзімай.

Наша Асацыяцыя — арганізацыя канфесійна нейтральная, непалітычная і некамерцыйная. Яе ўдзельнікі не толькі беларусы, а таксама швейцарцы, якія маюць хаця б ускосныя адносіны да Беларусі, нашай культуры і вартасцяў. Часцей за ўсё прыходзяць сем’ямі. Да нас прымыкаюць людзі з Украіны, Расіі, якім падабаецца прымаць удзел у нашых мерапрыемствах. Мы скіроўваемся на падтрымку беларусаў і суайчыннікаў у псіхалагічна-сацыяльнай адаптацыі, на падтрымку ідэнтычнасці беларусаў, традыцый.

Рэалізацыя ідэй ёсць. Мы арганізавалі і правялі масавыя абрадавыя святы — Масленіцу, Купалле, праводзілі тэматычныя фотавыставы. 6 верасня ў Пасольстве Беларусі ў Швейцарыі мы адзначым Дзень беларускага пісьменства. Нашы дзеці будуць пісаць дыктоўку на беларускай мове. Дарэчы, мы вельмі ўдзячныя, што Пасольства дапамагае нам. Яны не толькі дармова прадстаўляюць нам памяшканне, але і самі ідуць на кантакт.

— Дзякуючы вашай арганізацыі аб Беларусі ведаюць і ў еўрапейскай Швейцарыі?

— Адна з нашых мэт — знаходзіць прыхільнікаў беларускасці і беларускага, зрабіць крэпкую суполку, каб збірацца разам і размаўляць нават калі і не па-беларуску, то хаця б па-руску. Нашы дзеці, якія нарадзіліся ў Швейцарыі, у асноўным гавораць на мове краіны, дзе яны жывуць. А гэта можа быць і французская, і італьянская, і нямецкая мовы. І ў меншай ступені карыстаюцца дзеці рускай ці беларускай мовай. Калі мы збіраемся разам, то яны чуюць роднае слова, гуляюць з беларускімі цацкамі і ў традыцыйныя народныя гульні. Іх ужо не патрэбна пераконваць у нейкай сваёй самыбытнасці.

Пакуль наша Асацыяцыя беларусаў адзіная ў Швейцарыі. Спадзяюся, што будзе адкрывацца больш арганізацый, якія будуць працаваць у гэтым накірунку і рабіць нам канкурэнцыю. Не вельмі люблю статыстыку, але на 2012 год, па рэгістрацыі міграцыйнай службы, у Швейцарыі жыве 2,5 тысячы беларусаў.

P.S.

Вынікам працы VI з’езду беларусаў стала ўмацаванне дзелавых кантактаў паміж дыяспарамі беларусаў замежжа. Свае прапановы па паляпшэнню стасункаў дыяспар з метраполяй удзельнікі сфармулявалі ў выніковай рэзалюцыі форуму.

Таццяна УСКОВА, «БН»

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прадстаўнікі беларускіх дыяспар за мяжой абмяркоўвалі найбольш важныя пытанні для суайчыннікаў. У іх ліку — ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика