Штэкер, альбо Як дзед Аўхім асвойваў мабільнік
17.08.2013
—
Новости Общества
|
Інструктаж правёў Аляксей, Насцін муж: — Калі трэба патэлефанаваць, можна набраць нумар. — Як гэта? — здзівіўся Аўхім. — А вось як. Націскаеш на верхнюю кнопку справа — з’яўляецца тэлефонная кніга. Спачатку наш нумар, потым — іншыя. А злева вось такая птушачка… — вучыў зяць. Аўхім разглядаў тоўсценькую трубку ў скураным футляры. Уверсе злева тырчала кароткая антэна. “Як рожкі ў слімака”, — падумаў Аўхім, але не сказаў, каб Насця с Алёшкам не пакрыўдзіліся. Грубаватым пальцам дзед асцярожна націснуў чырвоную кнопку — экран засвяціўся… Потым з’явілася прывітанне — апарацік вітаў гаспадара, яшчэ пазней — лічбы. — Ну, трэба ж, усё ведае: і які сёння дзень, і колькі часу! — дзівіўся Аўхім. — Потым мяне навучыш, — падала голас жонка Прося. — Ага, цябе навучы! Будзеш потым па гадзіне балбатаць. А хто плаціць будзе? — О, добра, што ўспомнілі, — ажывіўся Аляксей. — Аплата робіцца вось так… Потым ён вучыў Аўхіма, як тэлефон уключаць на падзарадку: — Вось гэтую “лапатачку” — у тэлефон. А штэкер — у разетку. Загарыцца чырвоная лямпачка. Калі перастане гарэць, значыць, мабільнік зарадзіўся. “Эсэмэскі” пасылаць потым навучу. Адразу ўсяго не запомніце… З гэтага часу Аўхімава жыццё перайначылася. Што і дзе ён ні рабіў бы, у кішэні цялёпкаўся мабільнік. Але аднойчы дзеда чакала неспадзяваная прыгода. Выцягнуў Аўхім з шуфляды зарадную прыладу, паднёс да разеткі… Што за ліха? Замест штэпсельнай вілкі штэкера тырчалі дзве металічныя пласцінкі. У разеткі іх не ўсунеш. Аўхім перавярнуў усе шуфляды, шафы, але прапажы не знайшоў. Давялося ісці да суседа. Грышка зірнуў на штэкер і ўсміхнуўся: — Пайшлі. Знойдзем твой штэкер: у лес не збег. У якую разетку ўключаў мабільнік? — Не памятаю. Ці то ў зале, ці то ў кухні… Сусед агледзеў усе разеткі. — Вось твой штэкер, — у разетцы каля канапы тырчаў белы наканечнік з вілкаю. — Трымай і не губляй. Узрадаваны Аўхім выцягнуў штэкер, уткнуў яго ў провад з пласцінамі, падключыў мабільнік. Той радасна заміргаў чырвоным святлом. — Дзякуй, Грышка! Можа, таго… — Аўхім пстрыкнуў сябе па шыі. — Ідзі гаспадарку даглядай, — буркатнула Прося. — Добра, сусед, ідзі. Наступным разам… — гучна сказаў Аўхім, а Грышку шапнуў: — Я пазваню… Хвілін праз пяць Аўхім дастаў прыхаваную ў дрывотні паўлітэрку і націснуў на мабільніку супраць слова “Грышка” зялёную кнопку: — Сусед, чакаю!.. Мабільнік — цуд наукова-тэхнічнага прагрэсу — трэба было тэрмінова замачыць, а добрасуседскія стасункі — падзарадзіць. Ну, ці наадварот. Галоўнае, што дзед Аўхім асвоіў мабільнік… Леанід ЛЕВАНОВІЧ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Інструктаж правёў Аляксей, Насцін муж:— Калі трэба патэлефанаваць, можна набраць нумар.— Як гэта? — здзівіўся Аўхім.— А вось як. Націскаеш на верхнюю...
|
|